«Маеш дачку — трымай гарэлку ў глячку». Лепшыя беларускія прыказкі пра дзяцей

беларускія прыказкі пра дзяцей, прыказкі пра дзяцей, прыказкі пра сыноў, прыказкі пра бацькоў, прыказкі пра дачок

PALATNO — пра дзяцей і прыказкі.

Адзін сын — не сын, два сыны — палова сына (паўсына), тры сыны — сын

Гаворыцца з адабрэннем пра бацькоў, у якіх тры сыны, бо хоць адзін з іх стане ўцехай бацькоў.

«Ну, вось калі ў мяне будуць дзеці — тры сама меней, як у той пагаворцы: адзін сын — не сын, два сыны — палова сына, тры сыны — сын, — як цяжка будзе ўсюды паспець». (Л. Левановіч, «Якар надзеі»)

Адзін сын у сям’і — бліннічак, смятаннік

Пра выключныя, спрыяльныя адносіны да адзінага сына ў сям’і.

«Згодна народнай прымаўцы, адзін сын у сям’і — бліннічак, смятаннічак. Толькі мне і ў галаву ніколі не прыходзіла думаць пра такія даваенныя прысмакі, — маці рабіла прыбіральшчыцай райспажыўсаюза». (Р. Барадулін, «Дзякуй роднаму слову!»)

Вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна

Шчырыя, праўдзівыя, без скрытых намераў выказванні дзяцей вартыя ўвагі дарослых.

«Былі, як кажуць, і смех і грэх. Смех — бо ёсць вялікая доля праўды ў выслоўі: вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна. Грэх, бо, здаецца, не зусім патрыятычна выхоўваць дзяцей у духу негатыўных адносін да нацыянальна-дзяржаўных сімвалаў». (А. Вярцінскі, «Трывожны досвітак»)

Кожнаму сваё (роднае) дзіця міла

Кожнаму сваё дзіця міла. Фраза выкарыстоўвалася ў эпіграфе да раздзела «Імя» ў кнізе Барыса Сачанкі «Вечны кругазварот».

«Праўда тое, што ўсякая маці хваліць сваіх дзяцей. Кожнаму роднае дзіця міла. Бадай, адна Ліна Костачка ніколі не гаварыла адназначна пра свайго сына Пашку». (В. Мыслівец, «Выгнанне грэшнікаў»)

Не хвалі дзень зранку, дзіця — змалку

Нельга меркаваць аб будучыні чалавека, зыходзячы толькі з назіранняў за ім у яго дзіцячым узросце.

«Цімохавы бацькі не маглі надыхацца на яго: як жа, доўгачаканы сынок, народжанай ягонай саракагадовай маці… Вучыцца Цімох не захацеў. Стаў рамантаваць тэлевізары. Шчыра кажучы, нічога не атрымлівалася ў яго…» (С. Лобач, «Па закутках памяці»)

У каго сем — тым і доля ўсем, а ў каго адно — і тое не ладно

Кажуць пра адзінае ў сям’і дзіця, якое, на жаль, не мае шчаслівай долі.

«— Падумай, дачка, даўно час падумаць, хто ты: дзеўка, баба ці ўдавіца?.. — Бацька кашляў доўга. Яна легла, а ён усё кашляў і чакаў адказу. — Праўду кажуць: у каго сем — тым і доля ўсем, а ў каго адно — і тое не ладно». (У. Паўлаў, «Спелыя травы»)

Урадзіўся ні ў бацьку, ні ў маці, а ў краўца, што спаў у хаце

Кажуць (часцей жартоўна) пра дзіця, якое ні знешне, ні рысамі характару не падобнае да бацькоў.

«Мала чаго бывае на свеце, у каго толькі часам не ўдаюцца дзеці! “Ані ў бацьку, ані ў маці, а ў краўца, што спаў у хаце”, — прыгадалася прыказка». (М. Лужанін, «Дзівадла»)

Чые бычкі ні былі б, абы нашы цяляткі

Не мае значэння, хто бацька гэтага дзіцяці. Пра бязбацькавіча.

