Усе баяцца рэцэсіі. А што гэта такое?

што такое рэцэсія, рэцэсія простымі словамі, эканамічны заняпад

Цяпер усе чакаюць, што адбудзецца рэцэсія… А што гэта ўвогуле такое? Гэта сапраўды страшэнна і непазбежна?

PALATNO вельмі лёгка тлумачыць, што такое рэцэсія і як ад яе пазбаўляюцца.

ШТО ТАКОЕ РЭЦЭСІЯ?
Рэцэсія — гэта перыяд эканамічнага спаду, калі назіраецца агульнае зніжэнне эканамічнай актыўнасці краіны ці рэгіёну. Звычайна рэцэсію вызначаюць як два кварталы запар (шэсць месяцаў) з адмоўным ростам валавога ўнутранага прадукту.

Рэцэсія на прыкладзе вялікай крамы

Важна разумець, што рэцэсія з’яўляецца натуральным этапам эканамічнага цыкла. Звычайна рэцэсію вызначаюць як шэсць месяцаў запар з адмоўным ростам валавога ўнутранага прадукту.

Уявіце, што эканоміка — гэта вялікая крама, дзе людзі купляюць і прадаюць, працуюць і атрымліваюць грошы. Калі ўсё ідзе добра, то ў людзей ёсць праца, яны атрымліваюць заробак, купляюць прадукты — крама хораша жыве.

Часам бывае так, што крама пачынае працаваць горш: менш людзей прыходзіць на закупы, працаўнікоў звальняюць з-за недахопу грошай, людзі баяцца выдаткоўваць грошы, бо не ведаю, што будзе далей. Вось менавіта такая сітуацыя і называецца рэцэсіяй — калі ўсё ў «‎вялікай краме» пачынае запавольвацца.

Чаму адбываецца рэцэсія? Рэцэсія можа быць выклікана шматлікімі фактарамі: ад вайны і пандэміі да фінансавых крызісаў.

З-за рэцэсіі частка людзей знаходзіцца ў цяжкім становішчы, бо мае нашмат менш грошай, чым раней. У такім выпадку, дзяржава спрабуе дапамагаць: ствараюцца новыя месцы працы і аказваецца фінансавая дапамога.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

ЗША і гандлёвыя войны: чаму амерыканцы любяць пошліны і тарыфы

 

Прэзідэнт Маккінлі — любімы прэзідэнт Дональда Трампа. Стоп, а хто такі Маккінлі?

 

Красавіцкі страйк. Як сотні тысяч беларускіх рабочых пратэставалі ў пачатку 1990-х


Самыя вядомыя выпадкі рэцэсіі

Рэцэсіі здараліся не раз у гісторыі — і па ўсім свеце, і ў асобных краінах.

  • Вялікая дэпрэсія (1929-1939). Гэта была самая моцная і доўгая рэцэсія ў XX стагоддзі. Яна пачалася з краху фондавай біржы ў ЗША ў 1929 годзе. Закрылася шмат прадпрыемстваў і фабрык, а мільёны людзей страцілі працу. Маштабны фінансавы крызіс распаўсюдзіўся са Злучаных Штатаў на іншыя краіны.
  • Рэцэсія 1973-1975 гадоў. Яна адбылася з-за нафтавага крызісу, калі краіны АПЕК паднялі цэны на нафту. Заходнія эканомікі пачалі запавольвацца, а іх рост спыніўся. Цікава, што гэты перыяд нават атрымаў новы тэрмін — стагфляцыя (калі эканамічны спад і беспрацоўе).
  • Фінансавы крызіс 2008 года. Ён пачаўся з крызісу ў рынку нерухомасці ў ЗША: банкі давалі крэдыты тым, хто не мог іх вярнуць. Калі бурбалка лопнула, то банкі і фінансавыя кампанія пачалі станавіцца банкрутамі. З Амерыкі крызіс перакінуўся на ўвесь свет. У гэты час мільёны людзей згубілі працу і жыллё.
  • Рэцэсія падчас каронавіруснай пандэміі. Калі пачалася пандэмія, то краіны зачыніліся на каранцін. Прадпрыемствы не маглі працаваць, бо людзі сядзелі дома. Эканоміка ва ўсім свеце рэзка запаволілася. Дзяржавы друкавалі грошы, каб дапамагчы людзям і бізнесам.

Як дзяржавы пераадольваюць рэцэсію

У дзяржаў шмат розных спосабаў, каб выйсці з рэцэсіі. Калі чалавек хварэе, то доктар спрабуе падабраць правільнае лячэнне. Эканамічнае «‎лячэнне» бывае двух асноўных тыпаў: бюджэтная палітыка і грашова-крэдытная палітыка.

Бюджэтная палітыка адбываецца праз дзяржаўныя выдаткі і падаткі. Дзяржава павялічвае выдаткі, то бок будуе дарогі, школы, бальніцы, каб стварыць новыя працоўныя месцы. Часам урад зніжае падаткі, каб у людзей і прадпрыемстваў засталося больш грошай для выдаткаў на ўласныя патрэбы. Галоўная мэта такой палітыкі — людзі павінны пачаць траціць больш грошай, а прадпрыемствы павінны больш з-за гэтага працаваць, каб рухавік эканомікі закруціўся з новым моцам.

Грашова-крэдытнай палітыкай кіруе цэнтральны банк краіны. Банк зніжае працэнтныя стаўкі па крэдытах, каб было танней пазычаць грошы на дом, машыны ці бізнес. Часам друкуюць грошы і «‎ўкідваюць» іх у эканоміку, каб купляліся аблігацыі, а ў банках з’яўлялася больш грошай для крэдытавання. Уводзяцца крэдытныя канікулы, каб людзі маглі адкласці выплаты па крэдытах. Мэта гэтай палітыкі простая: чакаецца, што грошы будуць «‎хадзіць» хутчэй.

Ёсць і іншыя меры: сацыяльная падтрымка (дапамога беспрацоўным, субсідыі на прадукты), стварэнне праграм для падтрымкі бізнесу, рэформы і інвестыцыйныя планы.

Вярнуцца ўгару