
Ён высек бюсты Вашынгтона і Касцюшкі для амерыканскага Кангрэса, адкрыў мастацкую школу ў Філадэльфіі, сядзеў у аўстрыйскай турме ў Інсбруку і ўрэшце загінуў у баі падчас Паўстання Кастуся Каліноўскага.
PALATNO расказвае пра Генрыха Дмахоўскага.
Змест
Ад маёнтка бацькі да першага паўстання
Генрых Дмахоўскі нарадзіўся ў 1810 годзе ў маёнтку Забалоцце на Дзісеншчыне (цяпер Мёрскі раён). Дмахоўскі паходзіў з заможнай сям’і: яго бацька, Міхал Дмахоўскі, працаваў сакратаром Адукацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. Маці, Ганна, памерла вельмі рана, калі хлопчыку было ўсяго два гады.
У канцы 1820-х гадоў Дмахоўскі скончыў Віленскі ўніверсітэт. Паводле розных крыніц ён скончыў вучобы ў 1828 ці 1830 годзе. Афіцыйна ён атрымаў юрыдычную адукацыю, але сапраўдным захапленнем маладога хлопца была скульптура. Дмахоўскі пачаў вывучаць яе там жа, у Вільні. Яго настаўнікам быў вядомы майстар Казімір Ельскі.
У 1830 годзе Генрых Дмахоўскі далучыўся да паўстання супраць расійскай улады. Вядома, што ён змагаўся ў атрадзе В. Пяткевіча. Шмат гадоў пасля ўжо прафесійны скульптар Дмахоўскі зрабіў помнік Пяткевічу.
Паўстанне скончылася паразай, таму Дмахоўскаму прыйшлося — эміграваць у першы, але не апошні раз.
Парыж, Львоў, турма ў Інсбруку і зноў Парыж
Адразу пасля падаўлення паўстання Генрых Дмахоўскі з’ехаў у Францыю. Там ён камунікаваў з іншымі дзеячамі паўстання, разам з імі рыхтаваў новы выступ супраць царскага ўрада. Экспедыцыя Заліўскага скончылася няўдачай, але Дмахоўскі стаў крыху бліжэй да радзімы: у 1834-м асеў у Львове (тады Лемберг) пад уладай аўстрыйцаў.
У Львове малады паўстанец хутка трапіў пад нагляд паліцэйскіх органаў. У адной з крыніц сцвярджаецца, што аўстрыйскія паліцэйскія даведаліся пра Дмахоўскага ў Львове ад яго сваяка, святара Казіміра Дмахоўскага. Казімір нібыта напісаў данос, а яшчэ дэталёва апісаў знешнасць і адрас.
Так Дмахоўскі трапіў у аўстрыйскую турму. За кратамі ён правёў сем гадоў. Аўстрыйскія ўлады адправілі Генрыха ў крэпасць-турму ля горада Інсбрук. Каменданта, які са спачуваннем ставіўся да арыштантаў, хутка звольнілі і ўмовы пагоршылі: кайданы, штодзённыя ператрусы, забарона на камунікацыю з іншымі арыштантамі, забарона на кнігі. У адным з рапартаў камендант пазначаў: «Ён, верагодна, цешыў сябе надзеяй на атрыманне свабоды, але, расчараваўшыся, дазваляе сабе тут, як калісьці ў Львове, недарэчныя заўвагі пра незаслужанае пакаранне; пры гэтым ён увогуле запальчывы і злы».
Іншы камендант за год за вызвалення Дмахоўскага пісаў пра яго, што зняволены разумны і валодае многімі мовамі: італьянскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і польскай.
У 1841 годзе адразу пасля вызвалення Генрых з’ехаў у Францыю. У Парыжы ён пражыў дзесяць гадоў, дзе займаўся мастацтвам і скульптурай.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Гітлер-правадыр і Сталін-бацыла. Як у пранацысцкай газеце пісалі пра Гітлера і Сталіна
Прэзідэнт Маккінлі — любімы прэзідэнт Дональда Трампа. Стоп, а хто такі Маккінлі?
А вы ведаеце, што першым прэзідэнтам Гаваяў быў беларус?
Амерыканская старонка жыцця Дмахоўскага
У 1851 годзе Генрых Дмахоўскі пераехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Узяў імя Генры Д. Сандэрс, пасяліўся ў Філадэльфіі.
Там жа адкрыў скульптурную школу і выканаў шэраг важных для кар’еры прац: бюсты Тадэвуша Касцюшкі, Казіміра Пуласкага, Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана і Бенджаміна Франкліна для Кангрэса ЗША. Амерыканскі перыяд для Дмахоўскага аказаўся самым паспяховым, але разам з гэтым змянілася яго асабістае жыццё.
У Філадэльфіі Генрых пазнаёміўся з баварскай піяністкай Геленай Шааф. Яны хутка ажаніліся, але сямейнае шчасце было кароткім. Першае дзіця памерла малым, а пры нараджэнні другога памерла і жонка, і немаўля. Жонку і дзяцей пахавалі на могілках у Філадэльфіі, Дмахоўскі высек помнік з белага мармуру — на ім нанесены надпісы па-англійску і па-польску.

Вяртанне на радзіму і апошняе паўстанне
У 1861 годзе, праз чатыры гады пасля смерці жонкі, Генрых Дмахоўскі вярнуўся на радзіму. Спачатку ён жыў і працаваў у Познані, але ў хуткім часе пераехаў у важны для сябе горад — у Вільню.
У Вільні ён адкрыў скульптурнае атэлье, стварыў бюсты Уладзіслава Сыракомлі, статую святога Уладзіслава, мадэлі для помніка Барбары Радзівіл.
Увесь час Дмахоўскі знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам з-за свайго паўстанцкага мінулага. Аднак гэта не перашкодзіла скульптуру ўключыцца ў падрыхтоўку да новага паўстання, якое адбылося праз некалькі гадоў пасля яго вяртання ў Расійскую імперыю.
Падчас Паўстання Кастуся Каліноўскага ён становіцца паўстанцкім камісарам Дзісненскага павета. Дмахоўскі сфарміраваў баявы атрад ля Мёраў, з якім удзельнічаў у аперацыях супраць урадавых войск.
У маі 1863 года ён паехаў набіраць дадатковыя сілы ў раён Докшыц. Разам з навабранцамі яны пайшлі на Парэчча, дзе іх напаткалі ўрадавыя войскі. Дмахоўскага забілі на месцы падчас бою.
Доўгі час месца пахавання Генрыха Дмахоўскага заставалася невядомым. У сярэдзіне 2000-х падчас пошукавых работ былі знойдзены парэшткі паўстанцаў, забітых падчас паўстання. Сярод парэшткаў паўстанцаў, верагодна, быў і Дмахоўскі.
***Выява Генрыха Дмахоўскага створаная штучным інтэлектам.