Сёння цяжка ўявіць, што за цікавасць да навукі можна было атрымаць забарону на выезд у іншую краіну, а за крытыку аўтарытэтаў — выгнанне з уласнай абшчыны. Аднак менавіта ў такіх умовах жыў Манасія з Ільі — яўрэйскі мысліцель і ўраджэнец беларускіх зямель, які некалькі стагоддзяў таму адважыўся сумясціць рэлігію і свецкую адукацыю. Яго ідэі былі занадта раннімі для свайго часу, але пасля сталі асновай яўрэйскага асветніцтва.
PALATNO расказвае пра Манасію з Ільі.
Змест
Жыццё яўрэйскага асветніка ў часы, калі гэта не было прынята
Манасія нарадзіўся ў Смаргоні ў 1767 годзе. Яго бацька Іосіф быў памочнікам мясцовага рабіна. Бацька не дазваляў сыну вывучаў граматыку іўрыту і Біблію, каб яны не перашкаджалі яму вывучаць Талмуд. У далейшым гэтыя забароны ў многім паўплывалі на стаўленне Манасіі.
У даволі маладым узросце, тады яму было ўсяго 15 гадоў, ажаніўся. У той час жаніцьба ў маладым узросце была традыцыяй, а не выключэннем з правіл. Аднак ужо праз некалькі гадоў, калі яму было 17, развёўся. З новай жонкай пераехаў у родную для яе Ілью (цяпер гэта Вілейскі раён).
Манасія вывучаў не толькі Талмуд і рэлігійныя тэксты. Ён быў самавукам, які імкнуўся вывучаць больш розных дысцыплін — матэматыку, філасофію, граматыку іўрыту. У суседняй Вязынцы жыў Іосіф Мазала, дзякуючы якому Манасія карыстаўся вялікай бібліятэкай і пазнаёміўся з творамі яўрэйскай філасофіі. Мазала часам выратоўваў маладога Манасію, бо той дазваляў сабе крытыку аўтарытэтаў і нават самастойна інтэрпрэтаваў некаторыя часткі Мішны (самая старажытная частка Талмуда).
Акрамя самаадукацыі ў Манасіі была магчымасць вучыцца ў Віленскага гаона, то бок Эліяху бен Шлома Залмана. Залман быў вядомым рабінам, даследчыкам Талмуду і яўрэйскіх рэлігійных тэкстаў. Дарэчы, Залман нарадзіўся ў Сельцы, што знаходзіцца цяпер у Брэсцкай вобласці.
У нейкі перыяд жыцця, калі Манасія шчыльна зацікавіўся свецкімі навукамі, вырашыў паехаць на вучобу ў Берлін да Майсея Мендэльсона. Калі Манасія прыехаў у Кёнігсберг і чакаў там дакументы на выезд, члены абшчыны дамовіліся з прускімі ўладамі аб забароне на выезд Манасіі. Неаднаразова пасля ён будзе сутыкацца з супрацівам і крытыкай сваёй думкі, але не адмовіцца ад сваіх метадаў.
Амаль усё жыццё Манасія пражыў у галечы. Ён шмат вандраваў па беларускіх землях. У 1827 годзе Манасія на некаторы час стаў рабінам смаргонскай абшчыны.
У 1831 годзе ён памёр у Ільі, дзе пражыў большую частку свайго жыцця. Манасія стаў ахвярай эпідэміі халеры, якая распаўсюдзілася ў той год на беларускіх землях.
Чаму Манасію лічаць папярэднікам яўрэйскага асветніцтва?
Манасія з Ільі разам з Ізраілем Замосцкім і Меназемам Мендэлем Лефінам былі аднымі з найважнейшых фігур сярод папярэднікаў яўрэйскага асветніцтва. Манасія аб’яднаў свае глыбокія веды традыцыйнай яўрэйскай літаратуры з ведамі свецкіх тэм — на той час гэта было надзвычай прагрэсіўнай думкай. Важна, што Манасія не хацеў знішчаць яўрэйскую традыцыю, а хацеў зрабіць яе разумнай, без забабонаў.
Манасія адкідаў містычныя тлумачэнні рэлігійных тэкстаў. Ён патрабаваў іх лагічнай, яснай і зямной інтэрпрэтацыі. Гэта патрабавала вялізнай смеласці, бо ў яго эпоху крытыка звыклых метадаў была падобнай да крытыкі набожнасці ў хрысціянстве.
Манасія вучыў праз свае тэксты, што адукацыя павінна быць рэлігійнай і агульнай, а штодзённае жыццё павінна будавацца на рацыянальных прынцыпах. Гэта была рэвалюцыйная думка для традыцыйных яўрэйскіх абшчын, у якіх свецкія навукі часта лічыліся лішнімі.
Частка рукапісаў Манасіі была знішчана. У 1823 годзе на ідышы апублікаваў першы том рэлігійнага твора пад назвай Lebnsmitl. Разам з гэтым творам быў апублікаваны тэкст на іўрыце Sama dechaye.
Манасія быў прыхільнікам розуму, адукацыі, гуманізму і справядлівасці, але ўсё верны яўрэйскай традыцыі.
