Разбіраемся ў магнацкіх родах ВКЛ

магнаты вкл, магнацкія роды вкл, шляхта вкл

У іх была ўлада, якая і не снілася некаторым каралям. Іх імёны былі звязаныя са шматлікімі бітвамі, важнымі палітычнымі рашэннямі  і галоўнымі законамі краіны. Магнацкія і княжацкія роды былі рухавікамі ў палітыцы, гісторыі і культуры Вялікага княства Літоўскага.

PALATNO расказвае пра Радзівілаў, Сапегаў, Астрожскіх і іншыя роды.

Хадкевічы

Калі б вы жылі ў ВКЛ у XVI стагоддзі і вам трэба было б назваць тры прозвішчы, якія выклікалі павагу і страх, то Хадкевічы былі б у спісе. Гэты род – як вядомы брэнд, толькі сярод магнатаў: у адным келіху ёсць сіла і ўлада.

Гісторыя Хадкевічаў пачалася з Кіева, ад Ходара Юр’евіча, якога яшчэ называлі Ходкам. Ён быў не апошнім чалавекам у дзяржаве і нават падпісаўся пад уніяй ВКЛ з Польшчай у 1434 годзе. Пры ім род рос, мацаваўся. З часам Хадкевічы атрымалі графскі тытул у Свяшчэннай Рымскай імперыі і сталі афіцыйна называцца «графамі на Шклове і Мышы». Уладаннямі Хадкевічаў былі не нейкія вёсачкі, а маштабныя тэрыторыі: Падляшша (сучасная Польшча, Гродзенскі і Аршанскі паветы. Хадкевічы збіралі бібліятэкі, архівы і падтрымлівалі адукацыю.

Сярод Хадкевічаў былі асобы, пра якіх можна здымаць серыялы. Напрыклад, Рыгор Хадкевіч быў заснавальнікам старэйшай галіны, ваяваў у Інфлянцкай вайне, моцна не любіў Радзівілаў (тады гэта было амаль асобным жанрам палітыкі) і выступаў супраць Люблінскай уніі. У знак пратэсту сышоў з дзяржаўнай сцэны — быў настолькі прынцыповым. Дарэчы, заставаўся праваслаўным, калі яго род ужо паволі пераходзіў у кальвінізм.

Цікава, што менавіта пераход з адной веры ў іншую быў характэрным для Хадкевічаў. Яны імкнуліся ісці ў нагу з часам, з еўрапейскімі тэндэнцыямі і яе палітычнымі рэаліямі.

хадкевічы, сапегі, шляхта вкл, магнаты вкл, магнацкія роды вкл
Рыгор Хадкевіч. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Пацы — галоўныя інтрыганы ВКЛ

З родам Пацаў звязаны амаль усе галоўныя інтрыгі, што адбываліся ў Вялікім княстве Літоўскім.

Род атрымаў прозвішча ад Пацы Даўкшавіча, які валодаў некалькімі маёнткамі ў Лідскім павеце. Ужо ў XVII стагоддзі Пацы кантралявалі Брэсцкі і Гродзенскі рэгіёны. З цягам часу яны не толькі сталі буйнымі землеўладальнікамі, але цяжкавагавікамі палітычнай сцэны і адным з самых уплывовых родаў краіны.

Аднак кожнаму магнацкаму роду патрэбны свой герой. Для Пацаў ім стаў Кшыштаф Зыгмунт, які быў ваяром у розных еўрапейскіх арміях, атрымаў добрую адукацыю. Калі Кшыштаф вярнуўся на радзіму, то адразу ўключыўся ў палітычную гульню і вайну супраць Радзівілаў. Пацы і Радзівілы сапраўды былі ворагамі доўгі час. Аднак у гэтым канфлікце Пацы аказаліся мацнейшымі: яны фактычна кіравалі ВКЛ некалькі дзесяццігоддзяў. Пад канец жыцця зорка Кшыштафа Зыгмунта пачала згасаць, групоўка Пацаў страціла ўплыў.

Апошні прадстаўнік роду Пацаў памёр у 1835 годзе.

Кішкі

Сёння пра іх ведаюць меней, чым пра Радзівілаў ці Сапегаў, але Кішкі, ці дакладней Кішкі-Цеханавецкія, былі тымі, хто рабіў сваю справу без лішняга шуму — і рабілі яе добра.

Род бярэ пачатак ад Паўла Струмілы, што валодаў зямлёй у Вышагродскай зямлі ў пачатку XV стагоддзя. Яго сын, Ежы, змог займець маёнткі на Падляшшы, дзякуючы добрым сувязям з Вітаўтам. Пераход з Польшчы ў ВКЛ не быў звычайнай міграцыяй — гэта была кар’ерная стратэгія.

