Натхненне

Маляваў Касцюшку, калі гэта не было прынята. Расказваем пра мастака Яна Дамеля, які любіў гісторыю не менш за мастацтва


Маляваў Касцюшку, калі гэта не было прынята. Расказваем пра мастака Яна Дамеля, які любіў гісторыю не менш за мастацтва

Ян Дамель быў адным з найбуйнейшых беларускіх жывапісцаў першай паловы XIX стагоддзя. Яго творчасць ахоплівае ўсе асноўныя жанры выяўленчага мастацтва: гістарычны жывапіс, партрэты, пейзажы. Дамель здолеў пераасэнсаваць акадэмічныя традыцыі класіцызму і зрабіць крок у бок рэалізму. Ён правёў жыццё ў Мінску — горадзе, які трымаў яго ў далечыні ад культурнага жыцця. Чаму так адбылося? Як Дамель у сваіх творах падкрэсліваў рэвалюцыйнасць і супраціўленне царскаму ўраду? 

PALATNO расказвае пра Яна Дамеля.

Цьмяная біяграфія, ссылка са студэнцтва, жыццё ў правінцыяльным Мінску

Біяграфія мастака вельмі цьмяная. Вядома, што Ян Дамель нарадзіўся ў Курляндыі (тэрыторыя сучаснай Латвіі). Дагэтуль невядома, у якім годзе і мясцовасці нарадзіўся творца. Сам Дамель пісаў, што яго бацькам быў купец, а яго дзед служыў у саксонскіх войсках. У Елгаве (сучасная Латвія) Дамель хадзіў у школу, а затым разам з сям’ёй пераехаў у Літву.

Пасля пераезду ў Літву Ян Дамель паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Там вучыўся жывапісу ў Францішка Смуглевіча, а потым у Яна Рустэма. Навучанне ва ўніверсітэце Дамель скончыў у 1809 годзе, у тым жа годзе стаў выкладаць у віленскай гімназіі. Праз некалькі гадоў Дамеля асудзілі і выслалі з Вільні ўглыб Расійскай імперыі.

Крымінальная справа тычылася сябра Дамеля Ігната Цэйзіка. Царскія ўлады абвінавачвалі Ігната і яго брата Фелікса ў падробцы асігнацый. Дамеля ў гэтай гісторыі быў абвінавачваны ў пасобніцтве. На судовым працэсе віна Дамеля не была даказана, але яго ўсё роўна саслалі на пасяленне ў Сібір на два гады.

Пасля ссылкі Дамель вярнуўся на беларускія землі. У 1822 годзе ён пасяліўся ў Мінску, адкуль вельмі рэдка выязджаў. Адзінае выключэнне рабіў для візітаў у Санкт-Пецярбург. Мінскі перыяд быў найбольш плённым для Дамеля: ён стварыў вялікую колькасць карцін розных жанраў.

Ян Дамель пражыў усё жыццё пасля ссылкі ў Мінску. Там жа ён памёр — 1 верасня 1840 года. Пасля сябе Дамель не пакінуў нашчадкаў, у яго ніколі не было жонкі.

ян дамель, беларускае мастацтва, беларускія мастакі
«Захад над Табольскам», карціна Яна Дамеля.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Мастак паўстанцаў. Расказваем гісторыю жыцця і творчасці Юзафа Беркмана

 

Апантаны мастацтвам, расстраляны ў 1937-м. Расказваем пра мастака Рамана Семашкевіча

 

Мастачка, якая апярэдзіла час. Расказваем пра Марыю Магдалену Бутаўт-Андрайковіч


Творчасць Яна Дамеля, большая частка якой знаходзіцца невядома дзе

У ранніх працах на гістарычную тэматыку Дамель трымаўся акадэмічных канонаў. У карцінах «Смерць князя Панятоўскага», «Смерць магістра крыжаносцаў Ульрыха фон Юнгінгена ў бітве пад Грунвальдам» цэнтральнае месца займалі гістарычныя асобы, а народ быў толькі фонам. Кампазіцыі былі збалансаваныя, з тэатралізаванай патэтыкай, выкананыя па ўсіх правілах класіцызму. Ужо пазней, у 1830-я гады, Дамель зрабіў паварот у бок рэалізму. У творах «Смерць Глінскага ў няволі» і «Вызваленне Т. Касцюшкі з цямніцы» ён паказвае драму чалавека і народа. У першым палатне Глінскі, закуты ў кайданы, сядзіць у цяжкім адзенні, побач яго дачка, што схіляецца да бацькавай рукі, гэта карціна з’яўляецца алегорыяй няволі радзімы. У другім палатне Касцюшка паўстае не як ідэалізаваны герой, а як знясілены вязень.

Польскія і беларускія даследчыкі адзначаюць, што агульная колькасць гістарычных кампазіцый Дамеля вар’іруецца ад 27  да 57 — дакладная колькасць невядомая дагэтуль.

ян дамель, беларускае мастацтва, беларускія мастакі
«Адступленне французаў у Вільні», карціна Яна Дамеля.

У партрэтным жывапісе Дамель прайшоў шлях ад ідэалізаваных вобразаў да больш рэалістычнай манеры. Важна, што Дамель маляваў не толькі арыстакратыю, але простых гараджан, рамеснікаў.

Сібірскі перыяд у творчасці Дамеля быў значным, бо сфарміраваў мастака як пейзажыста. Замалёўкі і карціны таго часу адзначаліся лірычнасцю, драматызмам і ўплывам рамантызму. Пазней, ужо ў Мінску, ён адмаўляецца ад вялікіх панарамных кампазіцый і звяртаецца да камерных краявідаў: утульныя ваколіцы горада, дзе мастак імкнуўся перадаць прыгажосць рознай зямлі і выклікаць пачуццё гонару за яе.

Бытавых карцін у Дамеля значна менш, яны заўсёды вылучаліся спачуваннем да простага чалавека. Ён бачыў у іх натуральнасць і годнасць, імкнуўся паказаць народ з павагай.

* * *

На сёння месцахнаходжанне шматлікіх карцін Дамеля невядомае. Толькі лічаныя карціны і графічныя творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі.