Будзьце асцярожныя: гэтых беларускіх нячысцікаў вы можаце сустрэць летам

свіцязянка, беларускія нячысцкі, беларуская міфалогія

Беларускае лета — гэта не толькі Купалле, але і час, калі па лясах, лугах і азёрах ходзяць нябачныя істоты. Нашы продкі ведалі: пад вадой жывуць Азярніцы, у хляве можна сустрэць малочных ведзьмаў, у кустах — Лознікоў, а на палях блукае Палявік. Гэтых нячысцікаў можна было амаль на 100% сустрэць летам (калі вы ў іх верыце).

PALATNO расказвае пра летніх нячысцікаў.

Свіцязянкі — возера памятае ўсё

Свіцязянкі — прыгожыя, белатварыя дзяўчаты з возера Свіцязь. Паводле легенды, яны — душы жанчын з затопленага горада Свіцязь. Горад затапілі багі па просьбе саміх жыхароў, бо да гораду падыходзілі рускія войскі, якія перамаглі вялікага князя Міндоўга і гаспадара горада. Горад затапілі, каб не дапусціць ганьбы на жыхароў.

Кажуць, у цішыні возера можна пачуць стогны свіцязянак.

Гісторыя свіцязянак, па паданню, стала вядомая ад іх саміх. Бо свіцязанку можна злавіць невадам у возеры — і яны тады самі расказваюць гісторыю горада і яе жыхароў.

Малочныя ведзьмы — няпрошаныя госці ў хляве

малочныя ведзьмы, беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія, ведзьмы беларусі
Малочная ведзьма. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Самымі шкоднымі нячысцікамі лічыліся малочныя ведзьмы. Яны адбіралі ў кароў малако, а потым рабілі з яго сваё. Асабліва актыўнымі малочныя ведзьмы былі на Юр’е і Купалле. На Купалле чэрці і малочныя ведзьмы збіраліся, купаліся ў выкрадзеным малацэ, нават ездзілі на каровах!

Малочныя ведзьмы ніколі не насілі з сабой скрадзенае малако. Часам ім было дастаткова ўтыркнуць нож у дрэва, а з яго пачынала цячы малако.

Малочныя ведзьмы пераўтвараліся ў жаб, котак, сабак, ласак, нават курэй і змей. Калі такую «жывёлу» бачылі ў хляве, яе білі крыж-накрыж лазовым прутам. А каб не пацярпець ад малочных ведзьмаў, кароў абавязкова абаранялі: крыжамі, соллю, макам.

Малочныя ведзьмы маглі адабраць малако ў кароў рознымі метадамі. Яны маглі толькі глянуць на вымя каровы ці высмактаць малако, калі ператвараліся ў жывёл. Калі гаспадар быў неасцярожны, то ведзьмы кідалі дзевяць камянёў у ваду і малако «пераходзіла» да ведзьмаў.

Азярніцы — халодныя паненкі з возера

азярніца, беларуская міфалогія, беларускія нячысцікі
Азярніца. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Каля вёскі Брусы на Мядзельшчыне ў глыбіні лесу ёсць Чорнае возера. І менавіта там, як казалі мясцовыя, жывуць Азярніцы. Яны не былі звычайнымі русалкамі: Азярніцы выглядалі, як маладыя жанчыны з доўгімі зялёнымі валасамі, цёмнай скурай і плаўнікамі замест ног. Замест крыві ў іх была вада, апраналіся яны ў сукенкі з багавіння.

Калі Азярніцы выходзяць на бераг, то між сабой размаўляюць на нейкай птушынай мове. А калі застаюцца пад вадой — спяваюць.

Людзі могуць бачыць Азярніц, але да іх лепш не падыходзяць. Яны любяць зацягваць людзей у багну — і назад тыя ўжо не вяртаюцца.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Нячысцікі, якія любяць алкаголікаў ці валодаюць скарбамі. Расказваем пра іх

Вярба — важнае дрэва для беларусаў. У ёй жывуць нячысцікі, яна з’явілася пасля ўцёкаў ад шлюба

Тры беларускія нячысцікі, пра якіх вы маглі не ведаць


Баламуцень, які вельмі любіць жанчын

Баламуцень, беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія
Баламуцень. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Баламуцень — вадзяны дзядзька з дзіўнай знешнасцю: галава ў яго, як збан, твар азызлы, гусіная скура, тоўсты жывот і тонкія ножкі. Ён халасцяк, але вельмі слабы ад жаночай увагі.

Улетку гэты нячысцік любіць гойсаць ля кладак, дзе жанчыны палошчуць бялізну ці купаюцца. Баламуцень можа скінуць жанчыну ў ваду, а калі яна яму спадабаецца, то заганяе яе адзенне на іншы бераг. Жанчына ідзе шукаць бялізну— а Баламуцень насылае на яе чары.

Але не ўсё так страшна: тыя, хто «пабываў» з Баламутнем, вяртаюцца дадому з дзіўнай здольнасцю. Яны ўжо не могуць патануць, нават калі захочуць.

Гаёўкі дапамогуць шукаць Папараць-кветку

гаёўкі, беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія
Гаёўкі глядзяць на Папараць-кветку. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Гаёўкі былі прыгожымі дзяўчатамі з лясоў, іх лічылі ўнучкамі Гаюна. Узімку яны пакрытыя густой белай поўсцю, але з надыходам вясны ператвараліся ў звычайных дзяўчат. Гаёўкі любяць жывёл, дапамагаюць параненым птушкам і звярам.

Іх нельга ўбачыць — яны нябачныя для людзей. Гаёўкі часта ўцякаюць з лесу, каб паназіраць за вясковымі танцамі і святамі. Калі спадабаецца нейкая сукенка — могуць ціха адабраць. Аднак Гаюн забараняе гаёўкам выходзіць да людзей, хоць гэта іх не спыняе.

У Купальскую ноч гаёўкі выходзяць з лесу, збіраюць зёлкі і глядзяць, як квітнее Папараць-кветка. І калі нехта з людзей здолее іх высачыць, можа атрымаць шанец убачыць цуд і забраць Папараць-кветку.

Беларускія кікімары былі не такімі злымі, як у рускіх ці ўкраінцаў

кікімары, вешчацы, беларуская міфалогія, беларускія нячысцікі
Кікімара. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Кікімары ці Вешчыцы — гэта душы дзяўчат, якія загінулі яшчэ не хрышчонымі або якіх праклялі маткі яшчэ ў чэраве. Жывуць у хатах, дзе здарылася трагедыя: забойствы дзяцей, праклёны, ці недзе схаванае дзіцячае цела.

Кікімары жывуць пад печчу, часам перашкаджаюць — віскам, дзіўнымі гукамі і валтузнёй. Аднак калі маці песціць дзіця, то кікімара зачароўваецца і знікае.

Кікімару можна выратаваць ад праклёну і ператварыць у звычайнага чалавека. Для гэтага трэба злавіць і выстрыгчы на яе цемені крыж. Тады кікімара стане звычайным чалавекам, але з фізічнымі ці псіхічнымі недахопамі. З часам былая кікімара забывае на сваё мінулае.

Кікімары часам дапамагаюць жанчынам: даробліваюць працу — але няўмела, няроўна. І ўсё ж яны не шкодзяць так, як пра іх часта думаюць: у рускім і ўкраінскім фальклоры кікімары звычайна больш адмоўныя.

Лознікі — маленькія шкоднікі

лознік, беларускія нячысцікі, беларуская міфалогія
Лознік. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

На Віцебшчыне ў кустах лазы жывуць Лознікі. Лознікі з’яўляюцца дробнымі чарцянятамі з зялёнымі целамі, яны вельмі гуллівыя.

Лознікі могуць заблытаць чалавека ў кустах, завесці ў багну, але ўсё гэта для іх як жарт. Робяць гэта Лознікі заўсёды ў кампаніі, ніколі не «палююць» адны, паасобку. Затым, пасля сваёй гульні, выводзяць чалавека назад. Але можна не паспець, і ахвяру Лознікаў могуць перахапіць больш буйныя і страшныя нячысцікі — Багнікі або Балотнікі.

Самае страшнае для Лознікаў — асушэнне і знішчэнне лазняку, бо без сваіх кустоў, якія лічаць домам, яны знікаюць. Цікава, што Лознікаў могуць выпадкова забіваць грамнічныя стрэлы.

Вярнуцца ўгару