Натхненне

Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву


Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву

Уяві, што ты жывеш перад стварэннем Вялікага Княства Літоўскага. Тысячу гадоў таму быў вельмі небяспечны час: з аднаго боку наступаюць крыжакі, з іншага — чакаюць зручнага моманту мангола-татары. Большасць думае, як перажыць зіму і не памерці падчас чарговага нападу ворагаў, а ты думаеш, як стварыць уласную дзяржаву. Прыкладна ў такіх абставінах пачыналася гісторыя Міндоўга і ВКЛ.

PALATNO разбіраецца ў пачатку Вялікага Княства Літоўскага.

Дзе і як усё пачалося

Калісьці на тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы жыла сумесь розных плямёнаў: крывічоў, дрыгавічоў, балтаў. На тэрыторыі Верхняга Панямоння — рэгіёне паміж Нёманам і Бярэзіной — славяне і літвіны доўга жылі побач. У іх былі падобныя звычаі, этнічнай мяжы амаль не існавала, а буйных канфліктаў паміж імі, хутчэй за ўсё, не было. За дзвесце гадоў да аб’яднання гэтых зямель у Вялікае Княства Літоўскае балты і славяне жылі побач адны з аднымі.

У той жа час Літва была данніцай Русі. Даніна была, скажам так, не цяжкім абавязкам — летапісец Ян Длугаш сцвярджаў, што літвіны плацілі яе дубовай карой, бо іншага ў іх нічога не было. З-за таго, што кантроль над Літвой быў мінімальным, гэта азначала адно: быў час і прастора, каб з раздробленых плямёнаў пракачацца і эвалюцыянаваць да чагосьці большага.

Балцкія плямёны ў той час жылі на пераддзяржаўным узроўні. У іх былі мясцовыя лідары, якіх называлі «кунігасы» (роднаснае славянскаму «князь»). З часам яны вызваліліся ад данніцы і пачалі рабіць набегі на суседнія княствы. Цікава, што сведчанняў пра разбурэнні літвінамі Полацкага, Менскага ці Наваградскага княстваў у гістарычных крыніцах няма.

Нягледзячы на гэта ўсё, унутранай сацыяльнай арганізацыі было мінімум, не існавала цэнтральнай улады: сістэма была стабільнай, але не рухалася наперад.

І тут на сцэну выходзяць крыжакі і татары, якія, у тым ліку, сталі аднымі з рухавікоў працэсу ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

ВКЛ — гэта Вестэрос. Зараз дакажам

 

Разбіраемся ў магнацкіх родах ВКЛ

 

Чатыры жонкі Ягайлы. Як склаліся шлюбы апошняга паганскага князя ВКЛ


Пагроза, якая дапамагла стварыць ВКЛ

Знешняя пагроза ўзмацнілася ў пачатку XIII стагоддзя: з двух бакоў рухаліся варожыя крыжацкія ордэны. Большасць балцкіх плямёнаў не змагла супраціўляцца крыжацкаму наступу. Адзіным выключэннем была Літва, якая змагла арганізаваць супраціў крыжакам.

Але гэта не была адзіная праблема. У сярэдзіне XIII стагоддзя ўзнікае новая пагроза для беларускіх зямель: войскі мангольскага Бату-хана, унука Чынгіз-хана, паслядоўна заваявалі большасць зямель Русі. Княствы на сучаснай тэрыторыі Беларусі нашэсце закранула ў меншай ступені. Для княстваў на беларускіх землях былі два шляхі: чакаць непазбежнага заваявання татарамі ці парваць сувязі са старой сістэмай, якая азначала аўтаматычнае прызнанне ардынскага хана.

Сярод магчымых саюзнікаў разглядалі каталіцкі Захад ці саюзнікаў суседняй Літвы. Цікава, што ў сярэдзіне XIII стагоддзя ў Полацку чаргаваліся літоўскія і рускія князі.

Пакуль рускія князі шукалі саюзнікаў, а літоўскія плямёны змагаліся з крыжакамі, у самой Літве пачаліся цікавыя працэсы і з’явіліся моцныя лідары.

Міндоўг і яго дынастыя

Пакуль іншыя плямёны не паспелі арганізавацца для супраціву, Літва ўжо мела перавагу — у іх была палітычная эліта. Спачатку быў Даўгерд — магутны князь, які спрабаваў стварыць антыкрыжацкі альянс, але загінуў. Пасля яго магутнымі князямі становяцца Жывібуд, Даўспрунк і Міндоўг. Іх называюць «старэйшымі» ў летапісах — гэта значыць, што яны былі не толькі моцнымі князямі, але мелі сур’ёзную палітычную вагу.

З часам галоўным гульцом стаў Міндоўг. Паступова князь пачынае збіраць пад свой кантроль землі: Наваградская зямля, Ваўкавыск, Слонім, Здзітаў, і пры гэтым кіруе сваёй часткай Літвы.

Ключавым паваротам быў пераход Наваградка пад уладу Міндоўга. Невядома, як там аказаўся князь: магчыма, яго паклікалі на княжанне, магчыма — захапіў горад сам.

Міндоўг не толькі займаецца войскам і бітвамі, ён лавіруе паміж паганствам і хрысціянствам: князь добра разумее, што дзяржава будуецца не толькі з дапамогай мячоў, але і дыпламатыяй.

Акрамя знешніх ворагаў у Міндоўга ёсць канкурэнты побач з ім, якія аб’ядноўваюцца і намагаюцца падзяліць здабытыя князем уладанні. Міндоўг робіць свой ход: прымае каталіцтва і атрымлівае каралеўскую карону ад папы Рымскага — 1253 год стаў годам, калі князь становіцца каралём.

Каралеўскі статус быў атрыманы не проста так. Гэта было прызнаннем дзяржавы як міжнароднага гульца, а ўсе іншыя гульцы пачынаюць размаўляць з Міндоўгам больш сур’ёзна. Міндоўг часова нават саступіў крыжакам частку Жамойці, а Наваградак быў перададзены Раману Данілавічу.

войска вкл, воіны вкл, армія вкл
Воін ВКЛ. Выява створаная штучным інтэлектам.

Да сярэдзіны XIII стагоддзя Міндоўг ужо фарміруе сістэму: этнічная Літва знаходзіцца пад прамой уладай, іншыя землі — у васальнай залежнасці. У 1260 годзе Міндоўг раптоўна рве адносіны з каталіцтвам, яшчэ праз тры гады першага князя ВКЛ забіваюць.

Неабмежаваная ўлада, якой дасягнуў Міндоўг напрыканцы жыцця, выклікала незадаволенасць у іншых князей, яго васалаў. Лічыцца, што жамойцкі князь Траняты, нальшчанскі князь Даўмонт, полацкі князь Таўцівіл і ваявода Яўстафій Канстанцінавіч уступілі ў змову. Згодна з хронікай Кракаўскага капітула, Міндоўг быў забіты 5 жніўня 1263 года.

Лёс змоўшчыкаў быў таксама трагічны. У барацьбе за ўладу загнінуў Таўцівіл. Княжыць стаў Транята, а ў Полацку — Гердзень. Праз год пасля забойства Міндоўга загінуў і Транята (таксама ў выніку змовы). Пасля гэтага ўладу атрымаў сын Міндоўга Войшалк, які пакараў віноўнікаў бацькавай смерці.