
Што ж будзе на «Оскары» ў гэтым годзе? Ці чакаць нам штосьці падобнае да того, як падчас цырымоніі Уіл Сміт збіў Крыса Рока? Ці паблытаюць зноў пераможцаў? Ці будуць гарачыя скандалы? І хто ж возьме «Оскар»?
PALATNO расказвае пра самую гучную кінапрэмію года.
Зоркі, скандалы, глабальны ўплыў
Цырымонія «Оскар» упершыню адбылася ў 1929 годзе, хоць яе заснавалі на два гады раней. За амаль стагоддзе яна пераўтварылася ў сімвал кінасвету, яна з’яўляецца адной з самых старых узнагарод у кінаіндустрыі. Першая цырымонія была сціплай і заняла 15 хвілін, а пераможцаў абвясцілі ўвогуле загадзя, таму ўзнагароды пераможцы атрымалі без вялікага хвалявання.
Па адной з версій, якая лічыцца вельмі папулярнай, за назву кінапрэміі трэба дзякаваць сакратарцы кінаакадэміі Маргарэт Хэрык. Хэрык, калі ўбачыла дызайн статуэткі, заўважыла, што яна нагадвае яе дзядзьку Оскара. Толькі ў 1939 годзе назва «Оскар» стала афіцыйнай. А сама Хэрык пазней стала выканаўчай дырэктаркай кінаакадэміі. Пазней бібліятэцы арганізацыі далі яе імя.
Спачатку кінапрэмія была выключна амерыканскай і ўручалася толькі за дасягненні ў амерыканскім кіно. Але з часам «Оскар» стаў прызнаваць і замежныя фільмы. У 1947 годзе ўпершыню ўвялі катэгорыю «Найлепшы фільм на замежнай мове». Наступным крокам у папулярызацыі прэміі сталі трансляцыі па тэлебачанні, і з часам «Оскар» стаў міжнародным шоу.
З часам «Оскар» стаў не проста кінапрэміяй, а своеасаблівай «лакмусавай паперкай» для культурных і сацыяльных зрухаў. У 1973 годзе Марлон Брандо атрымаў «Оскар» за найлепшую мужчынскую ролю ў фільме «Хросны бацька», аднак адмовіўся ад статуэткі на знак пратэсту супраць абыходжання з індзейцамі. Замест яго на сцэне выступіла грамадская актывістка і артыстка Сашын Літлфэзэр.
«Оскар» цікавы не толькі як шоу. Гэта шанец ацаніць, як кіно адлюстроўвае сучасныя трэнды, палітычныя і сацыяльныя праблемы. У сучаснасці «Оскар» усё больш становіцца пляцоўкай, дзе больш увагі надаецца сацыяльным пытанням: гендарнай роўнасці, экалогіі, праблемам ЛГБТК+.

Кожны год цырымонія становіцца тэмай для абмеркавання: ад спрэчак пра выбар пераможцаў да гучных канфліктаў. Самы апошні канфлікт здарыўся на цырымоніі ў 2022 годзе, калі яе вядоўца Крыс Рок пажартаваў са знешнасці жонкі Уіла Сміта, Джэйды Пінкет-Сміт (тая пакутвала на алапецыю) — Уіл Сміт падняўся на сцэну і ўдарыў Рока па твары, а пазней Сміту забаранілі ўдзельнічаць у мерапрыемствах кінаакадэміі на 10 гадоў. У 2017 годзе пераблыталі фільм-пераможцу — замест «Святло Месяца» назвалі «Ла-ла-лэнд».
Кожны год «Оскар» збірае вядомых акцёраў, рэжысёраў і іншых дзеячаў кіно ў адным месцы. Гледачы атрымліваюць магчымасць убачыць куміраў у нефармальных сітуацыях, назіраюць за іх эмоцыямі, рэакцыямі на перамогі ці паразы.
Фільмы, якія атрымліваюць «Оскар», становяцца класікай і часта ўплываюць на кінакультуру ў будучыні. Перамога на «Оскары» часта прыводзіць да павелічэння касавых збораў фільмаў і прарыву ў кар’еры для артыстаў.
Што будзе на «Оскары-2025»?
У 2025 годзе цырымонія «Оскар» пройдзе 3 сакавіка. У Еўропе яна пачнецца ноччу, для беларускіх гледачоў — у тры гадзіны ночы.
На гэтым «Оскары» больш за ўсё намінацый атрымаў фільм «Эмілія Пэрэс». Гэта першы фільм у гісторыі кінапрэміі, які мае столькі намінацый і не з’яўляецца англамоўным.
- «Найлепшы фільм». Сярод намінантаў на галоўную ўзнагароду ёсць «Анора», «Бруталіст», «Боб Дзілан: нікому невядомы», «Канклаў», «Дзюна: частка другая», «Эмілія Пэрэс», «Я ўсё яшчэ тут», «Хлопцы з “Нікелю”», «Субстанцыя», «Злая».
- «Найлепшая рэжысура». Шон Бэйкер («Анора»), Брэдзі Корбэт («Бруталіст»), Джэймс Мэнголд («Боб Дзілан: нікому невядомы»), Жак Адзіяр («Эмілія Пэрэс»), Каралі Фаржа («Субстанцыя»).
- «Найлепшая мужчынская роля». Эдрыен Броўдзі («Бруталіст»), Цімаці Шаламэ («Боб Дзілан: нікому невядомы»), Колман Дамінга («Сінг-Сінг»), Ральф Файнс («Канклаў»), Себасцьян Стэн («Кандыдат»).
- «Найлепшая жаночая роля». Сінція Эрыва («Злая»), Карла Сафія Гаскон («Эмілія Пэрэс»), Майкі Мэдзісан («Анора»), Дэмі Мур («Субстанцыя»), Фернанда Торэс («Я ўсё яшчэ тут»).
- «Найлепшая мужчынская роля другога плана». Юры Барысаў («Анора»), Кіран Калкін («Сапраўдны боль»), Эдвард Нортан («Боб Дзілан: нікому невядомы»), Гай Пірс («Бруталіст»), Джэрэмі Стронг («Кандыдат»).
- «Найлепшая жаночая роля другога плана». Моніка Барбаро («Боб Дзілан: нікому невядомы»), Арыяна Грандэ («Злая»), Фелісіці Джонс («Бруталіст»), Ізабэла Расэліні («Канклаў»), Зоі Салдана («Эмілія Пэрэс»).