
PALATNO — пра прыказкі пра маці.
Змест
- Матка парве пазуху, хаваўшы для дзяцей, а дзеці парвуць пазуху, хаваўшы ад маткі
- Няма той крамы, каб прадаваліся мамы
- Тады маці міла, як ногі мыла
- У сваёй хаце і качарга маці
- Хто матку забывае, таго Бог карае
- Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка
- Дзіця за руку бярэш — маці за сэрца
- Дзіця не плача, матка не дагадаецца
- Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка
Матка парве пазуху, хаваўшы для дзяцей, а дзеці парвуць пазуху, хаваўшы ад маткі
Маці больш клапоціцца пра дзяцей, чым дзеці пра маці.
«Матка апошняе аддасць, нічога не пашкадуе. Кажуць жа, што матка парве пазуху, хаваўшы для дзяцей, а дзеці парвуць пазуху, хаваўшы ад маткі. Яна дзень пры дні думае пра сына, згадвае, што ён там парабляе, куды ідзе, з кім гаворыць, а ці ўспамінае ён пра маці?..» (А. Кажадуб, «Стрэчанне»)
Няма той крамы, каб прадаваліся мамы
Гаворыцца як пра непапраўнае бедства, калі хто-небудзь сірацее, страціўшы маці.
«Мацярынскае пачуццё непадкупнае. Яно ставіцца вышэй за ўсялякія матэрыяльныя інтарэсы: няма тае крамы, дзе прадаюцца родныя мамы». (Кандрат Крапіва, «Беларускія прыказкі»)
Тады маці міла, як ногі мыла
Кажуць з асуджэннем пра сына ці дачку, калі яны не паважаюць маці.
«Гэта ты… на матку сваю, га? Ты-ы… гэ-так… на матку?! — у яе ўжо цямнела ў вачах, калола ў скронях і патыліцы, здушыў горла плач: — Ну, але… Нашто табе ўжо матка… Тады маці была міла, як… як ногі мыла…» (П. Місько, «Ціхае лета»)
У сваёй хаце і качарга маці
У сваёй хаце адчуваеш сябе смела, спакойна, надзейна. Сінонім: у сваёй хаце і вуглы памагаюць.
«Дам тваёй сям’і месца ў флігелі. Хоць сёння займай большую палову. — У сваёй хаце і качарга — маці, — не надта ўзрадаваўшыся, сказаў Гаранок…» (Л. Дайнека, «Запомнім сябе маладымі»)
Хто матку забывае, таго Бог карае
Пра нікчэмнасць існавання і незайздросны лёс таго, хто забывае маці, усё роднае, Бацькаўшчыну.
«Моцна стойце на родным грунце! Любіце бацькаўшчыну сваю ўсёю душою, усім сэрцам сваім, бо хто матку забывае, таго Бог карае». (Я. Лёсік, «Вольная Беларусь»)
Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка
У дзецях паўтараюцца недахопы ці станоўчыя рысы бацькоў.
«Гавораць людзі: “Якая клёпка, такая бочка, якая маці, такая дочка”. Я не падобная да маці ні характарам, ні паводзінамі, ні тварам. І гэта мяне суцяшае». (С. Лобач, «Па закутках памяці»)
Дзіця за руку бярэш — маці за сэрца
Пра чуйнае рэагаванне маці на адносіны каго-небудзь да яе дзіцяці.
«Я даўно прыкмеціла, Алёша, ты любіш дзяцей, і яны цябе любяць. Значыць, і жонка будзе любіць. Прыкмета ёсць такая: дзіця за руку бярэш, маці — за сэрца. Не чуў? Гэта наша мама так гаварыла». (В. Праскураў, «Рута-мята»)
Дзіця не плача, матка не дагадаецца
Пакуль не скажаш пра тое, што табе трэба, нельга разлічваць на чыю-небудзь дапамогу.
«А я ўжо смак гарэлкі забыўся: не каштаваў бадай тры гады… Ніхто мяне не частуе: дзіця не плача, матка не дагадаецца, казаў той». (Змітрок Бядуля, «Летапісцы»)
Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка
Пра замілаванне да роднага краю, да мясцін, дзе нарадзіўся хто-небудзь.
«— Ведаю, куды ты хіліш, — звярнуўся да Кунцэвіча Станіслаў. — Мяне не заарканіш у свой край. Не люблю… — А мне дарагая тая хатка, дзе нарадзіла матка, — разважаў Кунцэвіч». (І. Гурскі, «Чужы хлеб»)