Мова бывае кансерватыўнай, але час ад часу паўсядзённыя размовы напаўняюцца новымі словамі, выразамі і тэрмінамі. А што з тымі словамі, якія замяняюцца новаўтворанымі словамі?
PALATNO вяртае ў паўсядзённы ўжытак словы, якія неўзабаве могуць знікнуць.
Змест
Дыванок пад нагамі
Досыць часта беларускія самабытныя словы замяняюцца словамі з рускай мовы або ўвогуле знікаюць з актыўнай лексікі. Так можа адбывацца і таму, што слова называе прадмет, які ўжо выйшаў з карыстання. Як, напрыклад, слова каберац — дыванок пад ногі.
Каберцам называлі рэч, якую мы ўсе ведаем як «дыванок пад ногі». У некаторых рэгіёнах Беларусі «каберац» абазначала дыванок, на якім вянчаюць маладых.
У слоўніку архаізмаў і гістарызмаў за 2007 год слова «каберац» пададзена з тлумачэннем: «кілім, дэкаратыўная тканіна, на якую станавіліся ў царкве маладыя». Слова мае і пераноснае значэнне: каберац — гэта кветкавая паляна:
На курганавым каберцы
Нечуванае чуваць,
Што ўсё можа толькі сэрца
Беларусава паняць. (Янка Купала, «Дудар»)
Традыцыя вянчання ў царкве захавалася і сёння, нягледзячы на савецкі час, калі вянчанне не было папулярным. Аднак традыцыя вярнулася і ў сучаснай Беларусі папулярная сярод маладых беларусаў: вянчаюцца каля 15-20% пар, якія бяруць шлюб.
Смалісты кавалак дрэва
Слова смаляк — смалісты кавалак дрэва. Гэта слова не зусім адыйшло ў небыццё. Пачуць яго, напэўна, можна яшчэ ад бабулі ў вёсцы, якая клапатліва распальвае печ. Смалякі захоўвалі звычайна ў прыпечку. Гэта невялікія сухія і смалістыя кавалкі, пры дапамозе якіх вельмі зручна і хутка распаліць агонь.
Чаму варта выкарыстоўваць гэта слова? Пачаўся сезон, калі людзі ахвотна выязджаюць на выхадныя на возера ці ў лес, дзе ладзяць пікнікі. Пры гэтым мы працягваем карыстацца словамі кшталту «палена» ці «падпал». Гэтыя словы блізкія па сэнсе, але менавіта смаляком лепш распаліць вогнішча.
«Палілі смалякі ў печы, і куравыя языкі полымя лізалі чорную сопуху коміну». (Цішка Гартны, «Таварыш інспектар»)

Складаны ножык у кішэні
Слова «сцізорык» можна часта сустрэць у літаратурных творах.
«Бондар разрывае сцізорыкам канверт, вымае згорнуты ў некалькі столак кавалак ватманскай паперы». (Іван Навуменка, «Сорак трэці»)
У паўсядзённым жыцці слова амаль знікла. Замест яго ўжываецца «нож» ці «ножык», называючы ўсе прадметы, якія нясуць гэты сэнс. Між тым, у беларускіх гаворках існуе нават слова «скрабачка» — спецыяльны нож для абірання бульбы, альбо «канчарык» — нож з адламаным лязом.
Сцізорык — самабытнае слова, якое нельга аднесці да групы састарэлых ці гістарызмаў, бо прадмет такі існуе і нікуды не знік.
На чым вы крышыце гародніну?
Днушка — драўляная дошка, на якой крышаць гародніну ці іншыя прадукты.
Звычайны такі гаспадарчы прадмет называюць «дошка», «дошчачка». У розных беларускіх гаворках дошка, на якой крышылі ежу, мела спецыяльную назву. Радзей сустракаюцца такія назвы як «дно», «днішча», «дэнка», «дэначка». Слова «днушка» сустракаецца часцей.
«Зіна… бярэ цёплыя кавалкі мяса з вялікай сіняй міскі… шлёпае іх на днушку і скоранька рэжа». (А. Кудравец, «Марута і Зіна»)
У беларускіх гаворках у кожнай дошкі ёсць рознае выкарыстанне і свая спецыфічная назва. Напрыклад, «дыля» ці «дылёўка» — гэта тоўстая дошка, дошка ў падлозе — «масніца», выпуклая з аднаго боку дошка — «аполак». Слова « дошка» — нясе абагульняючы сэнс, а вось днушка канкрэтызуе прадмет.

На што ловяць рыбу?
Гачок ці зубец — кручок для лоўлі рыбы. Слова «кручок» даволі ўніверсальнае і абазначае шмат розных прадметаў. Гэта можа быць кручок для вязання, кручок як зачэпка за штосьці ці кручок як элемент напісання літары.
Словы «гачок» і «зубец» (сустракаецца варыянт «зазубень») з’яўляюцца адметнымі беларускімі словамі. Для беларусаў з даўніх часоў рыбны промысел быў адным з асноўных, таму маецца шмат уласнабеларускай лексікі на гэту тэму. Продкі беларусаў лавілі рыбу не вудай, а спецыяльнымі прыстасаваннямі для таго, каб выцягнуць шмат рыбы адначасова. Таму існуюць словы «двайнік» (сетка для лоўлі ракаў), «мута» (рыбалоўная сетка з маленькімі вочкамі) і шмат іншых. Словы «гачок» і «зубец» удала падкрэсліваюць беларускія традыцыі.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Беларускае рыбалоўства: як называць прылады і рыбу