У дзяржаўных актах, Метрыцы ВКЛ, захаваўся запіс пра тое, як ваявода віленскі Доўгірд аддаў братам Ежы зямлю. Ужо ў наступныя стагоддзі большасць прадстаўнікоў роду сталі займаць высокія дзяржаўныя пасады. Яны былі не фронтмэнамі, не героямі саг, а тыповымі «адміністратарамі».

Род Кішкаў скончыўся на Альжбэце.

Друцкія — амаль міфічныя князі

Калі магнаты ВКЛ маглі часам сказаць, што паходзяць ад Гедыміна, то адзін княжацкі род упэўнена заяўляў, што іх лінія ідзе ад Усяслава Чарадзея. Гэта — Друцкія.

Род, хутчэй за ўсё, паходзіў ад Барыса Усяславіча. Сын Барыса Усяславіча, Рагвалод Барысавіч, яшчэ ў 1161 годзе замацаваў за сабой Друцкае княства. Сыноў Рагвалода ўжо называлі Друцкімі. У пазнейшыя часы ёсць узгадкі пра Васіля і Івана Друцкіх, якія шмат ваююць і займаюць высокія пасады. З часам інфармацыя з летапісаў пра Друцкіх амаль знікае.

У позніх летапісах Друцкіх нават звязвалі з міфічным князем Дзмітрыем, які нібыта ўцёк у Друцк ад Батыя. Гэта ўжо выглядае, як легенда.

Глінскія — князі-мяцежнікі

Гэты род не проста ўдзельнічаў у палітычным жыцці дзяржавы, а імкнуўся сам яе перапісаць: не словамі, а мячом і сваімі амбіцыямі. Гаворка ідзе пра род Глінскіх.

Па меркаванню гісторыкаў, Глінскія паходзілі з татараў. Генеалагічная традыцыя звязвае іх з сынам знакамітага Мамая — Мансур-Кіятам. Пасля нашчадкі прынялі праваслаўе і атрымалі ад Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой. Так Глінскія ўвайшлі ў вялікалітоўскую эліту.

Самы яркі герой у родзе — Міхаіл Львовіч Глінскі. Ён метадычна будаваў кар’еру: спачатку служыў у войску Свяшчэннай Рымскай імперыі, а затым вярнуўся ў ВКЛ на службу да вялікага князя Аляксандра. Чым вышэй падымаўся Глінскі, тым большым аказваўся супраціў іншых князей. Глінскаму зайздросцілі, на яго злаваліся, а пазней у яго нават з’явіўся персанальны вораг — Ян Забярэзінскі. Канфлікт паміж Глінскім і Забярэзінскім дасягнуў піку ў пачатку XVI стагоддзя, калі Міхаіл забіў Яна ў яго ўласным маёнтку. Глінскі вырашыў пайсці ва ўсе цяжкія: падняў мяцеж, захапіў Мазыр і Бабруйск, абклаў Мінск і Слуцк, каб стварыць на гэтых землях уласнае княства. Глінскага не падтрымала шляхта, таму ён уцёк у Маскву і страціў усё, што меў у ВКЛ.

Гісторыя Глінскага гэтым не скончылася: ён яшчэ спрабаваў захапіць Смаленск і стаць там гаспадаром, але яго кінулі ў турму. Міхаіла вызвалілі з турмы пасля смерці Васіля III і зрабілі рэгентам пры малым Іване IV (у будучым — Жахлівым). Аднак і тады штосьці пайшло не так: узнік канфлікт з маскоўскімі баярамі, і Глінскі зноў трапіў у турму, дзе памёр.

Гаштольды

гаштольды, гальшанскія, шляхта вкл, магнаты вкл, магнацкія роды вкл
Альбрэхт Гаштольд. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Уявіце Вялікае княства Літоўскае, калі ў дзяржаве яшчэ адбываецца рэлігійны вэрхал (хтосьці паганец, хтосьці праваслаўны ці католік), а ля межаў стаяць крыжакі. У такія складаныя часы з’яўляецца род Гаштольдаў, якія аднымі з першых у дзяржаве прынялі каталіцтва.

Адным з яркіх асобаў роду быў Альбрэхт Гаштольд. Ён ваяваў супраць Масквы, як і належала добраму вялікалітоўскаму магнату, але меў і крытычны погляд на дзяржаўныя справы. Альбрэхт адкрыта выступаў за адсяленне польскіх каталіцкіх манахаў, якія не ведаюць мовы народу. Ён прыклаў руку да Статута ВКЛ 1529 года, у якім выступіў супраць таго, каб чужынцы займалі дзяржаўныя пасады ці набывалі зямлю.

