У беларускай культуры тэма смерці — гэта не проста канец, але пераход, ахоплены мноствам эўфемізмаў. Яны паказваюць як нашы продкі праяўлялі павагу да гэтага працэсу, іх погляд на апошні шлях у жыцці. Гэтыя фразы не толькі змякчалі жорсткую рэчаіснасць смерці, але і адлюстроўвалі гістарычную глыбіню традыцыі: пачынаючы ад «пайсці ў вечнасць» і заканчваючы больш мудрагелістымі выразамі — «пайсці да Абрама на піва».
PALATNO расказвае, як беларусы размаўлялі пра смерць.
Дзясяткі фраз, якімі беларусы гаварылі пра смерць
А
Адыход у іншы свет, адыход у лепшы свет, адыход у нябыт — смерць
Адыходзіць у вечнасць — паміраць
Ажаніцца з сырою зямлёю — памерці, загінуць
Аддаць духі
Адкідваць капыты — так гаварылі і пра смерць чалавека, і пра смерць жывёл. У большасці выпадкаў, вядома, пра смерць жывёл.
Адправіцца да Абрама на піва
Адправіцца на той свет
Адысці з гэтага свету
Адпраўляць у Магілёўскую губерню — у замагільны свет, супрацьпастаўлены зямному жыццю.
Аблівацца кроўю — знемагаць ад страты крыві, паміраць.
Аддаваць Богу душу — паміраць.
Аддаць канцы
Адпраўляць у штаб Духоніна
Б
Бог прыбраў — хто-небудзь памёр
В
Вымаць душу — даводзіць да смерці, знішчаць каго-небудзь
Вынесці ўперад нагамі — пахаваць нябожчыка
Выпростваць ногі — паміраць
Вытрасці душу — забіць кагосьці.
Г
Глядзець у магілу — дажываць свой век, быць блізкім да смерці.
Д
Да веку — да самай смерці, да канца жыцця
Даць дуба
Дух выпусціць
Духа не ўказаць
Дні злічаны — гавораць, калі каму-небудзь засталося зусім нядоўга жыць.
Дух выйшаў — смерць.
Душа вон — раптоўная смерць.
Дыхаць на ладан — быць цяжка хворым, блізкім да смерці.
З
Загавець душой
Загадаць доўга жыць
Замуж за пана Пясоцкага збірацца
Заснуць вечным сном, заснуць навекі
Згарнуць рукі
Задзіраць ногі
Загрымець касцямі — загінуць.
Злажыць косці — загінуць.
Зламаць галаву — скалечыцца, загінуць.
Знайсці сабе магілу — быць забітым.
Зводзіць у магілу (дамавіну, са свету) — даводзіць да смерці, гібелі.
К
Капаць магілу — рыхтавацца да смерці.
Л
Легчы ў магілу
Легчы трупам — загінуць (кажуць пры рашучасці што-небудзь зрабіць).
Ляжаць у сырой зямлі — быць мёртвым, быць пахаваным.
М
Магіла возьме — так кажуць, калі хто-небудзь памрэ.
П
На паповы сані збірацца
Пачыць у бозе
У
У вырай — на той свет, у магілу.
У апошні шлях — цырымонія пахавання нябожчыка.
Я
Як з крыжа зняты — вельмі слабы, даведзены да знямогі, ледзь жывы.
Я́му заскварыць — загінуць, быць пахаваным.