Натхненне

Першая жанчына-геолаг у Расійскай імперыі была родам з Беларусі. Расказваем пра Ганну Місуну


Першая жанчына-геолаг у Расійскай імперыі была родам з Беларусі. Расказваем пра Ганну Місуну

А ці ведалі вы, што першая жанчына-геолаг у Расійскай імперыі нарадзілася ў Беларусі? Ганна Місуна заняла ўнікальнае месца ў геалагічных даследаваннях, а яе навуковая спадчына стала падмуркам для развіцця беларускай геалогіі.

PALATNO расказвае пра Ганну Місуну.

Як дзяўчынка з поўначы Беларусі прайшла да навукі

Ганна Місуна нарадзілася ў 1868 годзе ў сядзібе Забалацце ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні (цяпер гэта Полацкі раён). Ганна паходзіла з сям’і збяднелага шляхціца, аднак менавіта сям’я і ранні інтарэс да прыроды вызначылі яе будучыню.

У 1887 годзе Ганна скончыла прыватную польскую гімназію ў Рызе. Пасля некаторы час працавала настаўніцай. Праз некалькі гадоў дзяўчына вярнулася ў родныя мясціны, дзе інтэнсіўна займалася самаадукацыяй: вывучала прыродазнаўства, вяла перапіску з навукоўцамі з Варшаўскага таварыства даследчыкаў прыроды, збірала калекцыі насякомых і раслін. У той перыяд яна пачала пісаць навукова-папулярныя артыкулы.

У 1893 годзе Ганна на некалькі гадоў едзе на вучобу на прыватныя жаночыя курсы ў Маскву. У дзяўчат праводзілі лекцыі розныя навукоўцы: Паўлаў, Мензбір, Вярнадскі, Сакалоў. Пасля курсаў Місуна едзе ў Германію, а ў Берліне ўдасканальвае веды пад кіраўніцтвам вядомага гляцыёлага Гейнітца. Затым Ганна вяртаецца ў Расійскую імперыі і адпраўляецца ў экспедыцыю, якая вывучала радовішчы жалезнай руды і вугалю ў Тульскай губерні.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Фатограф, навуковец, шляхціц. Расказваем пра Льва Дашкевіча

 

Беларускія вынаходнікі, якія змянілі свет

 

Паплечнік Каліноўскага, стваральнік прататыпа «Кодака», верагодны фальшываманетчык. Кім быў Уладзіслаў Малахоўскі?


Значная частка жыцця Ганны прайшла ў Маскве. Менавіта там яна правяла шмат часу, там займалася навукай і выкладаннем.

У 1906 годзе Ганна стала асістэнткай геалагічнага кабінета Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Дзякуючы гэтаму змагла чытаць курсы па петраграфіі, палеанталогіі і гістарычнай геалогіі. Пасля Кастрычнікага перавароту Місуна працавала прыват-дацэнтам на геалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. Місуна разам з яшчэ адным навукоўцам Сакаловым арганізавала першую школу жанчын-геолагаў.

У 1910 годзе Ганна Місуна прадстаўляла Расійскую імперыю на Міжнародным геалагічным кангрэсе ў Стакгольме.

Навука стала яе жыццём

Асноўнай сферай навуковых інтарэсаў Ганны Місуны былі ледавіковыя працэсы і чацвярычныя адклады. У 1898-1901 гады яна правяла маштабныя палявыя даследаванні ў басейнах Заходняй Дзвіны і Нёмана. Місуна працавала пераважна на ўласныя сродкі, яе падтрымлівала Маскоўскае таварыства выпрабавальнікаў прыроды і Расійскае мінералагічнае таварыства.

ШТО ЗА ЧАЦВЯРЫЧНЫЯ АДКЛАДЫ?
Гэта горныя пароды і слаі грунту, якія ўтвараліся ў чацвярычны перыяд геалагічнай гісторыі Зямлі (ад каля 2,6 мільёнаў гадоў таму і да сучаснасці). Гэта самы малады геалагічны перыяд, які, дарэчы, найбольш выразна паўплываў на сучасны выгляд ландшафтаў Беларусі.

Даследаванні Місуны былі прарыўнымі. Яна стала першай, хто прапанаваў методыку вывучэння канцавых марэн і краявых ледавіковых утварэнняў. Для навукоўцаў такія даследаванні з’яўляюцца важнымі, бо па канцавых марэнах можна вызначыць межы старажытных леднікоў, зразумець этапы зледзянення і дакладна апісаць фарміраванне сучаснага рэльефу. На Беларусь, напрыклад, моцна паўплывалі ледавікі, а многія ўзвышшы — Наваградскае ці Аршанскае — з’яўляюцца марэннымі комплексамі.

Да Місуны даследаванні марэн былі разрозненымі, а яна прапанавала сістэмны падыход разметкі, апісання і класіфікацыі марэн, а яшчэ распрацавала метады картаграфавання такіх утварэнняў. Менавіта таму яе ўклад у гляцыялогію лічыцца наватарскім.

ШТО ЗА МАРЭНЫ І КРАЯВЫЯ ЛЕДАВІКОВЫЯ ЎТВАРЭННІ?
Марэна — гэта пароды, якія ледавік назапашвае, пераносіць і адкладае пры сваім руху. Марэны бываюць розных тыпаў у залежнасці ад таго, дзе яны ўтвараюцца адносна ледавіка. Канцавая марэна ўтвараецца перад ледавіком, на яго краі. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні ўключаюць фактычна ўсё, што ўзнікла вакол краю ледавіка ў перыяд яго стабільнасці або паступовага адступлення.

Місуна выявіла сляды некалькіх этапаў зледзянення на тэрыторыі Беларусі, дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу краіны, даследавала адклады Наваградскага ўзвышша.

Сярод 17 вядомых прац Ганны Місуны дзевяць прысвечаны геалагічнай пабудове Беларусі, Літвы і Польшчы.

Апошнія гады і ўшанаванне памяці

Ганна Місуна памерла 2 мая 1922 года ў Маскве. Яе пахавалі на Новадзявочых могілках — месцы, дзе знайшлі апошні прыстанак многія выбітныя дзеячы культуры і навукі.

У 2003 годзе мемарыяльныя знакі ў гонар даследчыцы былі ўсталяваны ў яе родным Забалацці і гарадскім пасёлку Ветрына. У Полацку і Ветрыне з’явіліся вуліцы, названыя яе імем.