
Калі ў вас узнікае пытанне, што такога адметнага ў брытанскім гурце The Beatles, то мы знайшлі адказ. Гэта не проста гурт, які стаў сімвалам 1960-х гадоў. Ён цалкам змяніў свой час і стаў сімвалам культурнай рэвалюцыі.
PALATNO расказвае, чым былі выбітныя The Beatles.
Змест
Універсальная, але інавацыйная музыка
The Beatles, якія напачатку сталі вядомымі дзякуючы рок-н-рольным песням, з часам значна пашырылі межы музыкі. У пачатку ў «бітлоў» быў класічны рок-н-рол і біг-біт, але ўжо праз некалькі гадоў існавання гурта яго ўдзельнікі сталі эксперыментаваць з рознымі жанрамі. «Бітлы» працавалі з вядомым аранжыроўшчыкам Джорджам Марцінам (яго часта называюць «пятым бітлом»), які дапамагаў музыкам змяніць гучанне.
Марцін дапамаг гурту адысці ад стандартных рок-н-рольных акордаў, яны пачалі выкарыстоўваюць больш складанае гучанне, натхнёнае класічнай музыкай і джазам. «Бітлы» ўвялі ў папулярную музыку нетыповыя для яе інструменты і дадалі незвычайныя студыйныя эфекты, якія тады лічыліся авангарднымі.

Да таго ж музыканты не баяліся ўключаць элементы блюзу, фольку, псіхадэлікі і нават індыйскай музыкі. Напрыклад, у сярэдзіне 1960-х гадоў «бітлы» сталі аднымі з першых, хто асацыіраваўся з псіхадэлічнай музыкай: альбом Sgt. Pepper’s Lonely Hearts Club Band лічыцца адным з першых канцэптуальных альбомаў, у якім песні былі звязаныя агульнай тэмай і гукавымі эфектамі.
Кампазіцыі The Beatles ахоплівалі шырокі спектр эмоцый і жыццёвых тэм: ад кахання (All You Need Is Love) і сацыяльнай крытыкі (Revolution) да духоўнага пошуку (Across the Universe) з гумарам і абсурдам (Yellow Submarine).
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Дзень, калі нарадзіўся беларускі рок-н-рол? Паўстагоддзя таму ў Мінску адбыўся першы рок-н-рольны фестываль
Асабістае: Ленан, Маккартні, Харысан і Стар
Кожны з удзельнікаў гурта меў адметны творчы почырк, а Джон Ленан і Пол Маккартні лічацца адной з самых моцных кампазітарскіх пар у гісторыі.
Джон Ленан быў галоўным аўтарам песень (разам з Маккартні). Ленан часта пісаў песні на глыбокія сацыяльныя і філасофскія тэмы. Музыкант развіваў сольную кар’еру пасля распаду гурта, разам з жонкай Ёка Она ўдзельнічаў у пацыфісцкім руху. Гісторыя Джона Ленана была трагічнай: у 1980 годзе каля свайго дома ў Нью-Ёрку яго забіў фанат.
Пол Маккартні, як і Ленан, быў аўтарам песень і вакалістам. Характэрная рыса Маккартні — лірычны стыль. Пасля распаду «бітлоў» ён стварыў уласны гурт Wings. Маккартні працягвае выступаць дагэтуль.
Джордж Харысан унёс у музыку «бітлоў» усходнія матывы, асабліва пасля сваіх падарожаў у Індыю і знаёмства з вядомым індыйскім кампазітарам. Доўгі час Харысан быў у цені дуэта Ленан-Маккартні, але пазней праявіў сябе як моцны кампазітар. Пасля распаду гурта выпусціў сольны альбом і выступаў у гурце Traveling Wilburys. У 2001 годзе памёр ад раку лёгкіх.
Рынга Стар (сапраўднае імя — Рычард Старкі) адказваў у гурце за барабаны. Пасля распаду гурта паспяхова развіваў сольную кар’еру, стварыў Ringo Starr & All-Starr Band. Працягвае выступаць дагэтуль.
