PALATNO расказвае, якія прыказкі пра каня ёсць у беларусаў.
Змест
- Ад работы коні дохнуць
- Быў конь, ды з’ездзіўся
- Дзеўка не конь, вупраж не накінеш
- Зранку і коні не п’юць
- Конь здыхае, за траву хапае
- Каторы конь цягне, таго і паганяюць
- Конская матка не здохла
- Конь на чатырох нагах спатыкаецца
- Куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй
- Машына любіць догляд і змазку, а конь — авёс і ласку
- На двух конях верхам не паедзеш
- На пераправе коней не мяняюць
- Не жолаб да каня, конь да жолаба ідзе
- Не конь вязе, а дарога
- Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць
- Не той дужы, хто коней стрымлівае, а той, хто сябе стрымлівае
- Пакуль траўка падрасце, конік з голаду памрэ
- Пара, госцейкі, дадому, бо паелі конікі салому
- Прапаў конік, прападай і хамуток
- Хай конь думае, у яго галава вялікая
- Цераз сілу і конь не цягне
Ад работы коні дохнуць
Кажуць, часам жартаўліва, у апраўданне сваёй ці чыёй-небудзь бяздзейнасці або тады, калі хочуць перастаць рабіць што-небудзь, перапыніць працу.
«Заўтра пойдзеш у лес… Ты не вер, гэта дурань прыдумаў, што ад работы коні дохнуць. Усё, брат, ад догляду, на ўсё трэба добрае вока…» (Я. Брыль, «Рэўнасць»)
Быў конь, ды з’ездзіўся
Пра таго, хто састарыўся ці страціў сваё былое значэнне, становішча, уплыў.
«Вазьму сякеру, секану колькі разоў і задыхаюся. Адным словам, Міхасік, быў конь, ды з’ездзіўся. Мне патрэбен спакой, поўны адпачынак». (Я. Колас, «М. Лынькову»)
Дзеўка не конь, вупраж не накінеш
Насільна дзяўчыну не прымусіш падпарадкавацца.
«[Пшэбыеўскі:] Катажына хаця і прыгажуня, а мяшчанка, не з рукі мне, Пшэбыеўскаму, пры ўсім народзе [вянчацца]. Вось пажыве ў Варшаве, стане паненкаю… [Несцерка:] А сілком, паціху, – не атрымаецца. Дзеўка не конь, вупраж не накінеш». (У. Бутрамееў, «Новыя прыгоды Несцеркі»)
Зранку і коні не п’юць
Кажуць суразмоўніку, адмаўляючыся ад яго запрашэння нашча, зранку выпіць спіртнога.
«— Сядай, вып’ем разам… — Зранку не спажываю і табе не раю. Зранку і коні не п’юць. Пакінь на вечар». (К. Мохар, «Апошнія дні»)
Конь здыхае, за траву хапае
У якім бы стане ні знаходзіўся чалавек, яго думы і дзеянні звязаны з жыццёвымі, надзённымі інтарэсамі.
«Разведчыкі ўбачылі ў возе і іншую “траву”. Нарабаванаю “травою” было і тое, што хавала жонка пад фартухом. Сапраўды, “конь здыхае, а траву хапае”». (Ф. Янкоўскі, «Пра запаветнае»)
Каторы конь цягне, таго і паганяюць
На таго, хто добра сумленна адносіцца да справы, ускладваюць яшчэ большыя абавязкі.
«Я ёй [сястры] тлумачу, што, значыцца, трэба, калі затрымаўся [швагер]. А яна: “Адным сэрцам свету не запаліш”. Пэўна, кажу, важнае даручэнне далі. А мая [жонка] ёй падтаквае: “Каторы конь цягне, таго і паганяюць”». (І. Гурскі, «Вецер веку»)
Конская матка не здохла
Гаворыцца пра каня як апраўданне, што ён не апошні на свеце і што няма чаго шкадаваць яго.
«Наста ехала самая апошняя, астаўшыся ззаду, і калі злезла з воза, Буланчык быў стаў, пасля, павярнуўшы галаву, даў у хамут і, пачуўшы, мусіць, што палягчэла, пайшоў за возам… Ёй трэба было цяпер даганяць калёсы, бо ні да каго другога не падсядзеш пад’ехаць: усе наперадзе… “Чорт бы не ўзяў Буланчыка. Не такая я і грамазда. Пашкадавала… Конская матка не здохла…”». (І. Пташнікаў, «Тартак»)
Конь на чатырох нагах спатыкаецца
Кожны можа памыліцца, апынуцца ў цяжкім становішчы. Кажуць у апраўданне чыёй-небудзь памылкі.
«[Трэці калгаснік:] Ну, канешне, бывалі і памылкі. Конь на чатырох нагах і то спатыкаецца». (А. Макаёнак, «Каб людзі не журыліся»)
Куды конь з капытом, туды і рак з клюшняй
За старэйшым і больш вопытным, пераймаючы яго, цягнецца і маладзейшы, нявопытны. Часцей ужываецца як адмоўная ацэнка таго, хто пераймае чые-небудзь звычкі.
«Вядома ж, куды конь з капытом, туды і рак з клюшнямі. Нахватаўся, мабыць, смаркач розуму ў гэтых крытыкаў і давай вучыць пісьменніка…» (І. Навуменка, «Сельская ідылія»)
Машына любіць догляд і змазку, а конь — авёс і ласку
Часцей гаворыцца ў дачыненні да каня праз супастаўленне з адносінамі да машыны.
