Белы і чорны буслы: чаму гэтыя птушкі так шмат значылі для беларусаў

буслы, бусел, сімвал беларусі бусел, буслы прыляцелі

Ці асацыюецца ў вас Беларусь з бусламі? Чаму і нашы продкі, і сучасныя беларусы так асабліва ставяцца да гэтай птушкі? Чаму белыя буслы значаць добрае, а чорныя ўяўляюцца як штосьці злавеснае?

PALATNO расказвае, буслы значаць для беларусаў.

Белых буслоў любілі

белы бусел, буслы, бусел, сімвал беларусі бусел, буслы прыляцелі

Бусел (у некаторых мясцовасцях яго называюць бацяном) — вельмі важная жывёла ў беларускай міфалогіі. Існуе шэраг паданняў пра буслоў, навошта яны патрэбны і як з’явіліся.

Паводле адной з легенд, бусел быў чалавекам ці анёлам, якога пакараў Бог за цікаўнасць. Яму даручылі торбу з сабранымі нячыстымі жывёламі-гадамі, якую ён павінен быў не развязваць і кінуць у падземнае царства. Але ён не стрымаўся і развязаў торбу, а адтуль выбраліся ўсе гады на зямлю. Бог ператварыў яго ў птушку, якой давядзецца лавіць усё, што калісьці выпусціў на зямлю.

У іншай легендзе расказваецца пра тое, што калісьці чалавек не выканаў боскае даручэнне з-за сваёй хітрай жонкі, якая з цікаўнасці развязала таямнічую торбу і выпусціла ўсю нечысць на зямлю. За гэта Бог ператварыў у буслоў усю сям’ю. Беларускія даследчыкі лічаць, што гэты варыянт легенды блізкі да класічнага міфа пра Пандору.

Сярод беларусаў заўжды лічылася, што бусел — святая птушка. Буслоў нельга было забіваць, бо забойства гэтай птушкі было вялікім грахом. Буслы гарманічна ўжываліся з чалавекам: людзі дапамагалі будаваць гняздо птушкам, а тыя, лічылася, абаранялі чалавечае жытло ад пажараў і маланак.

Цікава, што калі чалавек пакрыўдзіць бусла, то бусел паўставаў вельмі помстлівым стварэннем. Беларусы шчыра верылі, што бусел можа сам спаліць негасцінную хату, калі прынясе галавешку, або занячысціць калодзеж, калі кіне ў яго гадзюку. У выніку, бусел уяўляўся часткай бога Грымотніка: меў непасрэднае дачыненне да яго ці нават замяшчаў бога.

Буслы звычайна прылятаюць на Дабравешчанне, у канцы сакавіка. У гэты час пяклі рытуальнае печыва, якое прысвечаецца буслам. Але гэта не адзінае свята, калі беларусы ўзгадваюць буслоў. Бусел абавязкова знаходзіцца сярод гурту калядоўшчыкаў.

З чорным буслом былі складаныя адносіны

буслы, бусел, сімвал беларусі бусел, буслы прыляцелі, чорны бусел

Чорны бусел, у адрозненні ад белага, быў больш аддаленым ад чалавека. Пра паходжанне чорных буслоў амаль не засталося паданняў.

Паводле аднаго з міфаў, чорны бусел некалі быў белага колеру. Ён жыў побач з людзьмі, вельмі давяраў ім. Аднойчы злы чалавек, якога доўга раздражняў бусліны клёкат, разбурыў гняздо чорнага бусла, а маленькіх буслянят скінуў на зямлю. Ад такога чалавечага ўчынку буслы пачарнелі і паляцелі далей ад людзей — у пушчу. Калі чорныя буслы вывелі новых буслянят, то яны былі белыя і зноў давяралі людзям. Аднак пасля аповеду бацькоў пра ўчынак людзей, яны апрануліся ў чорнае жалобнае пер’е. З тых часоў чорны бусел абмінае людзей і іх дамы.

На захадзе Беларусі чорнага бусла лічылі каралём усіх буслоў. Часам чорных буслоў называюць ляснымі манахамі.

Ёсць гісторыя са Случчыны, звязаная з гэтай птушкай. Ля вёскі Жылін Брод вядомы мікратапонім Буслава Дзялянка. У даўнія часы сярод лесу на ясені чорны бусел звіў гняздо, праз час пры распрацоўцы лесу людзі спецыяльна не кранулі ясень, каб не пашкодзіць буслянку. Таму і з’явілася назва Буслава Дзялянка, хаця там ужо даўно няма ні чорных буслоў, ні таго ясеня.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: 

 

Вужы — ад удару маланкі, птушкі — на каханне. Як і чаму беларусы ўпрыгожвалі свае хаты?

 

Арлы, пеўні і жураўлі. Якія птушкі ёсць на гербах беларускіх гарадоў

 

Дзікія жывёлы на дарогах. Параўноўваем досвед Беларусі і іншых краін


Складаныя і нават варожыя адносіны людзей і чорных буслоў могуць быць абумоўленыя сімволікай колераў. Чорны колер для беларусаў значыць дрэнныя весткі, жалобу і смерць, таму з’яўленне чорных буслоў мела злавесны сэнс.

Вярнуцца ўгару