Веды

Кумяльган і Вазіла: як у беларускай міфалогіі з’явіліся конепадобныя нячысцікі


Кумяльган і Вазіла: як у беларускай міфалогіі з’явіліся конепадобныя нячысцікі

У беларускай міфалогіі Кумяльган і Вазіла гулялі ролі антаганіста і абаронцы. Яны абодва былі істотамі з напалову чалавечай, напалову конскай прыродай. Яны абодва былі звязаныя з коньмі, але функцыі ў іх былі абсалютна рознымі.

PALATNO расказвае цікавосткі пра конскую міфалогію беларусаў.

Як Кумяльган стаў злым

Хутчэй за ўсё, спачатку Кумяльган быў не злым духам, а эпітэтам аднаго з балцкіх багоў і апекуном коней. З часам усё пайшло па даволі знаёмым сцэнарыі, калі хрысціянства перадала «светлыя» функцыі святому Юр’ю, а Кумяльган аказаўся ў ліку нячысцікаў.

Так, з часам Кумяльган стаў персанажам, якога баяліся ўсе гаспадары коней. Паводле народных павер’яў, Кумяльган душыў коней ноччу, падмешваў ім у корм атрутныя расліны, а яшчэ выкрадаў жарабят і пакідаў іх для ваўкоў.

Цікава, што Кумяльган усё роўна перасякаецца са святым Юр’ем. Лічылася, што конь, забіты ваўком, — гэта ахвяра святому, бо той быў валадаром ваўкоў.

Кумяльган быў хітрым трыкстарам, які змяняў аблічча і мог выглядаць як конь канкрэтнага гаспадара. Так ён мог трапляць у любую стайню, а гаспадары ніколі не маглі западозрыць, што пускаюць да сябе шкодніка.

кумяльган міфалогія, беларуская міфалогія
Кумяльган. Выява створаная штучным інтэлектам.

А як жа выглядаў Кумяльган? Ён меў чалавечае тулава, рукі і ногі былі пакрытыя конскай поўсцю, меў конскую галаву і капыты. Кумяльган мог хадзіць як чалавек або скакаць як конь.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Конь — памочнік ваяра і селяніна, магічны партнёр у казках. Якім бачылі беларусы свайго скакуна

Авечка, жаба, карова, конь, кот. Што гавораць беларускія жывёлы?

2026 год — год каня. Якія беларускія прыказкі ёсць пра каня?


Як у гэту гісторыю ўплятаецца Вазіла?

Калі Кумяльган быў хаосам, то Вазіла ўвасабляў парадак. Вазіла быў напалову чалавеку і напалову конем, падобным да Кумяльгана. Аднак у адрозненні ад Кумяльгана Вазіла выглядаў больш прыстойна. Вазіла меў чалавечую вопратку, без конскай поўсці, але з конскімі вушамі і капытамі.

Вазілу лічылі духам-ахоўнікам, які ёсць у кожнага гаспадара. Ён даглядаў коней, абараняў іх ноччу, карміў асаблівым кормам.

вазіла міфалогія, беларуская міфалогія
Вазіла. Выява створаная штучным інтэлектам.

Існаваў асобны рытуал, каб атрымаць падтрымку ў Вазілы: у зямлю забівалі шост і насоўвалі на яго конскі чэрап. Цікава, што падобныя практыкі існавалі ў скандынаўскіх краінах, але там яны выкарыстоўваліся для нанясення камусьці шкоды.

* * *

Пара Кумяльгана і Вазілы былі нагадвала старажытны індаеўрапейскі матыў блізнят-антаганістаў, вядомы ў розных культурах: ад ведыйскіх Ашвінаў да старагрэцкіх Дыяскураў. У беларускім варыянце гэты міф праявіўся як супрацьстаянне шкодніка і апекуна — дзвюх сіл, без якіх традыцыйны светапогляд проста не працаваў.