
PALATNO расказвае пра тое, якія нашы продкі прыдумалі прыказкі пра дзядоў.
Змест
Дзед бабцы купіў лапці, былі малыя — абсек пальцы
Гаворыцца як іранічная ці асуджальная ацэнка чыіх-небудзь безразважных дзеянняў або намераў.
«І да такога ў нас даходзіла зусім нядаўна [“пры Кебічу”]: так аб’яднацца з багацейшай, мацнейшай суседкай, што і бюджэт ёй падпарадкаваць, і нацыянальны банк. Згадалася даўно пачутае ад старое маці: “Дзед бабцы купіў лапці, былі малыя — абсек пальцы”. Няўжо і такая мудрая палітыка народам нашым даўно прадугледжана?» (Янка Брыль. «Дзевяноста чацвёрты»)
Дзяды не зналі бяды, а ўнукі набраліся мукі
Часам лічаць, што раней, у мінулыя гады, было, жылося лепей, чым цяпер.
«[Панас:] Мой сынок, ці мне ўжо дужацца! Чакаю толькі веку, дамавіны магільнай. Пабачыць бы сёлетняе збожжа, каб спачыць з ціхай мыслю аб спрацаваных унуках. [Саўка:] Дзяды не зналі бяды, а ўнукі набраліся мукі!» (М. Грамыка. «Змітрок з Вялікай Буды»)
Каб яды, як на Дзяды, а рабіць (працаваць, работы), як у нядзельку
Кажуць з неадабрэннем пра тых, хто любіць шмат і смачна паесці, а да працы не мае ахвоты. (На Дзяды — старадаўняе памінанне нябожчыкаў — гатавалася сем-дзесяць страў: куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса).
«Старалася, гатавала, а яны з норавам. Распанелі, павыдумлялі нейкія першыя, другія. Хочуць, каб яды, як на Дзяды, а працаваць, як у нядзельку». (В. Шырко. «Вунь чурылавец пайшоў»)
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Беларускія прыказкі пра жанчын. Спойлер: яны могуць вельмі абурыць
Госці ў хату — свінні рады. Што значаць беларускія прыказкі
Не вучы дзядулю кашляць
Кажуць, калі не жадаюць слухаць чыю-небудзь параду. У гэтай прыказкі ёсць сінонімы: не вучы вучонага, не вучы рыбу плаваць.
«Падлогу ім рабі. А дзе дошкі? Давай дошкі – зробім… Рабі падлогу – і не кірхай! Я гаварыў, дарэчы, і старшыне Гусеву пра гэта. А ён паслаў мяне куды трэба. “Не вучы дзядулю кашляць!”» (В. Ткачоў. «Дошкі»)
Не заўсягды, як на Дзяды
Не заўсёды бывае для каго-небудзь толькі адно прыемнае. Гаворыцца, калі каму-небудзь не шанцуе, перастала шанцаваць. У гэтай прыказкі ёсць сінонімы: не ўсё кату масленіца.
«Ніхто не мог так жаласна енчыць і пяяць Лазара, як Сідаронак; ніхто не мог так прычытваць, як Магдуля. Самы найгоршы павінен быў даць ім што-колечы… Але «не заўсягды, як на дзяды», бо шчасце — не палец, у рукі не возьмеш. Вырвалася яно ад іх на час». (З. Бядуля. «Ашчаслівіла»)
У агародзе (гародзе) бузіна, а ў Кіеве дзядзька
Поўная бяссэнсіца, бязглуздзіца. Пра непаслядоўнасць выказвання, нелагічнасць маўлення.
«— Не магу во апомніцца!.. — Ты па парадку давай, а то спакой душэўны, галандскія сарты і акадэмік Альсмік. У агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька, — перабіў Бялькевіча Карагедаў». (В. Шырко. «Сцяжына да людзей»)