Як даўжэй захаваць рэчы і навошта гэта ўвогуле рабіць

экалогія, як экалагічна апранацца

Кожны сезон многія з нас з задаваленнем спакушаюцца на рэкламу і трэнды, дадаючы новую рэч у без таго перапоўнены гардэроб. Але ці задумваемся мы, што адзенне таксама мае свой тэрмін жыцця? Падоўжыць яго — значыць не толькі сэканоміць грошы і скараціць час пошукаў адказу на пытанне «Што апрануць сёння?», але яшчэ і паклапаціцца пра экалогію. 

Разбіраемся, чаму важна даглядаць рэчы і як гэта рабіць разам з праектам аб устойлівай модзе Sviadomy šyk, які дэманструе, што беражлівыя адносіны да планеты могуць быць стыльнымі і сучаснымі.

Нагрузка на экалогію

Чым даўжэй выкарыстоўваць адзенне, тым меншая патрэба ў новым. Дзякуючы гэтаму змяншаецца вытворчасць, і, адпаведна, менш выдаткоўваецца рэсурсаў. Так можна эканоміць ваду і энергію, а заадно знізіць выкіды парніковых газаў. Калі насіць адзенне доўга, можна знізіць колькасць адходаў, якія трапляюць на сметнікі. Як следства, знізіцца і колькасць метану, які ўтвараецца на звалках пры раскладанні.  

Звычка працягла карыстацца адзеннем памяншае залежнасць ад сельскагаспадарчых культур, напрыклад, бавоўны, якія патрабуюць вялікіх тэрыторый і пестыцыдаў. Тым больш хімікаты, якія выкарыстоўваюцца пры вырошчванні той жа бавоўны, уплываюць на здароўе фермераў (раз, два).

Памылкі пры доглядзе за адзеннем

Напрыклад, змяшанае і частае мыццё розных тыпаў тканін — яно пагаршае іх стан і прыводзіць да хуткага зносу. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка — мыццё пры неадпаведнай тэмпературы. Цэтлікі на вопратцы важна чытаць, каб рэч праслужыла даўжэй. 

Вялікая няпростая тэма — гэта пральныя сродкі. У ідэале лепш выкарыстоўваць біяраскладальныя пральныя сродкі без агрэсіўных хімікатаў і фасфатаў (алкілбензолсульфанаты, хларынавыя злучэнні і іншыя). Для далікатных тканін і каляровага адзення лепш выбіраць спецыялізаваныя вадкія сродкі, а для белай бялізны — склады з кіслароднымі адбельвальнікамі.

Таксама могуць быць праблемы з захоўваннем сезонных рэчаў, якія важна складваць чыстымі асобна у шафе. Яшчэ адной памылкай можа быць адмова ад рамонту рэчаў — асабліва гэта тычыцца абутку, які патрабуе дадатковага догляду.

Можна скарыстацца наступнымі парадамі:

  • Запасіцеся мяшкамі для прання, каб абараніць адзенне ад пашкоджанняў у машыне
  • Не забывайцеся пра натуральныя сродкі ад плям — соду, воцат або лімонны сок 
  • Рамантуйце, а не выкідайце: можна зашываць дзіры, змяняць дэталі для падаўжэння жыцця адзення ці перашываць нешта — кастам і апсайклінг ніхто не забараняў
  • Пацікаўцеся праграмамі, якія дапамагаюць з рэкамендацыямі па мыцці і догляду за адзеннем, напрыклад Laundry Lens.
ШТО ЗА КАСТАМ І АПСАЙКЛІНГ?
Кастам — працэс індывідуальнага змянення або адаптацыі прадметаў, каб яны адпавядалі асабістым перавагам, густу або патрэбам. Апсайклінг — перапрацоўка старых або непатрэбных рэчаў у новыя з большай каштоўнасцю або якасцю.

Пры належным доглядзе многія рэчы могуць праслужыць вам дзесяцігоддзямі. Вядома, калі прымаць да ўвагі экалагічны аспект, то лепш выбіраць натуральныя матэрыялы і шчыльныя тканіны — лён, воўна, шоўк, дэнім, габардзін, твід, фланель і іншыя.

Калі вы купляеце fast fashion, гэтыя прадметы адзення ў прынцыпе не разлічаны на доўгатэрміновае выкарыстанне. Таму адмова ад fast fashion — гэта ўжо вялікі крок.

