Веды

Як (не)звычайная шапка стала ахоўніцай душы і цела беларусаў


Як (не)звычайная шапка стала ахоўніцай душы і цела беларусаў

Калі ўявіць Сусвет як адзенне чалавека, то галаўны ўбор, вядома ж, быў бы наверсе. Ён быў бы своеасаблівым знакам сувязі паміж зямным і нябесным. Звычайная шапка, якая сёння падаецца толькі дэталлю нашага гардэроба, у традыцыйнай культуры беларусаў мела глыбокі сэнс.

PALATNO расказвае пра тое, як шапка паказана ў беларускай культуры.

Шапкі, мужчыны і жанчыны

Шапка заўжды асацыявалася з мужчынскім светам. Яна абазначала закрытую, абароненую прастору: то бок, была сімвалам унутранай самастойнасці і бяспекі. Лічылася, што шапка магла адганяць злых духаў і засцерагала ўладальніка.

Мужчына без шапкі ўспрымаўся як чалавек без абароны. Часам нават як істота, якая кантактуе з іншым светам: перад нябожчыкам — знак духоўнага злучэння, у храме — адкрытасць перад Богам, перад знаёмым — павага.

Народная беларуская культура выпрацавала цэлы кодэкс «шапкавай» этыкі. У шапцы нельга есці, бо будуць лічыць дурнем. Шапку нельга класці на стол, каб не пачалася сварка ці шкода. Шапку нельга круціць на кулаку, бо будзе балець галава.

Жанчынам забаранялася насіць мужчынскія шапкі, бо гэта магло «пераблытаць» пол і прыцягнуць нячыстую сілу. Маладой дзяўчыне ўвогуле не варта было надзяваць мужчынскую шапку, бо лічылася, што яна сем гадоў не выйдзе замуж або выйдзе замуж за ўдаўца.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

 

Рай і пекла. Якімі яны былі ва ўяўленні продкаў беларусаў?

 

Бог, маці, тры дзяўчыны з вянкамі. Як беларусы верылі ў долю

 

Конь — памочнік ваяра і селяніна, магічны партнёр у казках. Якім бачылі беларусы свайго скакуна


Магія шапкі

У народных уяўленнях галаўны ўбор мог быць «памежным» прадметам, які спалучае свой і чужы свет, жывых і нябожчыкаў. Недарэмна ў беларускай міфалогіі істоты з іншага свету — чорт, дамавік, кладнік — вылучаліся ці незвычайнай шапкай, ці яе адсутнасцю.

Шапка працавала і як магічны інструмент. Напрыклад, яе выкарыстоўвалі ў абрадах на Каляды, клалі пад галаву для абароны ці для таго, каб убачыць нячыстую сілу. У беларускім фальклоры шапка бачылася як сімвал улады, сілы і пераходу паміж нашым і іншым светам.

У пэўных сітуацыях шапка замяняла самога чалавек. Так, над ёй маглі чытаць малітвы, у яе пераносілі імя дзіцяці, атрыманае ад святара. У народзе казалі: «Чыя шапка на ком, той будзе на той» — існавала ўяўленне, што шапка нясе асабістую энергетыку чалавека. На вяселлі шапка станавілася своеасаблівай метафарай шлюбу і пераходу ў новы стан: адкрытая галава была сімвалам чысціні, а пакрытая была ўваходам у новы свет сацыяльных адносін.