Веды

Пабла Эскабар на экране: якім бачыць наркадылера сучаснае тэлебачанне?


Пабла Эскабар на экране: якім бачыць наркадылера сучаснае тэлебачанне?

Кім быў чалавек, якога мы ведаем як самага крывавага наркадылера планеты? Гісторыя Пабла Эскабара натхніла на стварэнне шматлікіх фільмаў і серыялаў. У іх паказваецца не толькі тое, як ён змог пабудаваць наркаімперыю, але і як уплываў на палітыку Калумбіі, а таксама як ён вырас з беднага хлопчыка з Медэльіна ў найбуйнейшага наркабарона ў свеце.

PALATNO прыгадвае фільмы і серыялы пра самага вядомага наркадылера ў свеце Пабла Эскабара.

«Пабла Эскабар, гаспадар зла» (Pablo Escobar: El Patrón del Mal)

Год: 2012

Гэта першы мастацкі серыял калумбійскай вытворчасці пра Эскабара. У ім расказваецца пра ранняе жыццё наркабарона, яго ўплыў на Калумбію і какаінавую імперыю, што ён пабудаваў.

Серыял стварылі Каміла Кано і Хуана Урыбэ. У сярэдзіне 1980-х гадоў бацьку Каміла, які быў выдаўцом буйной газеты El Espectador, забіў Эскабар. Маці Хуаны выкралі паплечнікамі Эскабара ў 1980-х, а яе дзядзьку — кандыдата ў прэзідэнты Калумбіі, Луіса Галана, — забілі падчас мітынгу па загадзе Эскабара.

«Эскабар: згублены рай» (Paradise Lost)

Год: 2014

У гэтым серыяле расказваецца пра хлопца Ніка, які прыязджае ў Калумбію і пачынае сустракацца з мясцовай дзяўчынай. З часам высвятляецца, што дзяўчына з’яўляецца пляменніцай Пабла Эскабара. Так Нік пачынае працаваць на Эскабара. Гэта мастацкі фільм, у якім большасць увагі засяроджана не на гістарычным адлюстраванні дзейнасці наркабарона, а на тым, каб паказаць жахі дзейнасці наркамафіі праз прызму жыцця аднаго чалавека.

«Наркі» (Narcos)

Год: 2015-2017

У гэтым знакамітым серыяле ад Netflix расказваецца пра росквіт і падзенне какаінавай імперыі Пабла Эскабара. У першых двух сезонах глядач назірае, як Эскабар змог пабудаваць Медэльінскі картэль, як развіваўся яго наркабізнес і як ён страціў не толькі імперыю, але і жыццё.

У серыяле шмат увагі надаецца гістарычнай дакладнасці і атмасферы таго часу. Галоўную ролю — Пабла Эскабара — выканаў бразільскі акцёр Вагнер Моўра, які спецыяльна для серыялу вывучыў іспанскую мову.

У апошнім, трэцім сезоне, расказваецца, як амерыканскае агенцтва DEA змагло пакласці канец яшчэ аднаму картэлю з Калумбіі — «Джэнтльменам з Калі». Асобны серыял «Наркі: Мексіка» раскрывае гісторыю барацьбы супраць мексіканскіх наркадылераў.

«Эскабар» (Loving Pablo)

Год: 2017

У фільме апавядаецца пра знаёмства Пабла Эскабара з журналісткай Вірхініяй Валеха, у іх з часам пачынаюцца рамантычныя адносіны. У фільме паказваецца, як Эскабар, ужо ў росквіце сваёй наркаімперыі, імкнецца ўвайсці ў палітычнае жыццё Калумбіі і стаць яе прэзідэнтам.

У гэтым фільме больш раскрываецца асабісты бок жыцця Пабла Эскабара. Галоўную ролю Эскабара выканаў акцёр Хав’ер Бардэм, а ролю журналісткі — Пенелопа Крус.