Веды

Ад «Альпійскай балады» да «Пошукаў будучыні». Кнігі беларускіх пісьменнікаў пра вайну


Ад «Альпійскай балады» да «Пошукаў будучыні». Кнігі беларускіх пісьменнікаў пра вайну

Як вайну бачылі беларускія пісьменнікі? Тыя, хто змог застаць яе жахі і сам удзельнічаць у ёй? Ці тыя, хто хацеў паказаць, што такое вайна на самой справе — не гісторыі пра перамогі і подзвігі, а пра боль, страту і смерць.

PALATNO расказвае пра кнігі беларускіх пісьменнікаў пра вайну.

Васіль Быкаў і яго ваенныя творы

Васіль Быкаў лічыцца не толькі класікам беларускай літаратуры, але адным з першых, хто расказаў праўду пра Другую сусветную вайну. Ён шмат пісаў пра вайну і тое, што вайна робіць з людзьмі. У гэтым артыкуле мы раскажам толькі пра чатыры творы (а іх нашмат больш), у якіх Быкаў з вялікай дакладнасцю расказвае чытачу пра тыя жахі, што адбываюцца падчас баявых дзеянняў і пасля іх таксама.

«Альпійская балада». Падчас Другой сусветнай вайны з нацысцкага канцлагера ў Альпах уцяклі савецкі салдат Іван і італьянка Джулія. Яны выпадкова сустракаюцца: Іван спрабуе ад яе пазбавіцца, але затым у іх нараджаюцца пачуцці. Іван і Джулія перажываюць неверагодныя прыгоды ў сваім жыцці, блукаюць па Еўропе і спрабуюць усвядоміць, што ў свеце можа быць не толькі вайна і небяспека, але і каханне.

«Дажыць да світання». Падчас бітвы пад Масквой восенню 1941 года атрад савецкіх салдат пайшлі ў нямецкі тыл, каб падарваць базу з боепрыпасамі. Кіраўнік атраду вяртае атрад назад, калі яны не знайшлі базу на месцы. Разам з кіраўніком застаецца малады баец, каб працягнуць пошук і скончыць гэта заданне.

«Мёртвым не баліць». Падчас зімовай кампаніі 1944 года параненага лейтэнанта адпраўляюць у тыл, каб той канваіраваў трох палонных немцаў. Падчас задання лейтэнант з палоннымі выпадкова трапляе на нямецкую частку: ён другі раз паранены, а палонныя памерлі. Лейтэнанту ніхто не верыць, што ў тыле ёсць нямецкія часткі. У гісторыі прысутнічае яшчэ адзін персанаж — асабіст Сахно, які прымушае падначаленых ісці на смерць, а сам спрабуе дагадзіць немцам, калі яго бяруць у палон.

«Знак Бяды». Сцепаніда і яе муж Пятрок жывуць непадалёк ад вёскі Выселкі, калі ў іх жыццё прыходзіць вайна. Дом Сцепаніды і Пятрака займаюць нямецкія вайскоўцы. Пятрок імкнецца ім дагадзіць, але Сцепаніда паводзіць сябе па-іншаму. Сцепаніда канфліктуе з немцамі: не дае ім малака, таму адзін з вайскоўцаў застрэліў карову. Потым Пятрок пачынае гнаць самагон, каб задобрыць паліцыяў. Аднак паліцыі наадварот збіваюць і Сцепаніду, і Пятрака. Пятрака кідаюць збітага ў турму, а Сцепаніда задумвае абмяняць парася на бомбу, каб падарваць бліжэйшы мост: гэты выкрываюць, жанчына хаваецца ў сваёй хаце і падпальвае яе.

Святлана Алексіевіч і «У вайны не жаночы твар»

Кніга Святланы Алексіевіч пра жанчын і Другую сусветную вайну выйшла ў сярэдзіне 1980-х гадоў. «У вайны не жаночы твар» — гэта збор сведчанняў жанчын, якія ваявалі ў Другую сусветную вайну ў Савецкім Саюзе. Яны былі медсёстрамі, сувязнымі, снайперамі і гэтак далей. Усе яны расказваюць пра тое, як вайна выглядала праз жаночыя вочы — не як геройства, а як страх, бруд, кроў, страта, гвалт і боль.

Кніга пабудавана як мазаіка з маналогаў жанчын, якія ўдзельнічалі ў вайне. Аўтарка амаль не ўмешваецца, але часта дае каментарыя пра тое, як вяла размову, як плакалі яе суразмоўцы. Гаворка ў творы ідзе не пра «слаўныя перамогі», а пра тое, што жанчыны хацелі жыць, любіць, а не забіваць. Многія прызнаюцца, што пасля вайны не маглі вярнуцца да нармальнага жыцця, бо іх не ўспрымалі як «нармальных жанчын».

«У вайны не жаночы твар» — гэта не пра вайну, а пра чалавека на вайне. І гэта спроба вярнуць чалавечае аблічча таму, што часта падаецца сухім гераізмам у падручніках.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Стварылі аўдыёверсію пяці кніг Святланы Алексіевіч. Расказваем, што за яны

Іван Шамякін і «Глыбокая плынь»

Раман Івана Шамякіна «Глыбoкaя плынь» быў напісаны пасля Другой сусветнай вайны.

