На гербах беларускіх гарадоў дзясяткі выяваў святых. Як яны там з’явіліся і хто гэтыя святыя?

беларускія гербы, гербы беларускіх гарадоў, герб радашкавічаў

На дзясятку гербаў беларускіх вёсак, пасёлкаў і гарадоў размяшчаюцца выявы розных святых: ад мучанікаў з апосталамі да Дзевы Марыі і Ісуса Хрыстоса. Чаму іх размяшчалі на беларускіх гербах? Ці даўно яны з’явіліся? Ці гэта сучасная інтэрпрэтацыя, а гістарычныя гербы былі зусім іншымі?

PALATNO расказвае пра гербы беларускіх гарадоў са святамі.

Гарадзец

На Кобрыншчыне ёсць такая вёска Гарадзец. На гербе вёскі выяўлена Дзева Марыя з Ісусам Хрыстосам на руках і Святага Ганна. Па сутнасці, гэта рэлігійны сюжэт, які шырока быў распаўсюджаны ў жывапісу Рэнесансу ў Заходняй Еўропы, асабліва ў каталіцкіх іконах «Святая Ганна ўтрох».

Падобны сюжэт з’явіўся ў Кобрына, калі напрыканцы XVI стагоддзя горад атрымаў магдэбургскае права. Лічылася, што Гарадзец на той час таксама меў той жа кобрынскі герб, бо паселішча падпарадкоўвалася Кобрыну.

ХТО ТАКАЯ СВЯТАЯ ГАННА?
Ганна лічыцца бабуляй Ісуса Хрыстоса. Доўгі час у Ганны і яе мужа, Яўхіма, не было дзяцей. Ганна паабяцала, калі ў яе народзіцца дзіця, то яна аддасць яго Богу. У выніку, у Ганны і Яўхіма нарадзілася Марыя — маці Ісуса.

Гарадзецкі герб шматразова змяняўся: персанажы змяняліся ў памерах і ў размяшчэнні на гербе. Калі падчас надання магдэбургскага права Святая Ганна была самай вялікай на пячатцы (Дзева Марыя і Ісус увогуле сядзяць у яе на каленях), то пазней усё змянілася. Сучасны герб Гарадца — рэканструкцыя Шпунта і Лявіцкага.

Малеч

У вёсцы Малеч з Брэсцкай вобласці на гербе выяўлены Святы Апостал Пётр. Пра Малеч было вядома яшчэ здаўна, а ў сярэдзіне XVII стагоддзя тады яшчэ мястэчка атрымала магдэбургскае права і, уласна, свой герб. Ужо тады на гербе з’яўляецца Пётр з ключамі.

Хто такі Пётр? Пётр быў абраны Ісусам Хрыстосам у ліку апосталаў, а яшчэ атрымаў ад яго два ключы — адзін ад раю, а другі ад пекла. Дарэчы, на гербе Малеча Пётр не адзін, побач з ім знаходзіцца певень. Певень з’яўляецца атрыбутам апостала: згодна з хрысціянскай традыцыяй, падчас апошняй вячэры Хрыстос сказаў, што Пётр адрачэцца ад яго тры разы да таго, як заспявае певень.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Арлы, пеўні і жураўлі. Якія птушкі ёсць на гербах беларускіх гарадоў

 

Кентаўр, пегас і грыфон. Якія міфічныя істоты ёсць на гербах беларускіх гарадоў

 

Сучасныя гербы Хоцімска і Ганцавічаў — адзін гістарычны, а другі міфічны


Ружаны

Былое ўладанне Тышкевічаў і мястэчка з магдэбурскім правам, Ружаны атрымалі герб яшчэ ў часы Вялікага княства Літоўскага. На гербе таго часу быў выяўлены Святы Казімір.

Казімір быў сынам караля і вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка і Альжбеты Ракушанкі. Ён быў набожным чалавекам, жыў у Вільні. Памёр з-за сухотаў. Кананізацыя Казіміра адбылася ўжо праз 40 гадоў пасля яго смерці, аднак кананізацыйную булу страцілі. Таму ў пачатку XVII стагоддзя яго шанаванне як святога аднавілі.

На сучасным гербе Ружанаў на Казіміры — вянок з чырвоных ружаў, у яго руках знаходзіцца крыж і белая кветка (мяркуецца, што гэта можа быць лілея).

Шарашэва

У канцы XVIII стагоддзя кароль Станіслаў Панятоўскі надаў гербы шэрага беларускіх паселішчаў. У шэраг іх увайшло і Шашарэва. На яго гербе была размешчана фігура Святога Гаўрыіла — архангела.

