Як Веру Харужую судзілі за камунізм. Расказваем пра «Працэс-133»

працэс-133, працэс-133 у беластоку, суд беларусаў у польшчы

У красавіку 1928 года ў Беластоку пачаўся адзін з самых маштабных беларускіх палітычных працэсаў у міжваеннай Польшчы — «працэс-133». Больш за сто чалавек абвінавачвалі ў прыналежнасці да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Суд працягваўся некалькі тыдняў і стаў адлюстраваннем не толькі барацьбы з камунізмам, але і напружанасці нацыянальных, сацыяльных і палітычных адносін у Заходняй Беларусі. А яшчэ галоўнай абвінавачваемай стала Вера Харужая, у гонар якой названа вуліца ў Мінску і іншых беларускіх гарадах.

PALATNO расказвае пра «працэс-133», пра які вы маглі ніколі не чуць.

Вясна беларускіх судоў у Польшчы

Вясной 1928 года ў Польшчы адбыўся шэраг судовых працэсаў, дзе галоўнымі актарамі выступалі беларусы. Пад увагай быў так званы «Працэс Грамады». Польскія ўлады ўзімку таго года арыштавалі кіраўніцтва Беларускай сялянска-работніцкай грамады, сярод якіх былі дэпутаты Сейма Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павел Валошын ды іншыя. Грамада карысталася падтрымкай камуністаў, а палякі вырашылі забараніць дзейнасць такой варожай для іх улады структуры — таму арыштавалі і асудзілі лідараў.

Гучны працэс над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой пакінуў гісторыю яшчэ аднаго суда, не менш цікавую, у цені. Калі членаў Грамады судзілі ў Вільні, яшчэ амаль паўсотні чалавек у тыя ж дні знаходзіліся на судовым працэсе ў Беластоку. «Працэс-133» толькі ўскосна тычыўся суда ў Вільні, але адыграў таксама важную ролю.

У 1928-м Вера Харужая, імем якой пазней назавуць вуліцу ў Мінску і іншых гарадах, ужо некалькі гадоў знаходзілася пад следствам. Яна ўжо была асуджаная за камуністычную дзейнасць у Польшчы і чакала новы прысуд.

Польскія следчыя ўжо тры гады працавалі над справай членаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У 1925 годзе сотні яе членаў былі арыштаваныя, арганізацыя значна пацярпела, а паліцэйскія сцвярджалі, што ўвогуле знішчылі яе. Аднак у гэтай гісторыі павінна была стаяць кропка, якую вырашылі паставіць у судзе ў Беластоку.

Паўтара месяца працэсу ў Беластоку

Судовы працэс пачаўся 17 красавіка 1928 года ў беластоцкім Акруговым судзе, старшынёй суда быў Машыньскі. Большасць падсудных ужо была пад следствам раней, некаторыя — неаднаразова асуджаныя. Акт абвінавачвання чыталі тры дні запар. Адзін з абвінавачаных ледзь не страціў прытомнасць, суддзя нават папрасіў паліцэйскіх адвезці яго назад у следчы ізалятар.

Усім падсудным інкрымінавалі спробы ўзняць паўстанне і адарваць частку тэрыторыі Польшчы. Тыповае для міжваеннай Польшчы абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе спрабавалі падмацаваць сведкамі і дакументамі. Нягледзячы на сур’ёзнасць справы, працэс не абышоўся без дзіўных і камічных сцэн. Адна з абвінавачаных, проста падчас допыту, ускочыла і абвясціла, што іншага падсуднага выключылі з КПЗБ за п’янства і крадзеж.

Суд заслухаў дзясяткі сведак, сярод якіх — паліцэйскія чыноўнікі з Беластока, былыя сябры партыі, нават суседзі, якія здалі камуністаў. Некаторыя паказанні выклікалі скандал у зале, таму ў некаторыя дні абвінавачваемых выводзілі з пасяджэння за парушэння парадку.

працэс-133, працэс-133 у беластоку, суд беларусаў у польшчы
Замалёўка судовага працэса. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

«Працэс-72». Авантура, якой не было?

