
Лета пачалося, а гэта значыць — надышоў час для прыказак пра лета. Што нашы продкі і пісьменнікі казалі пра гэты час года?
PALATNO — пра беларускія прыказкі пра лета.
Змест
- Летам дзень мокне, а гадзіну сохне, восенню ж гадзіну мокне, а дзень сохне
- Летам і гнілая калода варочаецца
- Летам кожны кусцік начаваць (пераначаваць) пусціць
- Летні дзень год корміць
- На гэта лета добра і гэта
- Перажылі лета гарачае, перажывём і дз*рмо сабачае
- Рыхтуй калёсы зімой, а сані летам
- Калі на Макавея дождж, дык будзе многа грыбоў
- Прыйшла Прачыстая — усё поле чыстае
Летам дзень мокне, а гадзіну сохне, восенню ж гадзіну мокне, а дзень сохне
Так гаворыцца пра летнія і асеннія дажджы і іх наступствы.
«Дзён пяць запар ішоў дождж, ішоў, не перасціхаючы, дзень і ноч. Сёння дажджу няма, але вакол усё сырое, мокрае. Кажуць, летам дзень мокне, а гадзіну сохне. Восенню ж гадзіну мокне, а дзень сохне. Тут жа сыпала пяць дзён». (Л. Арабей, «Іскры ў папялішчы»)
Летам і гнілая калода варочаецца
Летам у часе ўборкі ўраджаю ўсе людзі знаходзяцца ў няспынным руху.
«Нават і я прыйшоў — старшыня. Летам, як кажуць старыя, і гнілая калода варочаецца, а я ж сем год не выходзіў з касой!..». (Я. Брыль, «У Забалоцці днее»)
Летам кожны кусцік начаваць (пераначаваць) пусціць
Так гаворыцца пра лета: што летам можна пераначаваць нават на вуліцы.
«Цяпер лета, а летам, як сцвярджаюць вопытныя людзі, кожны кусцік пераначаваць пусціць». (Я. Васілёнак, «Бліскавіца»)
Летні дзень год корміць
Так гаворыцца пра залежнасць дабрабыту чалавека ад таго, як ён стараецца ў касавіцу і жніво.
«Хоць летняя ноч малая, вячэрняя зара праходзіць невялікі кружок над лесам, і зноў на ўсходзе вылазіць сонца, але сход правялі ўвечары, не забываючы, што летні дзень — год корміць». (Я. Ермаловіч, «Прыкры вузел»)
На гэта лета добра і гэта
Гаворыцца з неадабрэннем пра таго, хто не асабліва дбае пра заўтрашні дзень.
«Жывуць [у вёсцы] як набяжыць: на гэта лета добра і гэта». (В. Гроднікаў, «Аброць на Беларусь»)
Перажылі лета гарачае, перажывём і дз*рмо сабачае
Так кажуць з упэўненасцю ці з надзеяй перажыць, выцерпець што-небудзь, справіцца з цяжкасцямі.
«— Эх, хлопцы, хлопцы! — сказаў я, каб атрэсціся ад цяжкіх думак. — Перажылі мы, як той казаў, лета гарачае, перажывём і дз*рмо сабачае. Грышкі ўсякія, носікі, бабрукі… Дырэмна ты, Іване, многа думаеш пра іх». (Я. Брыль, «У Забалоцці днее»)
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
«Маеш дачку — трымай гарэлку ў глячку». Лепшыя беларускія прыказкі пра дзяцей
Беларускія прыказкі пра важную жанчыну ў вашым жыцці — маці
«Не вучы дзядулю кашляць». Якія ёсць беларускія прыказкі пра дзядоў?
Рыхтуй калёсы зімой, а сані летам
Гаворыцца як парада загадзя рыхтаваць тое, што спатрэбіцца праз пэўны час.
«Вы забыліся пра адну прыказку, якую вельмі любіў паўтараць ваш дзед: «Рыхтуй сані летам, а калёсы зімой», і таму плана веснавой сяўбы зімой не рыхтавалі». (А. Макаёнак, «Выбачайце, калі ласка»)
Калі на Макавея дождж, дык будзе многа грыбоў
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара. Макавей — свята ў хрысціян, якое прыпадае на 1 жніўня. Другая, больш пашыраная назва гэтага свята — Макаўе.
«Як борзда ідзе час! Першага жніўня Макавей. Людзі кажуць — калі на Макавея дождж, дык будзе многа грыбоў. Ладжуся на Балачанку». (Якуб Колас, «На схіле дзён»)
Прыйшла Прачыстая — усё поле чыстае
Ужываецца як адзін з паказчыкаў народнага календара прыроды. Прачыстая — свята ў хрысціян, якое прыпадае на 15 жніўня па старым стылі.
«У сёлах звычайна казалі: «Прыйшла Прачыстая — усё поле чыстае». Ні снапа, ні каліва, ні зярняці, ні бульбіны ў полі не асталося». (С. Грахоўскі, «Мястэчка… Мястэчка»)