Веды

Тры новыя серыялы ад Netflix, якія глядзяцца на адным дыханні


Тры новыя серыялы ад Netflix, якія глядзяцца на адным дыханні

Штучны інтэлект збіраецца стаць часткай сям’і, ашуканка падманвае мільёны чалавек і прыдумвае сабе ракавыя захворванні, дэтэктывы спрабуюць вылічыць забойцаў у снежных ландшафтах шведскага курорту.

PALATNO расказвае пра тры новыя серыялы ад Netflix, якія вас захопяць з першых жа хвілін.

«Яблычны воцат» (Apple Cider Vinegar)

Краіна: Аўстралія

Жанр: драма

Серыял расказвае гісторыю Бэл Гібсан, якая расказвае ў інтэрнэце, што ў яе дыягнаставалі рак мозгу, але яна адмаўляецца ад хіміятэрапіі і будзе лячыцца альтэрнатыўнымі метадамі. Паралельна расказваецца гісторыя яшчэ адной дзяўчыны, якая займаецца тым самым: у яе дыягнаставалі рак, але яна адмовілася ад традыцыйнай медыцыны. З часам журналісты высвятляюць, што Бэл Гібсан не толькі падманула людзей пра ракавае захворванне, але і скрала грошы, што ён ахвяравалі на дабрачыннасць.

Гісторыя ў серыяле расказаная паводле рэальнай гісторыі махляркі Бэл Гібсан, што адбылася ў Аўстраліі дзесяць гадоў таму.

«Забойствы ў Оры» (The Åre Murders)

Краіна: Швецыя

Жанр: трылер, дэтэктыў

Гісторыя  пачынаецца пасля таго, як афіцэра стакгольмскай паліцыі Ханну кінуў яе партнёр і яе адхілілі ад працы. Яна пераязджае са сталіцы ў домік сястры ў курортным горадзе Оры. Там жа знікае дзяўчына, якую праз некаторы час знаходзяць мёртвай. Ханна аб’ядноўваецца з мясцовым паліцэйскім Даніэлем, каб раскрыць загадку смерці дзяўчыны. Ханна і Даніэль кепска ладзяць, але з часам заваёўваюць давер адзін аднаго.

Серыял зняты па двух раманах з серыі «Забойствы ў Оры» шведскай пісьменніцы Вівекі Стэн.

«Касандра» (Cassandra)

Краіна: Германія

Жанр: драма, хорар

Сям’я з дзецьмі пераязджае ў новы дом за горадам пасля трагічных падзей. Яны спрабуюць пачаць новае жыццё і дапамагчы сабе і дзецям перажыць трагедыю. У новым доме яны знаходзяць старую версію штучнага інтэлекту, які павінен дапамагаць жыхарам адчуваць сябе камфортней. З часам высветляецца, што ў штучнага інтэлекту ёсць свае матывы і жаданні: яна хоча стаць часткай гэтай сям’і.