
PALATNO — пра беларускія прыказкі пра дурняў.
Змест
- Абяцанка-цацанка, а дурню радасць
- Бойся быка спераду, каня ззаду, а дурня — з усіх чатырох бакоў
- Дурань дурнем і вушы халодныя
- Дурань дае, разумны бярэ
- Дурняў не аруць, не сеюць, яны самі родзяцца
- Загадай дурню богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е
- На наш век дурняў хопіць
- Пашлі дурнога, а за ім другога
- Пашлі дурня па быка, дык ён цялушку прывядзе
- Работа дурняў любіць
- Разумная галава, ды дурню дасталася
- У дурнога салаўя і дурныя песні
- Чужы дурань — смех, свой дурань — сорам
- Што дурны папсуе, то і разумны не выправіць
Абяцанка-цацанка, а дурню радасць
Не варта спадзявацца, што абяцанае здзейсніцца. Кажуць іранічна ці з неадабрэннем, калі не вераць у хуткае выкананне кім-небудзь дадзеных ім абяцанняў.
«Сакратар райкама Гарцуеў абяцаў, але… “абяцанка-цацанка, а дурню радасць”, як любіў казаць мой бацька». (І. Шамякін, «Слаўся, Марыя!»)
Бойся быка спераду, каня ззаду, а дурня — з усіх чатырох бакоў
Гаворыцца пра неабходнасць быць вельмі абачлівым у адносінах з неразумным чалавекам.
«Новы прэзідэнт даверлівы, як дзіця. Наіўны. І таму небяспечны. Каровы бойся спераду, каня ззаду, а яго з усіх бакоў». (А. Макаёнак, «Кашмар»)
Дурань дурнем і вушы халодныя
Гаворыцца як асуджэнне каго-небудзь за дзівацкія, неразумныя дзеянні, паводзіны.
«[Бацька:] Ты не разумееш! За гэтую бомбу можна пяць машын купіць! [Маці:] Дурань дурнем і вушы халодныя! Як ты мог?! Ты хоць пра дзяцей сваіх падумаў бы!..» (З. Дудзюк, «Заложнікі шчасця»)
Дурань дае, разумны бярэ
Кажуць, калі каму-небудзь лёгка дастаецца прыдбаць штосьці.
«[Пан:] Дасканала. Згодзен… Бяры панскую вопратку. [Несцерка, убок:] Дурны дае, разумны бярэ. [Пан:] Што? [Несцерка:] Прыгожае адзенне, кажу». (В. Вольскі, «Несцерка»)
Дурняў не аруць, не сеюць, яны самі родзяцца
Гаворыцца звычайна як ацэнка промаху, недарэчнага ўчынку.
«Вера глядзіць на Зосю і тыкае сабе пальцам у лоб. — Дурняў не аруць, не сеюць, яны самі родзяцца, — ціха кажа Гарбач». (Р. Мурашка, «Салаўі святога Палікара»)
Загадай дурню богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е
Занадта руплівы чалавек толькі шкодзіць справе. Так звычайна гаворыцца з асуджэннем пра чалавека, які перастараўся.
«Чаго вы лезеце кожную хвіліну?.. Паспрабуйце самі вызваліцца з такіх путаў. Праўду кажуць: загадай дурню богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е». (Янка Маўр. «Палескія рабінзоны»)
На наш век дурняў хопіць
Кажуць з упэўненасцю, што падобнае да таго, аб чым гаварылася, не знікне, не перавядзецца, будзе паўтарацца.
«Хто ж гэтыя шэдэўры купіць? [Арнольд:] Куплялі і будуць купляць. У людзей розны густ. [Люся:] На яго век дурняў хопіць». (Г. Марчук, «Альдона, Анэта, Анфіса»)
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Чорт чорта пазнаў і на піва пазваў». Якія беларускія прыказкі існуюць пра чарцей?
«Перажылі лета гарачае, перажывём і…» Пра што былі беларускія прыказкі пра лета?
«Не вучы дзядулю кашляць». Якія ёсць беларускія прыказкі пра дзядоў?
Пашлі дурнога, а за ім другога
Гаворыцца з абурэннем пра таго, хто, пасланы куды-небудзь з пэўным заданнем, доўга не вяртаецца назад.
«Калі ўсе ўчацвярых пакінулі памяшканне, на дзядзінцы іх стрэла Волька. — Пашлі дурнога, а за ім другога, — зарагатаў Андрэй. — Бяжы, — кіўнуў ён на мяне, — выручай свайго Сухарку». (С. Грахоўскі, «Гарачае лета»)
Пашлі дурня па быка, дык ён цялушку прывядзе
Гаворыцца з абурэннем пра таго, каму бессэнсоўна растлумачваць што-небудзь.
«— Калі што, званіце, — кінуў наўздагон. Не прайшло і тыдня, як з гаспадаркі пазванілі. Паляцела шасцярня. Антось аж ускіпеў: Пашлі дурня па быка, дык ён цялушку прывядзе… Падбярыце яшчэ [патрэбную дэталь], ды глядзіце мне, — паківаў Антось». (І. Макаловіч, «Версія капітана Барташа»)
Работа дурняў любіць
Гавораць таму, чыё старанне не ўхваляюць.
«— Пасаромеўся б… Я яшчэ не снедаў. Ха! Кажуць, работа дурняў любіць». (І. Шамякін, «Вясновымі днямі»)
Разумная галава, ды дурню дасталася
Гаворыцца з асуджэннем ці шкадаваннем пра чалавека, які робіць непрадуманыя, безразважныя ўчынкі.
«Чамусьці сёння лезлі яму ў галаву нейкія такія думкі пра вечнасць, пра сваю ролю ў гэтым жыцці, пра тое, чаго не зрабіў ён, а павінен быў зрабіць, каб меў людскую галаву на плячах. Пра такіх гавораць: разумная галава, ды дурню дасталася. Вельмі моцна сказана — менавіта пра яго…» (Л. Левановіч, «Доля-пустацвет»)
У дурнога салаўя і дурныя песні
Гаворыцца пра таго ці таму, хто кажа або робіць што-небудзь недарэчнае.
«”Мо каб ты не курыла, яна [дачка] была б здаравейшая? Ды каб ты яшчэ яе грудзьмі карміла, як другія маткі…” Гэта ўжо кранула за жывое і жонку. — У дурнога салаўя дурная песня, — ледзь стрымліваючы сябе, каб не ўзарвацца, сказала рэзка». (У. Дамашэвіч, «На мяжы цярпення»)
Чужы дурань — смех, свой дурань — сорам
Пра пачуццё сораму, калі бачыш бязглузды ўчынак, дзівацтва блізкага чалавека.
«Чужы дурань — смех, свой дурань — сорам. Часам горкі, крыўдны і ганебны сорам. Такім вось дурнем быў той, на падлозе ў дзяжурцы, Букраба». (Я. Брыль, «Птушкі і гнёзды»)
Што дурны папсуе, то і разумны не выправіць
Кажуць з неадабрэннем пра таго ці таму, хто сваімі дзеяннямі ці словамі непапраўна нашкодзіў супольнай справе.
«Як увялі [на вочную стаўку] Грабчука і Чарныша, Кулеба тут жа кінуў рэпліку: — Што дурны папсуе, то і разумны не выправіць. — Грамадзянін Кулеба, вам слова не давалі, прашу не парушаць парадак, — папярэдзіў следчы, адчуўшы, што ў рэпліцы ягонай пэўны намёк». («Маладосць» — 1989, №3)