Гаўрыіл даволі папулярная фігура, якую часта пішуць на іконах і карцінах. Ён з’яўляецца адным з трох архангелаў, якога ўзгадваюць у Бібліі (разам з Міхаілам і Рафаілам). Лічыцца, што Гаўрыіл перадае людзям важныя божыя пасланні. На абразах архангел Гаўрыіл звычайна адлюстроўваецца з лілеяй (знак чысціні) або світкам (знак Божай весткі).

У сучасным гербе Шарашэва Гаўрыілу пакінулі толькі лілею, у больш ранейшых варыянтах герба рэлігійны матыў быў больш шырэйшым.

Віцебск

герб віцебска, што на гербе віцебска, гербы беларускіх гарадоў, беларускія гербы

На гербе Віцебска размяшчаецца выява Ісуса Хрыстоса. Віцебск атрымаў герб яшчэ ў 1597 годзе ад караля Жыгімонта III Вазы. На тым гербе таксама быў размешаны вобраз Хрыстоса.

На сучасным гербе ля ліку Хрыстоса размяшчаюцца літарныя сімвалы «IΣ» і «XΣ» (Ісус Хрыстос). Унізе літары «С», якія азначаюць «Спаси и сохрани». Унізе таксама размяшчаецца аголены клінок. Дарэчы, раней на аголеным клінку былі яшчэ і кроплі крыві. Але, як тлумачыцца афіцыйнымі ўладамі, акрываўлены клінок страціў сваю актуальнасць, бо «ў Беларусі ўстойлівае геапалітычнае становішча на еўрапейскай арэне».

Ушачы

На гербе Ушачах размяшчаецца Святы Лаўрэнцій. Свой герб Ушачы, тады мястэчка, атрымалі ў 1758 годзе. Тады ж на гербе з’яўляецца Лаўрэнцій.

Святы Лаўрэнцій з’яўляецца адным з самых вядомых мучанікаў хрысціянскай царквы. Падчас ганенняў на хрысціян у ІІІ стагоддзі Лаўрэнцій адказваў за царкоўныя скарбы і дапамогу бедным — ён быў арыштаваны, як і папа Сікст ІІ. Лаўрэнцій лічыцца апекуном бедных. Звычайна яго паказваюць з рашоткай (на ёй яго спалілі) і пальмавай галіной як сімвалам мучаніцтва.

У пачатку мінулага стагоддзя ва Ушачах пабудавалі касцёл Святога Лаўрэнція. Але ўжо за савецкім часам храм зачынілі, святароў саслалі ў лагеры. Вернікам храм вярнулі ўжо пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Шумілінскі раён

Усё так: менавіта на гербе раёну размяшчаецца архангел Міхаіл. Міхаіл паказаны ў даспехах і крыламі, з паднятай рукой з мячом і шчытом у другой, унізе ляжыць змей. Адкуль у раёна з’явіўся герб з адным з самых вядомых рэлігійных матываў?

У XVII стагоддзі мястэчка Сіроцін, якое знаходзілася на сучаснай тэрыторыі Шуміліншчыны, атрымала магдэбурскае права і герб з выявай Міхаіла. За савецкай уладай Сіроціна перайменавалі ў Шуміліна.

Святы архангел Міхаіл — адзін з галоўных архангелаў, які лічыцца правадыром нябеснага воінства ў барацьбе супраць сіл зла. Міхаіла часта паказваюць на іконах і розных творах мастацтва як воіна ў даспехах, які забівае змея ці цмока, а той, у сваю чаргу, з’яўляецца сімвалам сатаны.

Адэльск

На гербе аграгарадка Адэльска можна ўбачыць Святога Антонія з немаўляці Ісусам на руках.

Гісторык Аляксей Шаланда, які спецыялізуецца на геральдыцы ВКЛ, знайшоў герб Адэльску ў архівах, што датуецца 1792 годам. Шаланда прааналізаваў прывілей Станіслава Панятоўскага, у якім сцвярджаецца, што Адэльск атрымаў герб ад вялікага князя Казіміра IV.

Хто такі Антоній? Ён адзін з самых вядомых айцоў манаства, лічыцца прыкладам аскетызму і адданасці Богу. Антоній нарадзіўся ў багатай сям’і, а пасля смерці бацькоў раздаў маёмасць бедным і пераехаў у пустыню.

Поразава

У гарадскога пасёлка Поразава са Свіслацкага раёна ёсць уласны герб, а на ім — Дзева Марыя з Ісусам на руках. Пра Поразава вядома яшчэ з часоў Вялікага княства Літоўскага. У тыя мястэчка атрымала магдэбургскае права ад Жыгімонта I.

