
Яйкі для беларусаў былі не толькі важным прадуктам, але сімвалам і магічным атрыбутам. З часам яйка стала неад’емнай часткай Вялікадня і Радаўніцы.
PALATNO расказвае пра яйкі.
Яйка — гэта сімвал жыцця
Яйка для многіх народаў, у тым ліку і для беларусаў, з’яўляецца важным сімвалам — гэта першакрыніца жыцця і ўрадлівасці. Паводле паданняў, сусвет быў створаны з яйка, якое падклала казачная птушка Фенікс або качка. Такое яйка лічылася залатым.
У казках пра Кашча Несмяротнага пералічваюцца рытуальныя сімвалы пад дубам: куфар, заяц, качка і яйка, у якім ляжыць Кашчава смерць.
У яйку продкі беларусаў бачылі магічныя ўласцівасці. Напрыклад, увесну ў полі абавязкова каталі яйка, а пры першай сяўбе трэба было з’есці яйка ў полі, а калі сеялі лён, то падкідвалі яйка. У яйку бачылі сілу, якая можа супрацьстаяць рознай нечысці. Чорта можна забіць маланкай і яйкам, якое знеслі напярэдадні Калядаў.
Існуе павер’е пра магічнае яйка, якое можа знесці певень. Калі такое яйка певень знясе, а самому пеўню мінула сем гадоў, то з яйка народзіцца вогненны Змей (Цмок).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Беларускія прыказкі пра жанчын. Спойлер: яны могуць вельмі абурыць
Яйкі і Вялікдзень
Яйка заўсёды знаходзілася ў цэнтры велікоднай абраднасці.
У хрысціянстве пафарбаванае ў чырвоны колер яйка сімвалізуе кроў, пралітую Ісусам Хрыстом дзеля збавення людзей ад грахоў. Велікодныя яйкі каталі з горак, клалі ў зерне, якое падрыхтоўвалі на пасеў. Нават вада, у якой фарбавалі яйкі, лічылася гаючай.
Падчас сяўбы на полі раскідвалі шкарлупіны ад велікодных яек. А ў хаце шкарлупіны ад такіх яек клалі ў шчыліны бярвенняў — гэта было абаронай ад прусакоў.
На Радаўніцу, які лічацца Вялікаднем памерлых, пафарбаваныя яйкі пакідалі на могілках. Там жа яйкі крыжападобна каталі, бо гэта лічылася сродкам часовага ажыўлення мёртвых.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Што такое Радаўніца і чаму беларусы яе адзначаюць?
У некаторых мясцінах Беларусі на Радаўніцу на могілках распальвалі вогнішча і пяклі там яешню. Яйка і яешня былі магічным сродкам, якія забяспечвалі маладым людзям дзетароднасць.
Бонус: яешня — гэта таксама важна?
Яешня лічыцца абрадавай стравай, асабліва ў пастухоў. Абавязковай лічылася яешня ў дзень святога Юр’я. Звычайна яйкі і іншую ежу пастухам давалі гаспадары: гэта было своеасаблівым праяўленнем ахвяраваннем богу свойскай жывёлы.
У якасці рытуальнай стравы яешня была і на іншыя святы — Дзяды, Міколаў дзень, на другі дзень Сёмухі (Тройцы).