ШТО ТАКОЕ FAST FASHION?
Fast fashion — масавая вытворчасць таннага адзення, якое хутка выходзіць з моды і мае кароткі тэрмін службы.

Уплыў slow fashion на стыль жыцця

экалогія, як экалагічна апранацца

Культура slow fashion заахвочвае асэнсаваны падыход да спажывання, падкрэсліваючы якасць над колькасцю. 

Прынцыпы эка-прыязнасці не так проста ўкараніць у жыццё. Пайсці і купіць джынсы ў гандлёвы цэнтр — гэта заўсёды хутка і лёгка. А вось падумаць пра тое, як вырабнік зрабіў гэтыя джынсы, колькі рэсурсаў на іх затраціў — гэта можа здавацца нудным і сумным. 

Экалагічная ўсвядомленасць пачынаецца з нейкага аднаго аспекту паўсядзённага жыцця чалавека можна паступова спыніць карыстацца аднаразовымі шклянкамі і пакетамі, пачаць здаваць смецце на перапрацоўку. На гэта патрэбны час, разуменне чаму і для чаго гэта робіцца, падтрымліваючая атмасфера і прывабныя інфармацыйныя і адукацыйныя рэсурсы.

То бок, жыццё не па прынцыпу «адзін сезон — адна рэч» — гэта ў першую чаргу пра ўсвядомленасць, пра асяроддзе і фармаванне звычак.

Таксама важную ролю ў зменах адыгрываюць заканадаўчыя меры. Напрыклад, новае заканадаўства (раз, два), якое запрацуе ў Еўропе ў 2025 і якое абавязвае вытворцаў удзельнічаць у сістэме пашыранай адказнасці (збіраць, сартаваць і перапрацоўваць тэкстыльныя адходы), можа змяніць стаўленне людзей да моды, і прынцып «адзін сезон — адна рэч» таксама стане менш выгадным.

Капсульны гардэроб як прыклад устойлівай моды

Капсульны гардэроб — тэрмін, прыдуманы ў 1970-х гадах. Слова «капсульны» выкарыстоўваецца ў значэнні «маленькі і кампактны». Гэта калекцыя з некалькіх узаемазаменных прадметаў адзення, зробленая каб максімальна павялічыць колькасць вобразаў, якія можна стварыць. Мэта гэтага ў тым, каб мець адзенне, якое падыходзіць для любога выпадку, без лішніх рэчаў у гардэробе.

Некаторыя парады для стварэння капсульнага гардэроба:

  • Аналіз: вызначыць рэчы з уласнага гардэробу, якія часта выкарыстоўваюцца, і пазбавіцца ад рэдка выкарыстоўваемых.
  • Выбар нейтральнай каляровай палітры, якая дазваляе камбінаваць адзенне.
  • Акцэнт на базавых рэчах (класічныя штаны, джынсы, нейтральныя футболкі, кашулі, жакеты), якія лёгка дапаўняюцца аксесуарамі.
  • Прыярытэт брэндаў, якія падтрымліваюць экалагічныя і этычныя стандарты.
  • Перавага якасці перад колькасцю з улікам ладу жыцця і патрэбаў.

Догляд за рэчамі як частка нацыянальнай культуры

На постсавецкай прасторы традыцыя рамонту адзення, абутку і бытавой тэхнікі захавалася яшчэ з часоў СССР, калі дэфіцыт тавараў рабіў эканомію абавязковай. У той жа час, у Японіі ёсць філасофія «моттайнай» — ідэя павагі да рэсурсаў і прадухілення іх марнатраўства. Яна адлюстроўвае стаўленне да рэчаў: іх імкнуцца выкарыстоўваць максімальна доўга і з асцярожнасцю.

Таксама ў скандынаўскіх краінах або, напрыклад, у Германіі, умеранасць і збалансаванае спажыванне, уключаючы адзенне і дамашнія рэчы — гэта базавы прынцып на нацыянальным узроўні. Ідэі ўмеранасці ў тым ліку садзейнічае заканадаўства, якое стымулюе перапрацоўку і мінімізацыю адходаў.

Ці можна пераасэнсаваць традыцыйныя тэхнікі для сучасных патрэбаў?

