Калі з’явіліся першыя электрамабілі?

гісторыя электрамабіляў, калі з'явіліся першыя электрамабілі, першы электрамабіль

Калі з’явіліся першыя электрамабілі? Ці сапраўды першы быў на Месяцы? Альбо першыя электрамабілі з’явіліся больш за сто гадоў таму? Разбіраемся.

PALATNO расказвае пра электрамабілі.

Першыя электрамабілі з’явіліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя

Электрамабілі з’явіліся значна раней, чым мы можам сабе гэта ўявіць. Першая вядомая мадэль электрычнага транспартнага сродку была створаная ў 1828 годзе венгерскім вынаходнікам Аньёшам Едлікам. У 1830-я гады электрычныя каляскі сталі распрацоўвацца ў розных краінах. Да канца XIX стагоддзя электрамабілі сталі даволі папулярнымі. У ЗША і Еўропе электрамабілі выкарыстоўваліся як грамадскі гарадскі транспарт, бо былі цішэйшымі і менш забруджвалі паветра.

Адным з самых знакавых электрамабіляў канца XIX і пачатку XX стагоддзя стаў La Jamais Contente. Гэта быў першы электрамабіль, які перасягнуў хуткасць 100 км/г. Яго стварылі ў 1899 годзе, дзякуючы бельгійскаму інжынеру і гоншчыку Камілю Джэнацы. Джэнацы хацеў даказаць, што электрамабілі могуць канкураваць з бензінавымі аўтамабілямі, якія тады пачалі заваёўваць аўтарынак. La Jamais Contente была зробленая спецыяльна для ўсталявання рэкорду хуткасці.

Большасць сумнявалася ў жыццяздольнасці электрычных рухавікоў, але машына Каміля Джэнацы даказала адваротнае. Машына падштурхнула інжынераў і канструктараў па ўсім свеце шукаць новыя шляхі для павышэння эфектыўнасці электрамабіляў.

З цягам часу транспарт з рухавікамі ўнутранага згарання выцесніў электрамабілі. Іх адраджэнне пачалася ў канцы XX стагоддзя з-за патрэбы ў экалагічных і энергаэфектыўных рашэннях.

Электрамабіль La Jamais Contente, першы электрамабіль, гісторыя электрамабіляў
Электрамабіль La Jamais Contente.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Беларускія вынаходнікі, якія змянілі свет

 

Што цікавага навукоўцы знайшлі ў 2024 годзе?

 

«Сіні марбл». Як зрабілі адну з самых вядомых фатаграфій Зямлі


Першы электрамабіль за межамі Зямлі

Яшчэ адным крокам у гісторыі электрамабіляў стаў… космас. Амерыканскія астранаўты выкарыстоўвалі электрамабіль Lunar Roving Vehicle (LRV) на паверхні Месяца падчас місій «Апалог-15», «Апалон-16», «Апалон-17». Стварэнне стала знакавым тэхналагічным дасягненнем, якое дазволіла значна пашырыць магчымасці даследаванняў Месяца.

LRV змог перавозіць да 490 кілаграмаў разам з экіпажам, навуковым абсталяваннем і ўзорамі грунту. Максімальную хуткасць, якую мог развіваць электрамабіль — 16 км/г. Унутры электрамабіля быў убудаваны навігацыйны камп’ютар для вызначэння адлегласці, хуткасці і кірунку.

першы электрамабіль, гісторыя электрамабіляў, электрамабіль на месяцы
Электрамабіль на Месяцы ў 1971 годзе.

LRV выкарыстоўваўся падчас трох місій «Апалон» у 1971-1972 гады. Першы электрамабіль падчас місіі «Апалона-15» дапамог астранаўтам даследаваць месцы, што знаходзіліся далёка ад месца пасадкі. Ужо ў трэцяй місіі электрамабіль праехаў 35 кіламетраў — у двух папярэдніх місіях ён не праязджаў больш за 28 кіламетраў.

Копіі LRV можна ўбачыць у музеях, напрыклад, у Смітсанаўскім музеі авіяцыі і космасу.

Вярнуцца ўгару