
Як прыгожа «завярнуць» пра каханне і адносіны? Што сказаць пра здрадніка, які ходзіць ад жонкі да другой жанчыны? Гэта і яшчэ шмат-шмат усяго хаваюць у сабе беларускія прыказкі.
PALATNO прыгадвае прыказкі пра адносіны і каханне.
Змест
- «Ад вялікіх любошчаў сабачае разбежышча»
- «Быў час, калі любілі і нас»
- «Вясной і травінка да травінкі хінецца»
- «Еш з голаду, любі з моладу»
- «Каханне і кашаль не схаваеш (не ўтоіш)»
- «Сэрцу не загадаеш»
- «У закаханай кухаркі няўдалая страва выходзіць»
- «У каханкі смаляныя лаўкі»
- «Хоць за вала, абы дома не была»
- «Даганяючы не нацалавацца»
- «Дай бог адным кавалкам удавіцца»
- «Крывое дрэва ў сук расце»
- «Першая жонка ад бога, другая ад людзей, а трэцяя ад чорта»
- «Шлюб быў пад плотам, а вяселле потым»
- «Куды іголка, туды і нітка»
- «Не выбірай дзеўку ў карагодзе, а ў агародзе»
- «Няхай хоць сава, абы з другога сяла»
- «Паляваў куню, упаляваў красуню»
- «Чужая жонка мёдам мазана, а свая смалой»
«Ад вялікіх любошчаў сабачае разбежышча»
Занадта працяглыя дашлюбныя любоўныя адносіны не заўсёды ўдачныя:
«— Але ж ты сама ведаеш, які цяпер свет пайшоў… Гэты Мікалаевіч, хоць і настаўнік, але ж ад яго таксама ўсяго можна чакаць… Бо чаго ж ён гэтак доўга валаводзіцца? Праўду ж людзі гавораць, ад вялікіх любошчаў сабачае разбежышча…» (В. Дайліда, «Буслы над вёскай»).
«Быў час, калі любілі і нас»
Так могуць сказаць старыя людзі, калі прыгадваюць маладыя гады ці каханне:
«Не ўжо, браце. Ды і навошта? Дзеўкі цябе і так любяць. Эх-хе, быў час, калі любілі і нас. Праўда, на ігрышчы мы на сваіх дваіх бегалі, а вы на трактары едзіце» (Л. Леановіч, «Чабор»).
«Вясной і травінка да травінкі хінецца»
Так гавораць пра вясну як перыяд абуджэння прыроды і час кахання:
«Жыццё працягвалася, а прырода брала сваё: вясной і травінка да травінкі хінецца. А тут абое маладыя, у самай сіле» (А. Варановіч, «Валацуга»).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Ад шмаравідла да самадайкі. Каханне і секс па-беларуску
Фразы, якія дапамогуць вам культурна сварыцца па-беларуску
Шлюб у Беларусі: куды ісці, што спатрэбіцца і колькі каштуе
«Еш з голаду, любі з моладу»
Так кажуць пра тое, што ўсё павінна рабіцца ў свой час, звычайна кажуць гэту фразу ў дачыненні да кахання.
«Каханне і кашаль не схаваеш (не ўтоіш)»
Так гавораць пра немагчымасць захаваць у таямніцы каханне:
«— А твая маці… нічога не гаворыць? — Гаворыць. Кажа, каб позна не прыходзіла. А так проста пакрыквае. Я прымаўку адну вычытала… Сказаць? — Скажы. — Каханне і кашаль не схаваеш… — і бліснула з-пад рукі хітрым вокам» (А. Кажадуб, «Дуб»).
«Сэрцу не загадаеш»
Так гавораць, калі немагчыма прымусіць сябе кахаць ці не кахаць каго-небудзь:
«Сэрцу не загадаеш. Так і выйшла Аніся замуж за Сяргея Круцяля, які быў кааператыўшчыкам у суседнім сяле» (М. Лынькоў, «Насустрач жыццю»).
«У закаханай кухаркі няўдалая страва выходзіць»
У чалавека, які закахаўся, не ўсё добра ідзе на працы:
«Адно словазлучэнне — “нешта пісалася” — вельмі шмат значыць для характарыстыкі псіхалогіі іх творчасці. Не буду развіваць… Бо нешта атрымліваецца як у прыказцы: “У закаханай кухаркі няўдалая справа выходзіць”. Як і ў самазакаханых пісьменнікаў творы» (І. Запрудскі, «Сапраўды-2»).