На гербе Поразава паказаны вядомы рэлігійны сюжэт пад назвай «Жонка, адзетая ў сонца»: «…з’явілася на небе вялікая азнака – жонка, адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак. Яна мела ва ўлонні, і крычала ад болю і родавых пакутаў». Лічыцца, што гэтай «жонкай» з’яўляецца хрысціянская царква ў час ганенняў.

Мар’іна Горка

У гербе Мар’інай Горкі размяшчаецца постаць Дзевы Марыі. У часы Расійскай імперыі ў вёсцы Ігуменскага павету (з яе пасля і паўстане горад Мар’іна Горка) пабудавалі царкву Нараджэння Найсвяцейшай Маці Божай. У храме знаходзілася ікона з Марыяй.

Таму Мар’іна Горка і атрымала свой герб з выявай маці Ісуса.

Маладзечна

У сучасным гербе Маладзечна размяшчаецца Дзева Марыя. У часы Расійскай імперыі ў Маладзечне пабудавалі Пакроўскую царкву, у якой знаходзілася ікона «Пакроў». Менавіта з гэтай іконы геральдысты стварылі сучасны герб.

Лічыцца, што гістарычны герб Маладзечна зусім іншы і не мае ніякай сувязі са святымі — гэта герб з папарацю.

Радашкавічы

На гербе Радашкавічаў размяшчаецца выява Святога Стэфана, якую закідалі камянямі. Герб Радашковічы атрымалі ад караля Станіслава Панятоўскага ў 1792 годзе, хаця магдэбурскае права мястэчка атрымала за некалькі стагоддзяў да гэтага.

Святы Стэфан з’яўляецца хрысціянскім мучанікам і лічыцца адным з сямі першых дыяканаў царквы. Стэфана пабіты камянямі ля Іерусаліма — так ён стаў першым мучанікам за хрысціянскую веру.

Узда

На гербе Узды размяшчаюцца двое святых — Пётр і Павел. Што яны там робяць? У сярэдзіне XIX стагоддзя ва Уздзе пабудавалі праваслаўную царкву ў гонар апосталаў Пятра і Паўла. Цікава, што вобраз Пятра на беларускіх гербах не новы, а вось размяшчэнне двух апосталаў разам новы.

ХТО ТАКІ АПОСТАЛ ПАВЕЛ?
Павел быў адным з найбольш значных дзеячаў ранняга хрысціянства. Спачатку Павел пераследаваў хрысціян, але пасля паверыў у Бога, бо яму з’явіўся ўваскрослы Ісус Хрыстос.

Барысаў

Барысаў атрымаў герб пасля шырокамаштабнай раздачы гербаў ад караля Станіслава Панятоўскага напрыканцы XVIII стагоддзя. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай імператрыца Кацярына зацвердзіла новую рэдакцыю герба: там размяшчаўся двухгаловы арол (як знак Расійскай імперыі) і дзве вежы з Пятром.

Святы Пётр — нярэдкая постаць у геральдыцы беларускіх гарадоў. У сучаснай версіі герба таксама размяшчаецца апостал.

Бялынічы

На гербе Бялынічаў размяшчаецца Бялыніцкая Маці Божая з немаўляці ў руках.

У сучасным гербе пасёлка размясцілі адна з самых старажытных вобразаў Магілёўшчыны. Гэты вобраз Бялыніцкай Маці Божай вядомы яшчэ з XIII стагоддзя, яе шануюць праваслаўныя і католікі. Абраз з Бялыніцкай Маці Божай знаходзіўся ў мясцовым кармеліцкім кляштары яшчэ ў пачатку XVII стагоддзя. У часы Расійскай імперыі кляштар перадалі праваслаўным вернікам разам з абразом, а пасля Другой сусветнай знік, хаця захаваліся шматлікія яго копіі.

Мінск

герб мінска, што выяўлена на гербе мінска, беларускія гербы, гербы беларускіх гарадоў

У беларускай сталіцы вельмі красамоўны герб з выявай Дзевы Марыі, якую падтрымліваюць два анёлы, а ля яе галавы лунаюць херувімы.

Мінск атрымаў герб у часы Вялікага княства Літоўскага. Хаця не захавалася прывілея караля Жыгімонта ІІІ, у метрыцы засталася копія з апісаннем герба. Згодна з ёй, у Мінска быў герб з выявай Дзевы Марыі.

На сучасным, як і на старым гербе, паказаны рэлігійны сюжэт з узнясеннем Марыі на неба, а на гэтым шляху яе суправаджалі анёлы і херувімы.

Вярнуцца ўгару