Натхненне

Канфліктаваў з ваеннымі, камунікаваў з сёгунам, памёр у Малі. Першы пасол Расійскай імперыі ў Японію быў родам з Гомельшчыны


Канфліктаваў з ваеннымі, камунікаваў з сёгунам, памёр у Малі. Першы пасол Расійскай імперыі ў Японію быў родам з Гомельшчыны

Іосіф Гашкевіч быў адным з першых грамадзян Расійскай імперыі, хто змог сустрэцца з японскім сёгунам. Ён жа ўвогуле стаў першым консулам Расійскай імперыі ў Японію. Амаль усё жыццё Гашкевіч займаўся ўсходнімі мовамі, вывучаў усходнюю культуру. Палову жыцця ён пражыў у Кітаі і Японіі, а вось напрыканцы вярнуўся на беларускія землі — у маёнтак Малі на Астравеччыне.

PALATNO расказвае пра Іосіфа Гашкевіча.

Знаёмства з Усходам праз Кітай

Іосіф Гашкевіч нарадзіўся ў 1814 годзе ў вёсцы Стралічава на Гомельшчыне. Ён паходзіў з сям’і сельскага святара. Дзяцінства Іофіс правёў на Гомельшчыне, там жа скончыў царкоўнапрыходскую школу. Працягнуў адукацыю ў Мінскай духоўнай семінарыі. Ён лічыўся адным з лепшых вучняў семінарыі, таму яго і яшчэ аднаго хлопца адправілі на вучобу ў Санкт-Пецярбург. У 1839 годзе Іосіф скончыў духоўную акадэмію, атрымаў магістра багаслоўя. Аднак ён не стаў святаром, а пачаў кар’еру перакладчыка. Першай працай для яго стала Руская духоўная місія ў Пекіне.

Гашкевіч правёў у Кітаі дзесяць гадоў. Там ён займаўся даследаваннем кітайскай культуры, вывучыў новыя мовы — карэйскую, японскую, кітайскую мовы. Падчас даследавання Кітаю сабраў багаты энтамалагічны матэрыял.

Пасля вяртання ў Расійскую імперыю працаваў некалькі гадоў у Міністэрстве замежных спраў.

У 1852 годзе Гашкевіча ўключылі ў дыпламатычную місію ў Японію — хутчэй за ўсё, на той час ён быў адзіным у дэлегацыі знаўцам японскай мовы. Першыя дыпламатычныя адносіны паміж Расійскай імперыяй і Японіяй былі заключаныя толькі ў 1855 годзе пры пасрэдніцтве Гашкевіча. За часы місіі ў Японіі ён змог скласці японска-рускі слоўнік, дзякуючы цеснаму знаёмству з будыйскім бонзам Тацібанам но Каасай. Слоўнік быў надрукаваны ў Пецярбургу ў 1857 годзе.

Падчас вяртання ў Расійскую імперыю быў захоплены ў палон англійскімі войскамі — на той час ішла Крымская вайна: яго перавезлі ў Ганконг, затым у Вялікабрытанію. Пасля ён змог вярнуцца ў Расійскую імперыю.

Вяртанне ў Японію і Цусімскі інцыдэнт

У 1858 годзе Іосіфа Гашкевіча прызначалі першым консулам Расійскай імперыі ў Японію. Консульства месцілася на выспе Хакайда ў горадзе Хакадатэ. Гашкевіч займаўся распаўсюджаннем рускай мовы, пры яго пасрэдніцтве ў двух японскіх гарадах працавалі дзве рускія школы.

ЦУСІМСКІ ІНЦЫДЭНТ
У 1861 годзе выбухнуў дыпламатычны і ваенна-палітычны канфлікт паміж Расійскай імперыяй і Японіяй з-за выспы Цусіма. У сярэдзіне XIX стагоддзя Расія актыўна пашырала свой уплыў на Усходзе і шукала апорныя пункты для флоту. Выспа Цусіма мела важнае стратэгічнае значэнне, бо яна дазваляла кантраляваць шляхі паміж Японскім і Усходне-Кітайскім марамі. У 1861 годзе расійскі карабель «Пасаднік» высадзіў дэсант на Цусіме, Японія выступіла з дыпламатычным пратэстам. Вялікабрытанія бачыла ў расійскай прысутнасці пагрозу свайму ўплыву ў рэгіёне, таму накіравалі свой карабель у рэгіён. Брытанскі ціск аказаўся вырашальным.

Гашкевіч вёў перамовы з сёгунам, каб вырашыць канфлікт. Дзякуючы Гашкевічу ў тым ліку, атрымалася вывесці карабель пад кіраўніцтва Бірылёва з Цусімы. Дзейнасць Гашкевіча не падабавалася расійскім вайскоўцам, якія мелі зусім іншыя інтарэсы ў Японіі. У тым жа годзе, што адбыўся Цусімскі інцыдэнт, яго павысілі да генеральнага консула.

Гашкевіч займаўся даследаваннямі і перамовамі з Японіяй. Яшчэ адным намаганнем была спроба замацавання расійскага суверэнітэту над Сахалінам, аднак гэта пытанне не было вырашана падчас яго дзейнасці ў Японіі.

У 1862 годзе Гашкевіч стаў першым грамадзянінам Расійскай імперыі, якому дазволілі аўдыенцыю ў сёгуна Такугавы Іэмоці.

У гэтыя гады Гашкевіч стаў настойліва прасіць Міністэрства замежных спраў аб адстаўцы і вяртанні на радзіму. У 1864 годзе яму дазволілі вярнуцца ў Расійскую імперыю, але паездку давялося адкласці. Будынак расійскага консульства ў Хакадатэ быў цалкам знішчаны з-за пажару, таму ён змог перадаць кіраванне місіяй толькі ў 1865 годзе.

Жыццё  і смерць у Малі

У 1865 годзе Гашкевіч вяртаецца ў Санкт-Пецярбург на працу ў Міністэрстве замежных спраў. Яго вяртанне суправаджалася канфліктамі з ваеннымі, якія працягваліся яшчэ з першых гадоў яго дыпламатычнай кар’еры ў Японіі. Аднак абвінавачванні і паклёп з боку Марскога міністэрства Расійскай імперыі былі адрынутыя пасля таго, як за Гашкевіча выступіў у абарону тагачасны міністр замежных спраў Аляксандр Гарчакоў.

Пасля канфлікту Гашкевіч працягнуў працу. Ён займаўся куратарствам японскіх студэнтаў, якія навучаліся ў Расійскай імперыі. Дарэчы, гэта была яго ініцыятыва, якую ён прапанаваў яшчэ ў часы дыпламатычнай працы.

У адстаўку Гашкевіч выйшаў у 1867 годзе, афіцыйна — па стане здароўя.

У тыя ж часы ён пасяліўся на Астравеччыне, дзе знаходзіўся куплены ім маёнтак Малі. Да смерці ён працягваў займацца ўсходняй філалогіяй, там жа напісаў галоўную працу свайго жыцця — «О корнях японскага языка». На жаль, пры жыцці ён не змог яе апублікаваць. Выданне апублікавалі толькі пасля яго смерці ў 1899 годзе ў Вільні.

Памёр у 1875 годзе ў Малі на Астравеччыне.