Веды

251 год таму адбылося Бостанскае чаяпіцце. Чаму яно можа навучыць нас сёння?


251 год таму адбылося Бостанскае чаяпіцце. Чаму яно можа навучыць нас сёння?

Бостанскае чаяпіцце адбылося некалькі стагоддзяў таму, і гэта падзея стала сімвалам барацьбы за свабоду і незалежнасць. Амерыканцы шануюць гэты акт пратэсту супраць каланіяльнай улады як прыклад адвагі і супраціву несправядлівасці. Але навошта пратэстоўцы замаскіраваліся пад індзейцаў? І ці жорстка пасля адпомсцілі англічане? І чаму яно можа навучыць сёння?

PALATNO расказвае пра Бостанскае чаяпіцце.

Чаму амерыканцы і англічане сталі канфліктаваць?

Пасля адкрыцця Амерыкі шмат марскіх дзяржаў вырашылі каланізаваць гэтыя тэрыторыі. Англічане спрабавалі каланізаваць усходняе пабярэжжа Амерыкі некалькі разоў, але масавае засяленне брытанскімі пасяленцамі пачалося ў XVII стагоддзі. Англічане сталі кантраляваць значныя амерыканскія тэрыторыі на ўсходнім узбярэжжы ў далейшыя дзесяцігоддзі.

У другой палове XVIII стагоддзя англійскія каланіяльныя ўлады ўвялі шэраг законаў, якія павінны былі павялічыць казну Кароны, аднак у цэлым значна пагаршалі становішча каланістаў.

  • У 1764 годзе быў уведзены Акт аб цукры, а ў 1765 годзе — Акт аб гербавым зборы. Законы ўвялі пасля Сямігадовай вайны, каб папоўніць брытанскую казну. Каланісты ў Амерыцы лічылі, што падаткі ўвялі несправядліва, бо ў іх не было прадстаўніцтва ў парламенце.
  • У 1773 годзе быў уведзены Акт аб чаі. Закон дазволіў Брытанскай Ост-Індыйскай кампаніі прадаваць чай непасрэдна ў калоніях без удзелу мясцовых гандляроў. Гэта прывяло да паніжэнню кошту на чай. Каланіст бачылі ў гэтым манаполію ўладаў і пагрозу для мясцовага бізнесу. Да таго ж захоўваўся падатак на чай, што абурала мясцовае насельніцтва.

Амерыканскія каланісты лічылі, што Вялікабрытанія груба ўмешваецца ў эканамічныя і палітычныя свабоды. У Амерыцы ўсё больш станавіліся папулярнымі ідэі самакіравання.

Індзейскія ўборы, 40 тон чаю і крок да рэвалюцыі

У лістападзе 1773 года тры караблі з чаем — «Дартмут», «Элеанор», «Бівер» — прыбылі ў порт Бостана. Чай павінны былі выгрузіць і прадаць у калоніях з падаткам. Частку месяца і пачатак снежня адбываліся мітынгі, на якіх заклікалі ўлады штата Масачусэтс вярнуць караблі з чаем у Англію, аднак губернатар Томас Хатчынсан адмовіўся гэта рабіць.

16 снежня 1773 года каля 60 каланістаў у традыцыйнай вопратцы індзейцаў уварваліся ў порт да брытанскіх караблёў. Індзейская вопратка стала сімвалам адрознення ад англічан, каланісты хацелі падкрэсліць сваю свабоду ад Вялікабрытаніі. Была і практычная мэта: вопратка і размалёўка твараў дапамаглі каланістам захаваць ананімнасць і пазбегнуць пакарання.

Вопратка, у якой каланісты ўварваліся на караблі, была даволі простай: яны выкарысталі пёры, фарбу для твару і элементы з традыцыйнага ўбору індзейцаў-магаўкаў. Аднак гэта не было дакладным адзеннем магаўкаў. Некаторыя з удзельнікаў пасля пісалі ў дзённіках і лістах, што іх «маскіроўка» была такой простай, што мясцовыя жыхары маглі ўсё роўна іх пазнаць.

Каланісты раскідалі ў ваду сотні каробак з чаем — больш за 40 тон чаю. Англічане панеслі вялізныя выдаткі, на сённяшні дзень гэта акцыя ацэньваецца ў мільёны долараў. Пасля таго як скрыні з чаем былі раскіданыя па вадзе ў порце, то заліў на працягу некалькіх дзён пах чаем.

Бостанскае чаяпіцце, барацьба амерыканцаў за незалежнасць
Гравюра 1789 года.

У адказ на Бостанскае чаяпіцце былі ўведзеныя «Прымусовыя акты», у Амерыцы іх назвалі «Невыноснымі законамі». Яны абмежавалі аўтаномію калоній (на чыноўніцкія пасады прызначалі каланіяльныя ўлады, таксама абмяжоўвалася мясцовае правасуддзе), бостанскі порт быў зачынены да кампенсацыі шкоды. Сама акцыя і далейшая рэакцыя на яе ўсё больш абвастрыла канфлікт паміж каланістамі і Каронай.

Частка каланістаў не падтрымала Бостанскае чаяпіцце, бо пасля рушылі жорсткія абмежаванні з боку Вялікабрытаніі.

Ужо ў наступным, 1774-м, годзе быў скліканы Першы кантынентальны кангрэс, які заклікаў да супраціўлення супраць Вялікабрытаніі. Яшчэ праз год пачалася Амерыканская рэвалюцыя.

Чаму можа навучыць Бостанскае чаяпіцце цяпер?

Акт супраціву ў бостанскім порце з боку каланістаў паказвае, як супольнасць можа супрацьстаяць несправядлівасці і аб’яднацца ў барацьбе супраць прыгнёту.

Сімвалічныя дзеянні. Бостанскае чаяпіцце не было ўзброеным супрацівам ці часткай ваеннага канфлікту, але яркім і сімвалічным актам пратэсту. Яно паказала, як нестандартныя і смелыя дзеянні могуць прыцягнуць увагу і дапамагчы аб’яднацца вакол агульнай ідэі. Творчыя і сімвалічныя формы пратэсту могуць быць магутным сродкам супраціву, прыцягнуць міжнародную ўвагу і паказаць уладам, што народ не будзе маўчаць, калі да яго адносяцца несправядліва.

Аб’яднанне супольнасці. Каланісты ў Бостане змаглі аб’яднацца незалежна ад асабістых інтарэсаў і прыналежнасці да розных слаёў грамадства. Усе яны былі супраць агульнага ворага — несправядлівых законаў і каланіяльных улад. Узаемная падтрымка і салідарнасць паміж рознымі групамі грамадства з’яўляюцца асновай для эфектыўнага пратэснага руху.

Смеласць і рашучасць. Удзельнікі Бостанскага чаяпіцця рызыкавалі свабодай і жыццём, але дзейнічалі рашуча, бо разумелі, што кампрамісы ўжо немагчымыя. Змаганне патрабуе мужнасці і гатоўнасці да рызыкаў. Тых, хто змагаецца за свабоду, павінны быць гатовыя да таго, што іх дзеянні могуць сутыкнуцца з жорскім супрацівам і рэакцыяй, але яны таксама могуць стаць кропкай незвароту ў гісторыі.

Бостанскае чаяпіцце паказала, што супраціў можа быць эфектыўным, калі ён аб’яднаны, арганізаваны і заснаваны на справядлівых прынцыпах. Той пратэст амерыканскіх каланістаў больш за 200 гадоў таму паказвае, што нават у сітуацыі, калі ўлада здаецца непераможнай, народ, які аб’ядноўваецца вакол агульнай ідэі, можа змяніць ход гісторыі.