«У каханкі смаляныя лаўкі»
Так кажуць, калі прыходзіш да каханай і доўга знаходзішся ў яе:
«Жартаўлівыя ж людзі пасля смяяліся, што палкоўнік Вэйтка еў куццю ў свае каханкі, а “ў каханкі — смаляныя лаўкі”, дык ён прыліп там, заседзеўся і спазніўся пачаць выступленне» (М. Гарэцкі, «Віленскія камунары»).
«Хоць за вала, абы дома не была»
Так гавораць з кпінай пра дзяўчыну, якая з-за пэўных прычын гатова пайсці замуж, не моцна перабіраючы кандыдатуры:
«Седзячы побач, ён думаў зусім другое: “Яна не кахае мяне, ёй цяпер хоць за вала, абы дома не была, абы схаваць свой дзявочы сорам» (Б. Сачанка, «Дзік-бадзяга»).
«Даганяючы не нацалавацца»
Калі каротка: сілай не прымусіш палюбіць сябе:
«Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца» (В. Дунін-Марцінкевіч, «Пінская шляхта»).
«Дай бог адным кавалкам удавіцца»
Ужываецца як выказванне надзеі або пажадання ці парады пражыць усё жыццё з адным чалавекам:
«Любім, каб нам ва ўсім патакалі жонкі. А як не так, адразу разводзіцца бяжым, другую шукаем. А мне здаецца, калі ўжо давіцца, то адным кавалкам» (У. Кузьмянкоў, «Такая доўгая ноч»).
«Крывое дрэва ў сук расце»
Кажуць пра мужчыну малога росту ці кульгавага, але вельмі здатнага на любошчы:
«З таго вечара ці, можа, правільней, ночы зацялася Клаўдзя на Хомку, амаль не гаварыла. А калі слова якое і скажа, дык не проста так, а з падкусам: “А я верыла, што і праўда крывое дрэва ў сук расце”, — скажа і засмяецца» (Б. Сачанка, «Вялікі Лес»).
«Першая жонка ад бога, другая ад людзей, а трэцяя ад чорта»
Так кажуць таму, хто другі ці трэці раз жэніцца:
«— Навошта табе гарадская? Бяры нашу, гарадоцкую. Баявая, працавітая. Табе догляд трэба, каб зварыць умела. Ці любіш? — І сам не ведаю. — Гэта не ўсё жыццё. Першая ад бога, другая ад людзей, а трэцяя ад чорта. Помні» (Г. Марчук, «Кветка правінцыі».
«Шлюб быў пад плотам, а вяселле потым»
Так кажуць пра пазашлюбныя сувязі паміж хлопцам і дзяўчынай, гаворыцца заўсёды з асуджэннем:
«Цяпер у вас, маладых, так: любоў пад плотам, а вяселле потым. Адсюль і жорсткасць, сіроцтва і зло» (А. Масарэнка, «Лесавікі»).
«Куды іголка, туды і нітка»
Так гавораць пра людзей, цесна звязаных паміж сабой, часцей пра мужа і жонку:
«Выходзіць, што без Сяргея не абыдзешся. Вось дык звёў нас лёс, нібы нітку з іголкай! Куды адзін, туды і другі…» (Р. Няхай, «Туман над стэпам»).
«Не выбірай дзеўку ў карагодзе, а ў агародзе»
Так раяць маладому хлопцу шукаць будучую жонку, якая будзе працавітай.
«Няхай хоць сава, абы з другога сяла»
Так гаварылі пра звычай браць жонку не са сваёй вёскі:
«Дзеўку Ігар браў не валюхаўскую, знайшоў ён сабе хамут на шыю аж у Церабеях, вёсцы, што стаіць на Месяц-возеры, кіламетраў за дзесяць адсюль. Нездарма кажуць: хоць сава, абы з другога сяла» (А. Кажадуб, «Высока сонейка, высока»).
«Паляваў куню, упаляваў красуню»
Так кажуць пра таго, хто выбраў жонку добрую, прыгожую дзяўчыну:
«— Але ж не вельмі добра і тады, калі — во, як Уладка, — з печы полымем, з хаты — дымам, з двара — віхрам. — А ты што думаў? — смяецца дзядзька Амброжык. — Паляваў куню, упаляваў красуню» (А. Лойка, «Як агонь, як вада»).
«Чужая жонка мёдам мазана, а свая смалой»
Кажуць пра таго, хто аддае перавагу не жонцы, а іншай жанчыне:
«[Брындзюкоўна:] Вось верціхвостка! Вось няшчасце на маю галаву, сораму на ўвесь горад. Гэта ж падумаць мяне, бургамістаршу, на гэтую верціхвостку памяняць! [Несцярэнка:] Э-э, хто без грэха. Чужая жонка мёдам мазана, а свая смалой» (У. Бутрамееў, «Новыя прыгоды Несцеркі»).