«Іван Аляксандравіч кіўнуў на коней: — Будзеш іх карміць, паіць, чысціць. Машына любіць догляд і змазку, дадаў ён, — а конь — авёс і ласку». (У. Гніламёдаў, «Усход»)
На двух конях верхам не паедзеш
Немагчыма адначасова займацца дзвюма справамі.
«— Не, бацька, — пастражэў тварам сын, я не хачу, каб мяне з вучылішча выкінулі. Трэба выбіраць — альбо я, альбо яны [бандыты]. На двух конях верхам не паедзеш». (А. Кажадуб, «Хутар»)
На пераправе коней не мяняюць
У неспрыяльных ці небяспечных умовах карэнных змяненняў, перамен дзе-небудзь не робяць.
«Коней на пераправе не мяняюць… Хацелася б, каб будучыя кіраўнікі ўмелі своечасова гасіць полымя радыкалізму як з левага, так і з правага бакоў». (Я. Малец, «Пазбегнуць радыкальных перамен»)
Не жолаб да каня, конь да жолаба ідзе
Каму-небудзь непасрэдна самому трэба нешта рабіць, а не чакаць немагчымага ад іншых.
«— Не жолаб да каня, конь да жолаба ідзе. Ціснецеся туды, мужыкі. — Кось-кось да аброку, а потым кіем па боку, — выскаляўся нехта з грамады…» (В. Адамчык, «І скажа той, хто народзіцца»)
Не конь вязе, а дарога
Пры паездцы, падарожжы куды-небудзь многае залежыць не ад каня, а ад якасці дарогі.
«А самую дарогу было не пазнаць: звычайная гравейка ператварылася ў асфальтаваную шашу. “Праўду кажуць: не конь вязе, а дарога…” — Нават Лявошка не ўтрываў, пахваліў». (П. Місько, «Градабой»)
Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць
Не ўмешвайся ў справы, якія не маюць дачынення да цябе.
«Ён [слесар] добра ведаў прыказку: не лезь, жаба, туды, дзе коні куюць. І стараўся не лезці, не заўважаць, ведаць толькі сваю работу». (М. Лынькоў, «Векапомныя дні»)
Не той дужы, хто коней стрымлівае, а той, хто сябе стрымлівае
Пра перавагу над фізічнай сілай чалавека яго ўмення валодаць сабой, стрымліваць парывы сваіх пачуццяў, захоўваць вытрымку.
«[Фаіна Кандратаўна:] Правільна сказана. Так і трэба рабіць. Не спяшацца, каб потым не кусаць сябе за локці. [Бабка Зося:] Мая маці, бывала, гаварыла: не то сіла, што каня задзержыць, а то, што сэрца… [Тарасевіч:] Так, Антонаўна, стрымаць сэрца нялёгка». (Л. Левановіч, «Пасля разводу»)
Пакуль траўка падрасце, конік з голаду памрэ
Пакуль дачакаешся чаго-небудзь жаданага ці абяцанага, то будзе позна і прыйдзецца перанесці шмат гора, нядолі.
«Кіраўніцтва краіны мяркуе палепшыць стан настаўнікаў і работнікаў дашкольных устаноў… у 2005 годзе. Як кажуць, «пакуль траўка падрасце, конік з голаду памрэ». (ЛіМ. 1998. 31 ліп.)
Пара, госцейкі, дадому, бо паелі конікі салому
Жартоўная прапанова раз’язджацца, разыходзіцца пасля гасцявання.
«Янка ўстаў і сказаў старую беларускую прымаўку: “Пара, госцейкі, дадому, бо паелі конікі салому”. Усе засмяяліся, устала Рагнеда, потым усе астатнія… Рагнеда і Янка развіталіся з маткаю…» (У. Дамашэвіч, «Месяц у Раі…»)
Прапаў конік, прападай і хамуток
Страціўшы вялікае, няма чаго шкадаваць малое, дробязі.
«Часцей стаў [Мікалай Мікалаевіч] глядзець у чарку. Не было ахвоты рыхтаваць ні тару для прыёмкі каштоўных карэнняў кок-сагызу, ні пляцоўкі для іх адгрузкі. Адным словам, не стала гаспадара, так сказаць, прапаў конік — прападай і хамуток». (А. Макаёнак, «На пікантныя тэмы»)
Хай конь думае, у яго галава вялікая
Кажуць жартаўліва ці іранічна ў адказ таму, хто раіць падумаць пра што-небудзь.
«Маховіч прыкмеціў у вачах Сенчука гэта лёгкае недаўменне: — Здзіўляешся? Не думай пра гэта, хай конь думае, у яго галава вялікая» (А. Дзятлаў, «Крык у прадонні»)
Цераз сілу і конь не цягне
Больш за тое, што ў чыіх-небудзь магчымасцях, сіле, нельга зрабіць.
«[Шыбер:] І запасныя часткі звыш плана, і прамфінплан — як жа я ўпраўлюся? [Карнейчык:] Паспрабуй не ўправіцца! [Шыбер:] Цераз сілу і конь не цягне». (К. Крапіва, «Канец дружбы»)
