
Беларуская мова багатая на дыялектныя словы і мясцовыя найменні, асабліва калі гаворка заходзіць пра рыбалку. Кожны рэгіён мае свае ўнікальныя назвы для рыбацкіх прылад, дзеянняў і нават відаў рыбы. Гэты лексікон перадаецца з пакалення ў пакаленне і захоўвае непаўторны каларыт беларускай культуры.
PALATNO расказвае, як вудзіць рыбу па-беларуску.
Прылады для рыбалоўства
Абарэц — невялікая трохсценная сетка для лоўлі рыбы ў прыбрэжных зараслях чароту, аіру, хвашчу.
Акунёўка — вудачка, прыстасаваная вудзіць акунёў.
Асташы — простыя рыбацкія боты з высокімі халявамі.
Баба — бочка ці тоўстая калода, умарожаная ў лёд.
Байдак, барліна, выдалбанка, дубіна, душагубка, камяга, комэлнык, лотка, патушнік, плаўнік — лодка, выдзеўбаная з тоўстага дрэва.
Балтак, брох, гонец, заганяла, колат, коўка, посох, хропост, шост — доўгі шост, якім пужаюць і заганяюць рыбу ў сетку.
Бартуль, выпалска, рабак, чэрвяк — чарвяк як прыманка.
Блісня — блешня (рыбка з бляхі), якую чапляюць да вуды для прыманкі і лоўлі рыбы.
Буч — лавушка для рыбы, ракаў з лазы конусападобнай формы, якая ставіцца ў канавы.
Вачак — мяшок на злоўленую рыбу.
Вясло, грабло, почына — вясло.
Вуда, вэнтка, плаўнік — рыбалоўная снасць, якая складаецца з вудзільна, лёскі і кручка.
Вудак (вудаль, вудач, вудар, вудзьбіт), рыбак, рыбнік, рыбалоў — чалавек, які займаецца лоўляй рыбы.
Вэндзір, гізка, кашолка, лібіла, ракалоўня, ракоўніца, шпілька — прылада для лоўлі ракаў.
Гаганец, каза — ліхтар, якім асвятляюць раку ў час лоўлі рыбы ноччу.
Грузоўка — донная вуда.
Жмака — паплавок у сетках.
Жывец — жывая рыбка, якую насаджваюць на кручок у якасці прынады.
Невад — вялікая рыбалоўная сетка.
Палонка, пелька, праломка, прога, прораб, пролубка, лунка — палонка, прабітая ў лёдзе для лоўлі рыбы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Паважаць рыбу як саперніка». Расказваем пра рыбалку па-беларуску
Дзеянні
Балтаць, боўтаць — боўтаць ваду боўткай, заганяючы рыбу ў сетку.
Блісеніць, блітняваць — лавіць зімой рыбу на блешню.
Вывудзіць — злавіць рыбу на вуду.
Запяць — ахапіць сеткай участак вадаёма, дзе можа быць рыба.
Клопаць — лавіць самоў, робячы ў вадзе гукі пры дапамозе спецыяльнай прылады.
Лібідзіць — лавіць ракаў.
Патрашыць, расплатаць, трыбушыць, хандожыць — вымаць вантробы з рыбы.
Рыбаковаці, рыбакаваць — лавіць рыбу, займацца рыбалоўствам.
Як называць рыбу
Авёс, жывчык, мальга, малюкі, маляўка, моль, рыбель, сліжык — так называюць маленькую рыбу.
Акрумель, бабырка, васказоб, гнілапузь, калбун, скоблік, коўбік, крумель, оскозоб, печкур, поўх, сікерка, чвырак — так называюць рыбу печкуру.
Акунь, баец, гарбыль, матросік — акунь.
Апралёўка — шчупак, які нерастуе ў красавіку.
Баба, берозовка, бубліца, вобліца, днянка, еброзь, кляпец, кораўка, обляк, пласкуха, плотка, тоўстокора, ябрынь — плотка.
Барок — вялікі шчупак.
Вугор, угар, бугор, даўгар — рыба вугор.
Вягал, балаба, грумжа, калека, малькач, мянтуз, налім, ропуха — рыба мянтуз.
Галах, жагоўка, жабяк, кожушок, сінеўка, шпент, шчупарачок — невялікі шчупак.
Галавень, клень — рыба галавень.
Ёрш, бабка, бірж, ваўчок, калючка, жгір, слізун, царык — рыба ёрш.
Краснапёра, красаўка, калінаўка, краснёха, чарэмуха, чарноха — рыба чырванапёрка.
Лескаўка, лешчаўка, кругель, лётка — невялікі лешч.
Малочнік — самец рыбы ў перыяд нерасту.
Оўдзюшка — рыба галень.
Салакі — назва азёрнай рыбы сярэдніх памераў.
Сібель, сілява — рыба сялява.
Сік — лічынкі ўюноў.
Фарэль, вансач, стронк — рыба стронга (фарэль).
Язь, мордач, пад’язік, скачат, смоўжык — рыба язь.
Ялец, стоўбец — рыба ялец.