У 1930-я гады беларускія навукоўцы сур’ёзна разглядалі ідэю, якая сёння выглядае амаль фантастычнай. Яны спадзяваліся высветліць, ці можна пераліваць чалавеку кроў жывёл. Навукоўцы змешвалі кроў коней, кароў, сабак і нават коз з крывёй чалавека.
PALATNO расказвае, як выглядалі гэтыя эксперыменты, чаму менавіта кроў казы здзівіла даследчыкаў і чаму сучасная медыцына канчаткова адмовілася ад такіх спроб.
Змест
Хто і як праводзілі эксперыменты?
У канцы 1930-х гадоў навукоўцы з Беларускага медуніверсітэта правялі даследаванне, каб зразумець, наколькі кроў чалавека сумяшчальная з крывёй розных жывёл. Для праверкі выкарыстоўвалі кроў каня, каровы, цяляці, сабакі і казы. А яшчэ навукоўцы даследавалі, ці ўзнікае падобная рэакцыя паміж крывёй розных асобін аднаго і таго ж віду жывёл.
Даследаванне дацэнта А.А. Маневіча было апублікавана ў «Медыцынскім часопісу БССР» у 1938 годзе. Даследаванні праводзіліся на базе 3-й хірургічнай клінікі і кафедры паталагічнай фізіялогіі Белмедуніверсітэта.
Кроў казы больш прыдатная да пералівання чалавеку?
У выпадку з коньмі вынік даследаванняў быў амаль адназначным: кроў каня і чалавека несумяшчальная прыкладна ў 93% выпадках эксперыменту. З крывёй кароў, быкоў, цялят сітуацыя была вельмі падобная.
У выпадку з сабакамі карціна была крыху іншая: у большасці выпадкаў кроў сабак усё ж рэагавала з крывёй чалавека, аднак усё роўна аказалася несумяшчальнай.
Самыя цікавыя вынікі навукоўцы атрымалі пры даследаванні крыві коз. Высветлілася, што ў большасці выпадкаў нічога дрэннага не адбывалася і клеткі не зліпаліся. Гэта было незвычайна, бо ў іншых жывёл клеткі амаль заўсёды зліпаліся з чалавечымі. Аднак пазней навукоўцы ўбачылі, што кроў коз спакойна прымае клеткі чалавека, але кроў чалавека не прымае тое, што ёсць у крыві коз. Такім чынам, даследчыкі даведаліся, што кроў коз менш канфліктная, чым кроў іншых жывёл, але гэта зусім не пацвярджае, што яе можна пераліваць чалавеку.
Калі даследаванне было ўжо скончана, то з’явілася праца іншага навукоўца з Беларусі Фурсава. Ён праверыў, як кроў розных жывёл (кароў, коз, авечак, свіней, кур і сабак) узаемадзейнічае з крывёй чалавека. Атрыманая ім карціна ў цэлым супала з назіраннямі групы пад кіраўніцтвам Маневіча нават наконт крыві коз. Падобных вынікаў дасягнулі іншыя даследчыкі, у тым ліку Грышын і Жыздзюк.
Навукоўцы адзначалі, што нават пры звычайных пераліваннях крыві паміж людзьмі, калі сумяшчальнасць старанна правераная, часам узнікаюць сур’ёзныя ўскладненні — ад лёгкіх дрыжыкаў да цяжкага шоку. Даследчыкі падкрэслівалі, што кроў можа быць сумяшчальнай па адным паказчыку, але несумяшчальнай па іншым.
Галоўным вынікам і перашкодай, якую выявілі навукоўцы падчас сваіх эксперыментаў, — несумяшчальнасць паміж відамі. Другі: кроў коней, кароў, быкоў, цялят і сабак амаль заўсёды несумяшчальная з крывёй чалавека. А трэцяе — кроў казы выглядае найбольш прыдатнай, але не бяспечнай для пералівання.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Ад Гутэнберга да Эйнштэйна: пяць нямецкіх навукоўцаў, якія змянілі свет
Топ навуковых адкрыццяў жанчын, якія скралі мужчыны
Чым займаюцца беларусы ў Антарктыцы?
Як сучасная навука глядзіць на эксперыменты па пераліванні крыві жывёл чалавеку?
Сучасная навука глядзіць на гэта інакш, чым аўтары амаль сто гадоў таму. Цяпер лічыцца, што пераліваць чалавеку кроў жывёлаў як замену чалавечай практычна немагчыма і ў клінічнай практыцы не выкарыстоўваецца. Прычынай з’яўляецца не толькі склейванне клетак крыві, а цэлы набор імунных і біялагічных праблем.
У чалавека ёсць натуральныя антыцелы, якія ў звязцы з антыгенамі на эрытрацытах жывёлаў запускаюць моцную імунную рэакцыю. Нават у выпадку, калі было б магчымым падагнаць імунную сумяшчальнасць, застаецца вялікая праблема з патагенамі, якія для жывёл могуць быць бясшкоднымі, а для чалавека могуць стаць небяспечнымі. Менавіта па гэтай прычыне ідэі пералівання крыві ад жывёлы чалавека не сталі руцінай.
Замест пералівання жывёльнай крыві даследаванні пайшлі іншым шляхам. Вялікі пласт сучасных даследаванняў — трансплатацыя органаў і мадыфікаваныя пераносчыкі кіслароду. Часткова гэта таксама датычыцца клетак крыві, бо праблема антыгенаў застаецца, але да клінічнага пералівання крыві жывёлаў чалавеку пакуль не дайшло.