Найвялікшым драматычным паваротам у лёсе роду Гаштольдаў стаў Станіслаў Гаштольд, які быў апошнім з іх роду. Станіслаў быў першым мужам Барбары Радзівіл, якая пазней стала каралевай Польшчы. Пасля смерці Станіслава Барбара пабралася шлюбам з каралём Жыгімонтам II Аўгустам. А смерць Станіслава Гаштольда азначала і смерць роду Гаштольдаў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Шэсць цікавостак, якія ёсць у Статутах Вялікага Княства Літоўскага

Гальшанскія — верныя сябры Вітаўта

Многія князі і магнаты змагаліся за пасады, землі і ўплыў. Гальшанскія ж проста змянілі гісторыю Цэнтральнай Еўропы. Іх дрэва дало галіны, якія дараслі да каралеўскага трона.

Гальшанскія выводзілі род з дынастыі Кітаўрусаў, якая панавала ў Літве яшчэ да Гедыміна. Род стаў уплывовым ужо ў часы Вітаўта. Іван Гальшанскі дамогся прыязнасці Вітаўта і двойчы суправаджаў яго ў эміграцыю ў Прусію. Іван Гальшанскі нават вазіў дачку Вітаўта, Соф’ю, у Маскву для арганізацыі там яе шлюбу.

Сапраўдны зорны момант роду адбыўся пры Соф’і Гальшанскай. Яна пабралася шлюбам з каралём Ягайлам. Соф’я нарадзіла Уладзіслава і Казіміра, і так дзякуючы ёй была заснаваная польска-літоўская дынастыя Ягелонаў, а яна стала маці каралёў.

У Гальшанскіх была і цёмная старонка гісторыі. Пасля смерці Вітаўта пачалася барацьба за вялікалітоўскі трон: Свідрыгайла і Жыгімонт змагаліся за гэта права, а астатнія князі падтрымлівалі то аднаго, то другога. Сямён Гальшанскі і яго брат Міхаіл уступілі ў змову супраць Свідрыгайлы, а пасля яе раскрыцця былі пакараныя смерцю. Таму нават ва ўплывовым і старажытным родзе не ўсе казкі маюць шчаслівы фінал.

Апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Гальшанскіх быў Сямён. Пасля яго смерці вотчыну падзялілі паміж яго шасцю сёстрамі.

Вішнявецкія — гісторыя памежных князей

Магнаты ВКЛ звычайна базаваліся на сучасных літоўскіх ці беларускіх землях, але Вішнявецкія знаходзіліся на Валыні.

Родапачынальнікам Вішнявецкіх лічыцца Зміцер Карыбут Альгердавіч — сын самога вялікага князя Альгерда. Але ёсць і іншыя версіі паходжання: напрыклад, ад князёў Нясвіцкіх. Як бы там ні было ў сапраўднасці, род стаў буйным і ўплывовым. Ужо ў XVI стагоддзі падзяліўся на дзве лініі. Першая лінія ў мужчынскім родзе згасла ў 1744 годзе, другая — у 1673-м.

Адзін з самых вядомых Вішнявецкіх быў Змітро Іванавіч, які абараняў паўднёвыя межы ВКЛ. Ён ваяваў супраць крымскіх татараў, туркаў, малдаўцаў. Калі кароль Жыгімонт загадаў Змітру спыніць напады на Крым, то Вішнявецкі перайшоў на службу да Івана Жахлівага. Змітру прапанавалі нават стаць кіраўніком малдаўскага княства, але гэта скончылася трагічна: ён трапіў у палон і быў пакараны смерцю ў Канстанцінопалі.

Апошнім выбітным прадстаўніком быў Міхаіл Сервацы, які ў XVIII стагоддзі меў усе шанцы стаць цэнтрам новай палітычнай сілы, аднак адмовіўся ад гетманскай булавы. Затым яго арыштавалі і вывезлі на рускія землі, але ён змог вярнуцца на радзіму. Пасля Міхаіла род Вішнявецкіх згас, а маёнткі перайшла ва ўладанне да Агінскіх і Замойскіх.

Астрожскія — вялікія і трагічныя

Род Астрожскіх паходзіць ад пінскіх і тураўскіх князёў, а іх карані сыходзяць у XI стагоддзе. Сапраўдны росквіт роду прыйшоўся на канец XV стагоддзя, калі Астрожскім належалі вялізныя тэрыторыі ва Украіне і Беларусі.

