Натхненне

Пяць малавядомых фактаў пра Першую сусветную вайну


Пяць малавядомых фактаў пра Першую сусветную вайну

PALATNO расказвае пра факты Першай сусветнай вайны, якія вы маглі не ведаць.

Упершыню масава пачалі выкарыстоўваць падводныя лодкі

Першая сусветная вайна адзначалася шырокім выкарыстаннем падводных лодак. Асабліва — з боку Германіі. Нямецкія U-boats (ням. — Unterseeboot) ладзілі неабвешчаную падводную вайну супраць гандлёвага флоту Антанты.

Асаблівую вядомасць атрымала гібель брытанскага лайнера «Лузітанія» ў 1915 годзе. Тады загінула 1200 чалавек, у тым ліку і амерыканскія грамадзяне, што падштурхнула Злучаныя Штаты да ўдзелу ў вайне праз два гады.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Падводная лодка з турмы: як Казімір Чарноўскі апярэдзіў час

гісторыя флоту, падводныя лодкі, падлодкі гісторыя, першая сусветная вайна
Нямецкая падлодка ў часы Першай сусветнай вайны.

Вайна спрыяла развіццю медыцыны

Падчас Першай сусветнай вайны масавыя раненні патрабавалі хуткай і эфектыўнай медыцынскай дапамогі. Гэта паспрыяла развіццю медыцыны і падчас вайны, і пасля яе.

Напрыклад, падчас вайны рэгулярна пералівалі кроў, а ў 1917 годзе стварылі першы банк крыві. Хірургі змаглі палепшыць метады аперацый, асабліва для лячэння ран з-за аскепкаў снарадаў і куляў.

У той час стала развівацца пластычная хірургія для лячэння сур’ёзных траўмаў твару. Першапраходцам у гэтым стаў Гаральд Гіліс, які лічыцца бацькам сучаснай пластычнай хірургіі: ён спецыялізаваўся на рэканструкцыі твараў вайскоўцаў Першай сусветнай вайны.

Жывёлы на вайне

Жывёлы былі незаменнымі памагатымі на ўсіх франтах.

Коні і мулы выкарыстоўваліся для перавозкі трупаў, артылерыі і медыцынскіх насілак. Сабакі былі пасыльнымі, шукалі параненых, неслі медыкаменты і выкарыстоўваліся як вартаўнікі. На фронце выкарыстоўвалі нават кошак, каб тыя лавілі пацукоў у акопах і на караблях.

Паштовыя галубы выконвалі ролю паштальёнаў, яны перадавалі важныя паведамленні на вялікія адлегласці.

Выкарыстоўвалі нават вярблюдаў і сланоў! Асабліва часта іх задзейнічалі ў паўднёвых рэгіёнах — у Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Як пачалася Першая сусветная вайна

жывёлы на першай сусветнай вайне, гісторыя першай сусветнай вайны
Брытанскі вайсковец з сабакам.

Псіхалагічныя траўмы і «снарадны сіндром»

Феномен «снарадны сіндром» (англ. — shell shock) упершыню быў апісаны ў 1915 годзе. Салдаты, якія перажылі выбухі снарадаў, часта адчувалі шэраг сімптомаў: дрыжыкі, страта памяці, прыступы панікі, страх, галаўныя болі, парушэнне сну і галюцынацыі.

Спачатку камандзіры часта ўспрымалі гэта як слабасць ці здраду. З часам «снарадны сіндром» прызналі як рэальную траўму. Ён быў прадвеснікам сучаснага разумення ПТСР. Некаторыя псіхіятры пачалі практыкаваць тэрапію гукам, гіпноз і спакойны адпачынак.

Каляднае перамір’е

У снежні 1914 года на Заходнім фронце адбыўся стыхійны мірны перапынак у вайне. Асабліва вылучаліся брытанскія і нямецкія вайскоўцы. Салдаты выходзілі з акопаў, віталіся, абменьваліся цыгарэтамі і прадуктамі. Разам спявалі калядкі, у некаторых мясцінах праводзілі футбольныя матчы ў «нейтральнай зоне».

Большасць камандзіраў адмаўлялася ад удзелу і не вітала паводзіны шараговых вайскоўцаў. Каляднае перамір’е засталося сімвалам чалавечнасці ў разгар жахлівай вайны.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: «Вы не страляйце, мы не страляем». Як англійскія і нямецкія вайскоўцы дамовіліся пра «Каляднае перамір’е» ў 1914 годзе