«Петрунеі ж [Клім] строга наказаў, каб не зважала на людскія падмовы. “Чые бычкі ні былі б, абы нашы цяляткі… Чалавек жа гэта, трэба памагаць гадаваць”». (П. Місько, «Ціхае лета»)

Як малады — то дурны

Кажуць як прабачэнне дураслівасці дзіцяці ці маладога чалавека.

«Як малады — то дурны. Адна толькі маці была за Марыю. Для яе ўсе дочкі харошыя. А што счэпяцца калі сварыцца з-за хлопцаў, казала: “Маладыя — дурныя”». (М. Гроднеў, «Заручыны»)

Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю

Свае недахопы, заганы дзеці пераймаюць ад бацькоў.

«Дзеці — дакладны паўтор сваіх бацькоў… Прырода ўсё роўна сваё возьме. Рана ці позна, але возьме. Нездарма народная мудрасць гаворыць: “Ад крывога дрэва не бывае прамога ценю”». (В. Кадзетава, «Сямімужніца»)

Гадуй, мядзведзь, дзеці, каб было за кім сядзеці

Гаворыцца бацькам як пажаданне вырасціць дзяцей такімі, каб можна было пры іх дажываць век.

«Дочкі мае ўжо ўсе замужам. Аж тры. У сваім сяле ўсіх пааддавала. Сын быў адзін — забілі ў вайну. Самы большы быў. От, і ўсе мае дзеці. Гадуй, мядзведзь, дзеці, каб было за кім сядзеці. Пагадавала, а сядзець і няма за кім. Удваіх, як пні, старыя засталіся». (Я. Ермаловіч, «Валуны»)

Дзяцей радзіць — не грошы лічыць

Дзяцей радзіць — цяжкая, балючая, не вельмі прыемная справа.

«Чаго ты плюскаеш на мяне вачыма, бы сына нарадзіўшы? Пакажы мне, дзе ён? Не маеш яго, ага. А я гаварыў табе: трэба нам хлопца!.. Баялася ты болю, скажу, во, табе ў вочы! Вядомая справа: дзяцей радзіць — не грошы лічыць». (С. Яновіч, «Сцяна»)

Хіба чорт здумаў гэтыя залёты: ані ўночы сну, ані ўдзень работы

Гаворыцца звычайна бацькамі жартоўна ці з незадавальненнем пра сына, які з прычыны залётаў і недасыпання не надта ахвочы да работы ўдзень.

«Вось тут, відаць, дайшло да Марусі, што дачка іхняя напраўды ідзе замуж, не проста на дзень-два да каго ў госці, а, лічы, назаўсёды ідзе з хаты… А мужчыны нічога, не адсоўваліся далёка ад бутэлькі, гаварылі, Пятро пацвельваўся з сына: “Хіба чорт здумаў гэтыя залёты: ані ўночы сну, ані ўдзень работы”». (А. Кажадуб, «Высока сонейка, высока»)

Што гадок, то і ядок

Кажуць пра сям’ю, у якой часта нараджаюцца дзеці.

«Часам у Ліхадзіевічах жартавалі: “У Хімкі з Януком што гадок, то і ядок”». (І. Гурскі, «Дзве сястры»)

Маеш дачку — трымай гарэлку ў глячку

Калі ў бацькоў ёсць дарослая дачка, то яны ў любы час павінны быць гатовы да яе вяселля.

«[Шпакоўскі:] Як гэта даўней казалі: маеш дачку — трымай гарэлку ў глячку. [Кажамяка:] А ў сватоў, таго гэтага, хіба няма за што купіць? Хто працуе, той і мае». (І. Гурскі, «Свае людзі»)

У айчыма чэрці пад вачыма

Гаворыцца як адмоўная ацэнка айчыма ў яго адносінах да няродных дзяцей.

«Гэта ж айчым яго выправіў на касьбу… Збяёдаць хлопца хоча. — Праўду людзі кажуць: у айчыма чэрці пад вачыма…”» (В. Шырко, «Стукаў»)

Вярнуцца ўгару