Адным з самых знакамітых прадстаўнікоў роду лічыцца Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Ён быў гетманам ВКЛ, то бок, галоўнакамандуючым усімі войскамі дзяржавы. Самы гучны трыумф Астрожскага — бітва пад Оршай у 1514 годзе, калі вялікалітоўскае войска разбіла маскоўскіх ваяроў. Астрожскі таксама быў апекуном праваслаўя ў тыя часы, калі на яго ціснулі з усіх бакоў. Дапамагаў друкарням, будаваў цэрквы, абараняў праваслаўныя брацтвы.

У родзе Астрожскіх быў цёмны бок, звязаны з Альжбетай Астрожскай ці «Чорнай княгіняй». Спачатку яе гвалтоўна выдалі замуж (і нават выкралі), а потым хавалі ў кляштары і працягвалі на яе «паляванне». Яна перажыла ўсіх сваіх мужоў, але страціла ўсё: маёнткі Астрожскіх адышлі да польскіх каралёў.

Апошні з роду па мужчынскай лініі — Януш Астрожскі. Ён не пакінуў пасля сябе спадчынніка, з ім згас адзін з наймацнейшых родаў ВКЛ.

Агінскія

Калі б у гісторыі Беларусі існаваў свой рамантычны эпас — пра сумленную шляхту, князёў-філосафаў і кампазітараў, то галоўнымі героямі сталі б Агінскія.

Паходжанне Агінскіх доўгі час было прадметам спрэчак. То іх выводзілі ад Рурыкавічаў (галіны чарнігаўскіх князёў), то — ад смаленскага князя Івана Глушонка, які нібыта перайшоў у ВКЛ у канцы XV стагоддзя. Сыны Глушонка Дзмітрый і Іван засталіся на літоўскай службе і далі пачатак роду, што за некалькі пакаленняў стаў адным з самых уплывовых і аўтарытэтных.

Першы, хто пачаў ужываць прозвішча Агінскі, быў, верагодна, Багдан Дзмітрыевіч, які атрымаў уладанне Агінты ля Коўна.

Род хутка падзяліўся на дзве галіны: старэйшую (княжацкую) і малодшую, якая страціла тытул, але яе князі заставаліся ўплывовымі шляхціцамі. У XVII стагоддзі старэйшая галіна роду ўжывала графскі і княжацкі тытулы, а іх маёнткі былі амаль па ўсёй мапе Беларусі.

Спачатку Агінскія былі праваслаўнымі, але, як часта бывала ў тыя часы, яны перайшлі ў каталіцтва. Самае цікавае пачалося ў XVIII-XIX стагоддзях, калі Агінскія сталі яшчэ і культурнымі дзеячамі: Міхал Клеафас Агінскі напісаў паланэз «Развітанне з Радзімай», яго маёнтак у Залессі быў культурным цэнтрам.

Агінскія не заставаліся па-за палітыкай. Яны падтрымлівалі ідэю адраджэння ВКЛ і мелі палітычны ўплыў, хоць пасля паўстання 1830 года іх маёмасць была часткова канфіскаваная.

Алелькавічы — князі-бунтары

У ВКЛ было нямала амбіцыйных родаў, але Алелькавічы былі з тых, хто глядзеў не на адзін крок наперад, а адразу на трон. Яны не проста марылі пра ўладу, яны сапраўды прэтэндавалі на найвышэйшую ўладу ў дзяржаве і імкнуліся зрабіць для гэтага ўсё магчымае.

Алелькавічы паходзілі ад вялікага князя Альгерда, праз яго сына кіеўскага князя Уладзіміра. Заснавальнікам роду стаў Аляксандр Алелька, прозвішча роду пайшло менавіта ад яго. Аляксандр Алелька быў жанаты з унучкай Вітаўта, Настассяй. Алелька бараніў межы ВКЛ ад татараў, меў моцную падтрымку ў праваслаўных, а пасля смерці Вітаўта яго абмяркоўвалі як кандыдатуру на вялікакняжацкі трон. Але перамаглі іншыя.

Сыны Аляксандра працягнулі справу бацькі. Сямён не хацеў мірыцца з тым, што Кіеў не з’яўляецца іх спадчынай. Разам з братам Міхаілам і князем Юрыем Гальшанскім ён прасіў Маскву ўзяць апеку над праваслаўнай царквой у ВКЛ.