экалогія, як экалагічна апранацца

​​Менавіта гэтым Sviadomy šyk збіраецца заняцца разам з Art Yard Community, ствараючы праект эка-фэшн лабараторыі

Арганізатары праекту хочуць узяць лепшыя прыклады традыцый і зрабіць з іх новы прадукт, які будзе актуальны і можа выкарыстоўвацца проста зараз у рамках праекта, дома ці нават бізнесу. 

У рамках праекта будуць распрацаваны гайды, якімі змогуць карыстацца як прафесійныя дызайнеры і мастакі, так і людзі без досведу ў гэтым кожны зможа па інструкцыі прымяніць веды на практыцы. Арганізатары плануюць:

  • ствараць фарбавальнікі з раслін
  • праводзіць мерапрыемствы для шырокай аўдыторыі свопы i воркшопы па натуральным афарбоўванні тканін
  • вывучаць, пераасэнсоўваць і стылізаваць элементы нацыяльнага беларускага строя разам з VOĹGA, мастачкай і дызайнеркай касцюма 

У канцы праекта будзе прэзентавана капсульная калекцыя адзення, тэхналогія па стварэнні якой можа быць прыкладам для іншых брэндаў. Падтрымаць праект эка-лабараторыі можна тут.

ШТО ЗА СВОПЫ І ВОРКШОПЫ?
Своп мерапрыемства, на якім людзі абменьваюцца рэчамі (адзеннем, кнігамі, аксесуарамі і іншымі прадметамі). Воркшоп інтэрактыўны занятак або майстар-клас, дзе ўдзельнікі актыўна ўключаюцца ў працэс навучання, абмену ідэй або стварэння праекта пад кіраўніцтвам эксперта.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Як кітайскія інвестыцыі ўплываюць на беларускую экалогію

 

Мода па-беларуску: расказваем пра беларускіх дызайнераў, якія сталі вядомымі за мяжой

 

«Мы — рэакцыя на тое, што адбываецца». Як жывуць і што ствараюць брэнды, якія нарадзіліся пасля беларускіх пратэстаў


Будучыня моды — усвядомлены выбар

Ужо цяпер існуе даволі шмат паспяховых брэндаў, якія займаюцца апсайклінгам, вязаннем і іншымі экалагічнымі спосабамі стварэння вопраткі. У брэндаў есць і пакупнікі, і супольнасць, якая цікавіцца гэтымі тэмамі. Асобна можна ўзгадаць праект «Калі ласка» — вельмі паспяховы і круты.

Вядома, гэтага недастаткова: важна, каб такія пытанні таксама вырашалі на дзяржаўным узроўні. Тым не менш, праект Sviadomy šyk  лічыць, што беларуская моладзь вельмі прагрэсіўная, сочыць за трэндамі, а экалагічны лад жыцця — гэта трэнд. Таму тэма slow fashion будзе толькі набіраць папулярнасць.

Мы можам выбраць, ці падтрымліваць ланцужок вытворчасці, якая прыводзіць да забруджвання і эксплуатацыі, ці ж стаць часткай змяненняў, выбіраючы больш усвядомленыя, экалагічныя і этычныя альтэрнатывы.

Індустрыя моды ў лічбах:

  • Выкіды CO2 — па дадзеных UNEP (United Nations Environment Programme) мода адказная за прыкладна 10% сусветных выкідаў вуглякіслага газу — больш, чым авіяцыя і суднаходства разам узятыя.
  • Выкарыстанне таксічных фарбавальнікаў — паводле дадзеных Сусветнага банку, індустрыя моды займае 2 месца па ўзроўні забруджвання вады пасля сельскай гаспадаркі.
  • Забруджванне пластыкам — сінтэтычныя тканіны, такія як поліэстэр, вылучаюць мікрапластык пры кожным мыцці, што адбіваецца на здароўе акіянаў і жывых істот.
  • Дыскрымінацыя жанчын — згодна з Міжнароднай арганізацыяй працы, жанчыны недастаткова прадстаўлены на кіруючых пасадах на фабрыках і выконваюць самую нізкааплачваную працу. Так, у Бангладэшы толькі каля 10% жанчын займаюць кіруючыя пасады на фабрыках.

 

Аўтар Тарас Заборскі

Вярнуцца ўгару