Забойства інжынера Кёніга ў Гродне. Расказваем пра гучную справу стагадовай даўніны

Крывавая трагедыя беларусаў у польскай гімназіі сто гадоў таму


Падчас суда высветлілася, што ў КПЗБ існавалі канспірацыйныя кватэры, у большасці членаў былі фальшывыя пашпарты, сувязі з міжнароднымі арганізацыямі. Нават у турме абвінавачаныя выпускалі рукапісную газету і адзначалі бальшавіцкія святы. Сярод доказаў на судзе фігуравалі цыдулкі, якія паліцэйскія знаходзілі ў абвінавачваемых у камерах у следчым ізалятары.

Прамова пракурора Зубялевіча стала кульмінацыяй працэсу: ён маляваў камунізм як пагрозу ўсяму цывілізаванаму свету. На яго думку, КПЗБ кіравалася з Масквы, а бальшавікі ўвогуле не імкнуліся забяспечыць беларусам якую-небудзь незалежнасць, а былі толькі інструментам для таго, каб стварыць сусветную рэвалюцыю.

«Заяўляецца, што прынцып гэтай партыі — дыктатура пралетарыяту, але ж у рэчаіснасці: дыктатура над пралетарыятам. Сваю працу гэта партыя пачала з вайны з рэлігіяй. Потым — вайна з сям’ёй. Гэта праца пачынаецца сярод моладзі, у так званым камсамоле. Потым яны разбурылі войска і стварылі чырвоную армію. Увогуле камуністы выступаюць супраць аўтарытэту любой улады, прычым выкарыстоўваюць для гэтага абсалютную дэмагогію. <…> Ужо даказана, калі ідзе размова пра правакацыі, то бальшавізм і правакацыя — гэта адно і тое ж. Гэта — брат і сястра», — казаў Зубялевіч падчас прамовы напрыканцы працэса.

Абвінавачваемых абаранялі сямнаццаць адвакатаў. Усе яны крытыкавалі судовую працэдуру, называлі працэс «монстрам» з-за колькасці падсудных, сведак і малога часу разгляду справы. Яны заклікалі разглядаць справы асобна і больш дэталёва. Адвакаты патрабавалі, каб пракурор паказаў розніцу ў вінаватасці падсудных, бо ўсім пагражалі аналагічныя тэрміны — без уліку ролі кожнага.

Вера Харужая была адной з галоўных абвінавачаных

Падчас гэтага працэсу Вера Харужая была асноўнай абвінавачваемай. Яна не адмаўлялася, што была камуністкай і членам КПЗБ. На судзе размаўляла выключна па-беларуску, адмаўлялася даваць паказанні па-польску. Хоць, як паказалі сведкі, Харужая ведала польскую і магла на ёй свабодна размаўляць.

Падчас аднаго з пасяджэнняў адна з абвінавачваемых спрабавала даказаць, што КПЗБ не выкарыстоўвае тэрарыстычныя метады: да гэтага са скепсісам паставіліся не толькі суддзі з пракурорам, але і польская прэса, якая расказвала пра працэс. Жанчыну вывелі з залы пад канвоем, гэта абурыла абвінавачваемых, і яны пачалі пратэставаць. Калі вывелі яшчэ аднаго падсуднага, а Вера Харужая таксама ўстала і пачала выказваць незадаволенасць, вывелі і яе. Калі Харужая пакінула зал судовага пасяджэння, то ўсе абвінавачваемыя ўсталі і запатрабавалі, каб іх вывелі з будынка. Суддзі былі вымушаныя аб’явіць перапынак.

Справа тычылася падпалу маёмасці жыхара Бельска, які выдаў уладам камуністаў у 1925 годзе. Следства меркавала, што члены КПЗБ з-за помсты падпалілі будынкі. На судзе гэта абвяргалася падсуднымі.

вера харужая, працэс-133, працэс-133 у беластоку, суд беларусаў у польшчы
Вера Харужая.

На ўсіх — 375 гадоў зняволення

4 чэрвеня 1928 года быў агучаны прысуд. Судовы працэс працягваўся больш за паўтара месяца.

Самыя цяжкія тэрміны — восем гадоў зняволення — атрымалі Яха Шэрхман і Вера Харужая. Усяго 92 чалавекі трапілі за краты, астатнія былі апраўданыя. Некаторым далі па два з паловай гады, некалькі дзясяткаў атрымалі да шасці гадоў турмы.

