Кітайскі каляндар — гэта не проста цыкл з дванаццаццю жывёламі, а цэлая сістэма вераванняў. Гады, названыя ў гонар розных жывёл, сталі неад’емнай часткай сусветнай культуры, а іх гісторыя бярэ пачатак у старажытным Кітаі.
PALATNO разбіраецца ў кітайскім календары, які праклаў шлях да нас праз стагоддзі.
Дванаццаць жывёл кітайскага Задыяка
Каляндар з жывёламі на кожны год выкарыстоўваецца ў Азіі, найбольш папулярны — у Кітаі. Гісторыя з’яўлення календара ахутаная міфамі і легендамі. У самай папулярнай легендзе расказваецца, што жывёлаў для календара абраў Нефрытавы Імператар. Гэта бажаство загадала жывёлам удзельнічаць у гонцы, а тыя, хто прыйшлі першымі дванаццатымі і сталі сімваламі календара.
Парадак і жывёлы, якія прадстаўляюць гады ў кітайскім календары:
- Пацук
- Вол
- Тыгр
- Трус
- Цмок
- Змяя
- Конь
- Авечка
- Макака
- Певень
- Сабака
- Свіння
А што там за гонка была? Пацук прыйшоў першым, бо падманам праехаў на спіне Вала і саскочыў з яго перад фінішам. Вол фінішаваў, адпаведна, другім. Тыгр прыбег трэцім, бо яму было цяжка пераадоліць раку. Трус скарыстаўся плывучым дрэвам і змог пераскочыць праз раку, але прыйшоў чацвёртым. На пятым месцы аказаўся Цмок, але ён спыніўся, каб дапамагчы іншым. На шостым месцы была Змяя, якая скарысталася хвастом Каня. Конь прыйшоў сёмым. Авечка, Макака і Певень дапамагалі адзін аднаму пераплысці раку, таму прыбылі разам. Сабака быў выдатным плыўцом, але затрымаўся, каб пагуляцца ў вадзе. Свіння прыбегла апошняй, бо была галоднай і рабіла перапынкі, каб паесці.
Кожная жывёла мае пэўныя характарыстыкі. Да прыкладу, пацукі — разумныя і амбіцыйныя, цмокі — магутныя і ўпэўненыя, змеі — мудрыя і загадкавыя.
Хто выкарыстоўвае гэты каляндар
Акрамя Кітая падобны каляндар выкарыстоўваецца ў Японіі, Карэі, В’етнаме з невялікімі адрозненнямі (да прыкладу, у В’етнаме замест Труса ёсць Кот). Для азіяцкіх краін падобны каляндар мае значнае культурнае значэнне.
Кітайскі каляндар стаў папулярным у Еўропе, дзякуючы культурнаму абмену і экзотыцы, якая заўсёды прыцягвала ўвагу. У XVI-XVIII стагоддзях у Кітаі дзейнічалі езуіты, якія вывучалі і апісвалі кітайскую культуру. Адзін з іх, Матэа Рычы, пазнаёміў еўрапейцаў з кітайскім календаром. У XVIII стагоддзі Еўропа захапілася ўсходняй культурай, кітайскія традыцыі сталі ўвасабленнем экзотыкі. У XIX-XX стагоддзях мода на ўсходнюю культуру стала яшчэ больш папулярнай, асабліва ў мастацтве і дызайне.