
Восем гадоў у Беларусі пачаліся акцыі пратэсту супраць «дармаедскага дэкрэту». Тысячы беларусаў былі абураныя новым законам, па якім павінны былі плаціць падатак. Акцыі доўжыліся месяц, а пасля жорсткага разгону на Дзень Волі амаль спыніліся. Беларускія афіцыйныя ўлады абвінавацілі апазіцыйных актывістаў і палітыкаў у арганізацыі масавых беспарадкаў, аднак праз некаторы час усіх адпусцілі без судовых працэсаў.
PALATNO расказвае пра тое, з-за чаго беларусы пратэставалі восем гадоў таму і чым гэта скончылася.
Барацьба супраць тунеядцаў
У 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Яго ўвядзенне стала іскрой, якая запаліла грамадскую незадаволенасць.
Спачатку ўведзены Лукашэнкам дэкрэт амаль не абмяркоўвалі, а пратэсты пачаліся толькі пасля таго, як беларусы пачалі атрымліваць так званыя «лісты шчасця». Гэта былі паведамленні ад падатковай інспекцыі з патрабаваннем аплаты «падатку на дармаедства» або прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць права не плаціць гэты збор.
Па ўсёй краіне супрацоўнікі падатковай разаслалі каля 470 тысяч падобных «лістоў шчасця». Падатак павінны былі сплаціць 20 лютага 2017 года, аднак да таго часу яго аплацілі толькі 54 тысячы чалавек.
Тыя, хто не аплаціў падатак своечасова, мог атрымаць штраф або адміністратыўны арышт. Гэта акалічнасць выклікала масавае абурэнне, што выцекла ў пратэстныя акцыі па ўсёй краіне.
Пратэсты праходзілі па ўсёй краіне
Першая пратэсная акцыя прайшла ў Мінску 17 лютага 2017 года пад назвай «Марш абураных беларусаў». На акцыі сабралася каля двух тысяч чалавек, арганізатарамі былі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя апазіцыйныя палітыкі. Дарэчы, буйныя апазіцыйныя ўладзе партыі і арганізацыі — БНФ, рух «За свабоду» і «Гавары Праўду» — адмовіліся ад удзелу па розных прычынах. Пасля акцыі сілавікі, якія былі апранутыя ў цывільную вопратку, спрабавалі затрымаць актывістаў анархісцкага руху, аднак яны змаглі ўцячы.
У наступныя дні ў іншых беларускіх гарадах (Гомель, Брэст, Гродна, Магілёў, Маладзечна, Віцебск, Полацк, Бабруйск, Баранавічы, Рагачоў і шмат яшчэ якіх) таксама адбываліся пратэстныя акцыі. Пасля акцый сілавікі праводзілі адзінкавыя затрыманні актывістаў і арганізатараў мітынгаў.
Маштабная пратэстная акцыя павінна была прайсці на Дзень Волі. Напярэдадні Дня Волі быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ Мікалай Статкевіч: сілавікі размясцілі ў яго сацыяльных сетках і сайце заклік не ісці на Дзень Волі. Аднак людзі сабраліся ў цэнтры Мінску, і больш за 700 чалавек затрымалі за акцыю да Дня Волі.
Пасля жорсткага разгону акцыі на Дзень Волі ў Мінску далейшыя мітынгі і дэманстрацыі супраць «дармаедскага дэкрэту» сталі ў разы менш. Апазіцыйныя ўладзе Лукашэнкі палітыкі і актывісты спрабавалі актывізаваць народ, аднак на іх акцыі збіралася ўсё менш і менш людзей.
Рэакцыя дзяржаўнага апарату і сілавых структур аказалася прадказальнай. Акрамя разгонаў акцый, затрыманняў актывістаў і палітыкаў, у дзяржаўнай прэсе пачалі пісаць і паказваць сюжэты з крытыкай дзеянняў апазіцыі. Лукашэнка ўвогуле заявіў, што на самой справе беларускае насельніцтва задаволенае дэкрэтам, але апазіцыйныя палітыкі нібыта скарысталіся шанцам, каб «разгайдаць лодку».
Чым усё скончылася?
Нягледзячы на прадказальную рэакцыю праўладных медыя і сілавікоў з чыноўнікамі, ужо ў пачатку сакавіка 2017 года Лукашэнка замарозіў выплату падатку ў тым годзе.
Потым Лукашэнка заявіў, што на фоне пратэстаў супраць «дармаедскага дэкрэту» рыхтавалася правакацыя з выкарыстаннем зброі, а баевікоў нібыта рыхтавалі ва Украіне, Літве і Польшчы. Напрыканцы сакавіка былі арыштаваны былыя ўдзельнікі моладзевай арганізацыі «Белы легіён». Іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. На працягу некалькіх месяцаў усіх затрыманых адпусцілі на волю без суда.
Па стане на 2025 год, «дармаедскі падатак» ужо не сплачваецца беларускімі грамадзянамі: яго адмянілі ў 2020 годзе. Людзей, хто не задзейнічаны ў эканоміцы, размяшчаюць у базе «тунеядцаў». Аднак цяпер замест падатку людзям, якія не задзейнічаныя ў эканоміцы, плацяць павышаныя камунальныя плацяжы, не могуць атрымаць льготныя крэдыты.