Авечка, жаба, карова, конь, кот. Што гавораць беларускія жывёлы?

як размаўляюць беларускія жывёлы, беларуская мова, беларускія словы

Як думаеце, ці па ўсёй Беларусі котка мяўкае? Можа, дзесьці яна княвае альбо курняўкае? А авечка бэкае ці мэкае? А ці ведалі вы, што на поўначы Беларусі жабы ў асноўным квокчуць, а на поўдні — крумкаюць і крэкчуць? 

PALATNO разбіраецца ў мове беларускіх рэгіёнаў.

Авечка бэкае ці мэкае?

Большая частка Беларусі выкарыстоўвае слова «бляе» (з націскам на «е»). Кропка, але ўсё ж па ўсёй беларускай зямлі, выкарыстоўваюць «крычыць».

На Палессі, на поўдні Міншчыны і Гомельскай вобласці дамінуюць словы «бэкае» і «мэкае».

Цікава, што на самым захадзе Брэсцкай вобласці выкарыстоўвалі слова «бычыт» (з націскам на апошні склад).

Што гаворыць жаба: дзясятка варыянтаў

Як гавораць беларускія жабы? Мы можам правесці ўмоўны падзел на поўнач і поўдзень. На поўначы жабы «квокчуць», на поўдні яны «крумкаюць».

Кропкава па ўсёй краіне існуюць свае назвы. Напрыклад паласой па цэнтры Беларусі з поўначы на поўдзень жабы «крэкчуць». А на поўначы яшчэ вы можаце пачуць, што жабы «крохаюць».

У заходняй частцы Беларусі і на поўдні жабы могуць «крычаць». А ці чулі вы слова «турчаць» (з націскам на другі склад)? Гэта слова можна пачуць на захадзе Беларусі, на Астравеччыне і Мядзельшчыне.

А вось на Магілёўшчыне, бліжэй да расійскай мяжы, беларускія жабы «сквяруцца». А яшчэ кропкава ў той жа Магілёўскай вобласці жабы могуць «квокаць».

Карова раве ці рыкае?

На Віцебшчыне і Магілёўшчыне аднагалосна карова «раве». Аднак іншыя рэгіёны не пагаджаюцца: там дамінуе слова «рыкае» (націск на другі склад). Цікава, што на Палессі выкарыстоўваюць гэтае ж слова, але з націскам на першы склад.

Ля Брэста кажуць, што карова «рычыць».

Конь рагоча, ржэ ці вішчыць?

Амаль у любым кутку Беларусі вам скажуць, што конь дакладна «ржэ». Але і тут ёсць свае асаблівасці і выспы дыялектных словаў.

Да прыкладу, на Астравеччыне і Мядзельшчыне конь будзе «вішчаць». А на Мёршчыне, Браслаўшчыне конь будзе «гагатаць».

Яшчэ адна цікавостка: на поўначы Магілёўшчыны, поўдні Міншчыны і ўсходняй частцы Брэсцкай вобласці дамінуе слова «рагоча».

А як размаўляе беларуская котка?

На Віцебшчыне вы можаце пачуць, што котка «крычыць». Гэта рэгіяналізм, такога пра котку вы не пачуеце нідзе больш у Беларусі. Да прыкладу, на Брэстчыне вы можаце пачуць «няўчыць». А на паўднёвым усходзе ад Магілёва вы можаце пачуць слова «княвае» (націск на першы склад).

На поўдні Міншчыны і на Палессі выкарыстоўваюць слова «яўкае». На Магілёўшчыне і Гомельшчыне дамінуе «каўкае». На поўначы Беларусі любяць казаць «курняўкае».

Агульнапрынятае «мяўкае» распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі Беларусі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Ці любяць беларусы коцікаў?

Вярнуцца ўгару