У цэнтры сюжэта жанчына Таццяна Маеўская, якая забівае двух паліцыяў, і ідзе ў партызанскі атрад. Разам з ёй у партызаны сыходзіць яе бацька, Карп Маеўскі. У рамане ёсць партызанская тэматыка і гераічныя паступкі, але Шамякін не абыходзіць увагай здраднікаў і прыстасаванцаў: хтосьці наўмысна ідзе ў паліцыі ці нямецкую адміністрацыю, а хтосьці спрабуе проста выжыць. Пісьменнік намаляваў вобразы немцаў аднабакова, але твор прынёс Шамякіну шырокую вядомасць.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Забойства шпіёнаў у Стоўбцах. Гісторыя шпіёнскага скандалу стагадовай даўніны

 

Першы беларускі лётчык? Гісторыя авіятара Рыгора Пятроўскага

 

Ад дакументальнай дакладнасці да фэнтэзі. Пяць шыкоўных серыялаў пра Другую сусветную


Алесь Адамовіч і «Хатынская аповесць»

Кніга Алеся Адамовіча «Xaтынcкaя aпoвecць» была апублікаваная ў 1970 годзе.

У аповесці расказваецца гісторыя былога партызана Фларыяна Гайшуна. Гайшун едзе з жонкай і сынам на адкрыццё помніка партызанам, якія загінулі падчас вайны. Па дарозе ён успамінае, як пайшоў падлеткам у партызанскі атрад, як сустрэўся з будучай жонкай, як карнікі знішчылі яго вёску і забілі сям’ю. Па меркаванні Фларыяна, толькі памяць пра гэтыя падзеі дапаможа прадухіліць іх паўтарэнне. Аднак у сучаснасці, маецца на ўвазе 1970-я гады, бачныя сляды таго, што жахі вайны могуць вярнуцца: сусветныя дзяржавы распрацоўваюць магутную зброю, а людзі па ўсім свеце працягваюць гінуць.

Кузьма Чорны і «Пошукі будучыні»

Кузьма Чорны пісаў «Пошукі будучыні» ў час, калі ішла Другая сусветная вайна. Для пісьменніка гэты раман стаў адным з апошніх у кар’еры. У рамане апісваюцца не толькі падзеі Другой сусветнай, але і тыя складаныя дзесяцігоддзі, якія напаткалі беларусаў перад вайной: гэта і Першая сусветная, і падзел Беларусі. Кніга складаецца з двух частак «Украдзенае маленства» і «Вялікае скрыжаванне».

Ва «Украдзеным маленстве» нам прадстаўляюць герояў і расказваюць іх гісторыі. Волечка Нявада з вёскі Сумлічы застаецца без бацькі, бо ён загінуў на фронце Першай сусветнай вайны. Дзяўчына сама займаецца гаспадаркай, даглядае палоннага немца, які з удзячнасці дорыць ёй гадзіннік, пярсцёнкі і крыжык. Гэтыя рэчы павінны былі быць перададзеныя сыну немца, Густаву. Іншая гісторыя расказваецца пра падлетка Кастуся Лукашэвіча, які дапамагае Волечцы, а паміж імі ўзнікае глыбокая прыхільнасць. З часам з палону вяртаецца бацька Волі: ён разумее, што страціў не толькі гады жыцця, але і сувязь з дачкой. У гэты час расказваецца гісторыя Сымона Ракуцькі, які падчас вайны выратаваў графа Паліводскага, а той пасля пачаў яго абвінавачваць у крадзяжы і шантажаваць.

У «Вялікім скрыжаванні» ў жыццё герояў зноў прыходзіць вайна. Новае пакаленне герояў твору — Ліза Лукашэвіч (дачка Волечкі і Кастуся) — трапляе ў нямецкі лагер. Яе дзяцінства, як дзяцінства яе маці і бацькі, таксама разбуранае. Сын былога шляхціца Люцыян Акаловіч ідзе служыць немцам, але паступова расчароўваецца ў гэтай супрацы, бо бачыць знішчэнне роднай зямлі і смерць роднай маці. Густаў, сын немца з «Украдзенага маленства», вяртаецца як частка нямецкай улады: ён бачыць месцы, дзе яго бацьку калісьці выратавалі, але ён сам цяпер нясе смерць. Жонка Густава гіне, праклінаючы яго і лёс Германіі, якая мусіць за ўсё расплаціцца. Раман заканчваецца тым, што стары Нявада спрабуе выратаваць унучку Лізу з лагер, але ў гэтым яму не дапамагае граф Паліводскі — і гіне ад кулі Акаловіча, які таксама загінуў. Кастусь Лукашэвіч забівае Густава, які спрабуе забраць тое, што пакінуў яго бацька Волечцы. Затым Кастусь нясе сваёй хворай дачцэ Лізе яблыкі.