Якімі былі народныя ўяўленні беларусаў пра самагубства?

самагубства ў беларусі, самагубцы, як адносіліся да самагубцаў беларусы

У традыцыйнай беларускай культуры смерць — гэта не проста фізічны канец, а пераход у іншы стан існавання. Аднак не ўсе памерлыя ўспрымаліся аднолькава. Асаблівае, амбівалентнае стаўленне было да тых, хто самастойна перарваў свой зямны шлях — самагубцаў. Народная свядомасць адносіла іх да катэгорыі «нячыстых» мерцвякоў, якія маглі пагражаць жывым і парушаць баланс паміж нашым светам жывых і светам памерлых.

PALATNO расказвае пра адну з самых табуіраваных тэм.

Самагубцы як «нячыстыя» нябожчыкі

Самагубцаў на Беларусі называлі яшчэ загубкамі, вісельнікамі, тапельцамі ці даўленікамі. Іх лічылі прадстаўнікамі «нячыстых», небяспечных нябожчыкаў.

Паколькі жыццё ўспрымалася як дар Божы, самагубства трактавалася як грахоўнае дзеянне, што выводзіць чалавека з кола «сваіх», добрых продкаў. Такія людзі быццам бы захоўвалі жыццёвую сілу, якую пасля смерці скіроўвалі на шкоду іншым.

Існавала вера, што на самагубства чалавека падбухторвае чорт, а пасля смерці самагубца становіцца часткай нячыстай сілы. Паводле павер’яў, у момант смерці самагубцы ў небе ўзнікае завея або бура — «чортава вяселле», калі нібыта чорт «бярэ шлюб» з душой памерлага. На Магілёўшчыне лічылі, што пры гэтым самагубцы-мужчыны бралі шлюб з чарціхай, а самагубца-жанчына — з чортам. Таксама лічылася, што на скуры самагубцы заключалі крывёй свае дамовы чэрці і чараўнікі.

Пахавальныя звычаі, вісельнікі і тапельцы

Пахаванні самагубцаў выразна адрозніваліся ад звычайных. Іх не адпявалі, не спраўлялі хаўтураў, хавалі ў маргінальных месцах — на ростанях, у балотах, за межамі могілак.

Такі прасторавы вынас сімвалізаваў няпоўнае прыняцце ў свет памерлых.

Самагубцаў-вісельнікаў хавалі ў тым адзенні, у якім яны загінулі, разам з вяроўкай, з дапамогай якой гэта было зроблена.

Асобнае месца сярод самагубцаў займалі тапельцы. Іх сувязь з вадой нарадзіла шэраг міфалагічных вобразаў. Паводле павер’яў, жанчыны-тапеліцы маглі ператварацца ў русалак, а мужчыны маглі з часам станавіцца Вадзянікамі. Людзі верылі, што тапельцы маглі ўплываць на надвор’е і выклікаць засуху — і каб яе спыніць, трэба было паліваць іх магілу.

Самагубцы і магічныя практыкі

Рэчы, што належалі самагубцам, асабліва вяроўка і пясок з магілы, лічыліся моцнымі магічнымі артэфактамі. Імі карысталіся для праклёнаў, прымусаў, чараў. Напрыклад, вяроўку вісельніка клалі ў бочку з гарэлкай — каб яна лепш прадавалася, або выкарыстоўвалі для  смяротнага праклёну.

З іншага боку, той жа пясок мог быць лекавым сродкам — ім, напрыклад, выганялі чарвякоў з ран у жывёлы.

* * *

Самагубцы займалі ў народнай карціне свету асаблівае месца — яны былі ні «там», ні «тут», існавалі на мяжы свету жывых і мёртвых.

Вярнуцца ўгару