Стоп, а чаму The Beatles распаліся? Да распаду гурта прывёў шэраг розных прычын, сярод якіх былі асабістыя канфлікты і розныя творчыя погляды ўдзельнікаў. Ленан быў больш захоплены сваімі праектамі з Ёка Она, Маккартні меў разнагалоссі наконт будучыні «бітлоў», Харысан адчуваў сябе недаацэненым як кампазітар. У 1970 годзе гурт афіцыйна скончыў сваё існаванне.
А пры чым тут культурная рэвалюцыя?
The Beatles сталі часткай так званага «Брытанскага нашэсця», калі брытанская музыка захапіла Амерыку. Уплыў гурта выходзіў за межы музыкі: ва ўдзельнікаў The Beatles пераймалі стыль адзення, прычоскі (легендарныя «бітлоўскія» стрыжкі) і нават паводзіны. Яны сталі іконамі моладзевай культуры.
Музыка «бітлоў» спрыяла лібералізацыі заходняга грамадства, бо яны папулярызавалі ідэі свабоды самавыяўлення і альтэрнатыўнага мыслення. Творчая дзейнасць гурта супала з іншымі рухамі 1960-х гадоў: барацьбой за грамадзянскія правы, пратэстамі супраць вайны ў В’етнаме і экалагічнымі рухамі.
The Beatles адмаўляліся выступаць на канцэртах у ЗША, калі залы былі сегрэгаваныя: падзеленыя на «белую» і «чорную» паловы. Удзельнікі гурта публічна асудзілі расавую сегрэгацыю і прымусілі арганізатараў канцэртаў адмовіцца ад такой практыкі.
Іх рэкорд-лэйбл Apple Corps падкрэсліваў, што музыкі могуць быць не толькі выканаўцамі, але і прадпрымальнікамі.
Відэакліпы The Beatles былі прарывам?
Гурт быў наватарскім не толькі ў музыцы, але і ў візуальным мастацтве. Іх альбомы мелі адметныя вокладкі. Раней вокладкі альбомаў у музыкантаў былі простымі — партрэты артыстаў ці лагатыпы; а «бітлы» зрабілі іх канцэптуальнай часткай альбому.
- Please Please Me (1963). У першага альбома была класічная вокладка для таго часу: фотаздымак удзельнікаў гурта на лесвіцы. Але ўжо на гэтым фота было заўважнае іх імкненне да большага.
- Rubber Soul (1965). Тут вокладка адлюстроўвала пачатак эксперыментаў: скажонае, трохі псіхадэлічнае фота ўдзельнікаў гурта.
- Revolver (1966). Чорна-белая вокладка з малюнкамі і калажамі лічыцца адной з самых навацыйных.
- Sgt. Pepper’s Lonely Hearts Club Band (1967). Гэта вокладка лічыцца адной са знакавых у гісторыі музычнай індустрыі. На ёй — выявы розных вядомых людзей.
- The Beatles (The White Album, 1968). У гэтай вокладцы выкарысталі мінімалізм: белая вокладка з ледзьве бачнай назвай гурта. Такое рашэнне для вокладкі прынялі з-за перанасычанай вокладкі папярэдняга альбома.
- Abbey Road (1969). Легендарнае фота ўдзельнікаў гурта, якія пераходзяць дарогу. Фота стала настолькі знакавым, што назва альбома на вокладцы стала непатрэбнай.
- Let It Be (1970). Кожнага з удзельнікаў размясцілі на асобным партрэце, што адлюстравала і творчыя разыходжанні ў гурце на той момант. Гэты быў сумны, але моцны візуальны сімвал завяршэння эпохі The Beatles.
«Бітлы» таксама былі піянерамі ў стварэнні музычных кліпаў. Музыкальныя відэа яны выкарыстоўвалі для прасоўвання і мастацкага самавыяўлення. У той час, калі большасць артыстаў выступалі на жывых тэлевізійных шоу, яны стваралі загадзя запісаныя кароткаметражныя фільмы.