Найбольш драматычным героем у гісторыі Алелькавічаў быў Міхаіл. Пасля смерці брата хацеў атрымаць Кіеў, але яму не дазволілі. Тады ён уступіў у змову, каб скінуць дынастыю Ягелонаў. Быў і запасны план: калі скінуць Ягелонаў не атрымаецца, то аддзяліць украінскія і беларускія землі і перайсці з імі пад уладу Масквы. Спроба Міхаіла скончылася трагічна: яго схапілі і пакаралі смерцю.

Радзівілы — самы магутны род дзяржавы

радзівілы, магнаты вкл, магнацкія роды вкл, шляхта вкл
Радзівілы. Ілюстрацыя створаная штучным інтэлектам.

Самы магутны род ВКЛ — гэта Радзівілы. Іх заснавальнікам быў Радзівіл Осцікавіч, праславіў род яго ўнук — Мікалай Радзівіл Чорны. У 1547 годзе ён разам з братам атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Радзівілы падзяліліся на тры галоўныя лініі: Нясвіжскія, Клецкія і Алыцкія — усе тры звязаныя праз Мікалая Крыштафа «Сіротку», Альбрыхта і Станіслава. Яшчэ была біржанска-дубіноўская галіна, якая ў канцы таксама перайшла да нясвіжскіх Радзівілаў. Радзівілы былі пратэстантамі (частка — кальвіністамі), затым яны перайшлі ў каталіцтва.

Да сярэдзіны XVII стагоддзя Радзівілы валодалі прыватнымі гарадамі і крэпасцямі, уласным войскам (амаль такім жа, як дзяржаўная армія ВКЛ), архівамі, бібліятэкамі, друкарнямі. Уладанні Радзівілаў выглядалі як міні-дзяржавы з уласнымі школамі, шпіталямі, мануфактурамі і цэрквамі. У Міры і Нясвіжы былі крэпасці з уласнымі гарнізонамі. Радзівілы былі надзвычай багатымі — яны стварылі ардынацыі, то бок, маёнткі, якія пераходзілі толькі па мужчынскай лініі.

Да XIX стагоддзя князі Радзівілы мелі ўплыў у Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Іх тытулы былі прызнаныя паўсюль, а іх нашчадкі жывуць дагэтуль у Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, Канадзе і ЗША.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: 

Францішка Уршуля Радзівіл — першая жанчына-драматург Беларусі і заснавальніца прафесійнага беларускага тэатра

Марыя дэ Кастэлян Радзівіл — княгіня-рэфарматар, якая вярнула славу Нясвіжскаму замку

«Дзякуючы табе мы перамаглі». Расказваем пра Станіслава Альбрэхта Радзівіла — геніяльнага бізнесмена і чалавека, які дапамог Джону Кенэдзі стаць прэзідэнтам


Сапегі і іх імкненне да ўлады

Сапегі былі сур’ёзнымі канкурэнтамі Радзівілаў, але ў першых не было столькі зямлі і багаццяў. Сапегі паходзілі з полацкіх баяраў, родапачынальнікам быў Сямён Сапега — пісар вялікага князя ў 1440-я гады. Яго сыны атрымалі маёнткі, а далей — толькі ўверх: ад звычайнай шляхты да магнатэрыі.

Сапраўдная слава да Сапегаў прыйшла ў XVI-XVII стагоддях, калі Леў Сапега стаў канцлерам ВКЛ і галоўным архітэктарам Трэцяга Статута ВКЛ. Да таго ж Сапегі сталі вайсковымі лідарамі — займалі пасады гетманаў, стваралі ўласныя гарнізоны, мелі крэпасці, фінансавалі войска.

У XVIII стагоддзі атрымалі тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі, але тут пачаліся і праблемы. У 1690-х гадах шляхта ўзбунтавалася супраць Сапегаў. У іх адабралі пасады і амаль выгналі з краіны. Гэта быў момант, калі другая па моцы дынастыя ВКЛ гучна грукнулася аб падлогу ўнутранай палітыкі. Падчас Паўночнай вайны Сапегі падтрымалі шведаў, дапамагалі Станіславу Ляшчынскаму і арганізоўвалі казацка-сялянскія атрады. Сапегаў назвалі мяцежнікамі, але гэта была іх спроба вярнуць уладу, якую яны лічылі сваёй па праве.

У XVIII-XIX стагоддзях вярнулі частку свайго ўплыву. Нават у XX стагоддзі, ужо падчас Першай сусветнай вайны, прэтэндавалі на трон ВКЛ, які меркавалася аднавіць пры магчымасці. У міжваеннай Польшчы былі землеўладальнікамі і дыпламатамі, а пасля Другой сусветнай вайны сталі эмігрантамі.

Вярнуцца ўгару