  • 8 гадоў цяжкай турмы: Яха Шэрхман і Вера Харужая.
  • 7 гадоў звычайнай турмы: Ефраім Голдштэйн, Караль Мелперт-Паліпенка, Люба Ковенская.
  • 6 гадоў цяжкай турмы: Шлома Саперштэйн, Яха Зыдрэнская, Хана Разенувна, Абрам Захар’яш, Уладзіслаў Свіржінскі, Хаім Каплан, Павел Радзіцкі, Ян Башун, Давід Лацкі, Янкель Абрэмакі, Вульф Каплан, Аляксей Серада, Машко Ганяндскі.
  • 5 гадоў цяжкай турмы: Марыя Фрыдувна, Ян Богдан, Юндзель Хендлер, Гірш Трывакс, Гжэгаж Сычэўскі, Яфім Гіжэўскі, Шахна Ліскоўскі, Канстанты Кшыштаф, Давід Цукерман, Берка Пухальскі, Машко Егер, Рубін Цярэспальскі, Файвель Рапапорт, Аляксандр Майсак, Аляксандр Астравецкі, Іцка Раповіч, Іцка Каган.
  • 4 гады цяжкай турмы: Лейба Сукенік, Вульф Ваўкавыскі, Сахор Эйзенман, Мотэль Юхнавецкі, Беньямін Шустер, Мікалай Федарук, Ян Абрамовіч, Міхал Каплан, Вітольд Семяньчук, Арон Эпштейн, Базылі Саўчынскі, Мойжэш Каплан.
  • На 4 гады звычайнай турмы: Сендер Козак.
  • На 3 гады цяжкай турмы: Хана Лерман, Сахор Скудзіцкі, Ісер Болкрей, Хаім Хаёт, Абрам Маркевіч, Аляксей Асіпюк, Ізраіль Аксельрот, Берка Гелерштэйн, Павел Пасынюк, Міра Касоўская, Блюма Бройзман, Берка Роцлаў, Лейб Хазан, Берка Дайч, Ісаак Лін, Ёнас Зынглер, Уладзімір Азябла, Нахім Пералгут, Абрам Інтралігатар, Шая Грунэс, Абрам-Давід Лейфер, Томаш Пахвыцевіч.
  • На два з паловай гады: Машко Шабас, Сяргей Змянько, Ісаак Хайт, Герш Брэўдэ, Аран Гвязда, Янкель Астрыньскі, Ісаак Оланд, Зэвель Бяляк, Ян Кулейша, Томаш Абрамовіч, Ежы Мікалаюк, Алтэр Пекін, Трафім Памфілюк, Зэльда Чэснер, Рая Сарвер.
  • На 2 гады: Карп Куртэль, Хаім-Ошер Шустэр, Аляксандр Кучыньскі, Эстера Сарвер, Ціхан Раманюк.
  • На 1 год: Уладзіслаў Гутнік, Ян Буйко, Шмуль Каліка, Уладзімір Грыка, Анна-Рэйзла Ліфшыц, Анатолі Сак і Машко Вічулкер.
  • Невінаватымі прызналі: Ян Гурскі, Казімір Басінскі, Шломэ Белагорскі, Абрам Грынштэйн, Ёсэль Ваўкоўскі, Мянуха Маркевіч, Хена Машкоўская, Эстера Мірер, Стэфан Сачэк, Готліб Гоз, Іцка Бартноўскі, Аляксандр Бароўскі, Павел Зінкевіч, Базылі Федарук, Ян Астроўскі, Ян Карпюк, Тэадор Карпюк, Тэвел Шчыгельскі, Мейлах Тыркель, Хонэ Пахтэр, Машко Рудскі, Стэфан Бабулевіч, Юзэф Балейка, Герш Голуб, Іцка Штэйн і Ерухім Каплан.
  • Разгляд справы спынены: Леанідас Клышко і Юзэф Цылберг.

Вера Харужая сядзела ў турме ля Быдгашча. У 1932 годзе яе абмянялі падчас польска-савецкага абмену, яна засталася жыць у Мінску.

Вярнуцца ўгару