Да Сола Прайса крамы былі дарагімі і прапаноўвалі шырокі выбар. Прайс, сын беларускіх яўрэяў, замяніў вітрыны складскімі паліцамі, а шырокі асартымент — некалькімі праверанымі таварамі. У 1970-х гадах Сол не толькі змяніў рознічны гандаль, але перапрыдумаў канцэпцыю крамы, у якую мы з вамі ходзім кожны дзень.
PALATNO расказвае пра Сола Прайса.
Змест
Як юрыст стаў вынаходнікам крамы-склада
Сол Прайс нарадзіўся ў 1916 годзе ў Бронксе ў сям’і яўрэйскіх эмігрантаў. Калі Сол яшчэ вучыўся ў школе, яго бацькі вырашылі перабрацца з Нью-Ёрка ў Сан-Дыега на заходняе ўзбярэжжа. Хутчэй за ўсё, пераезд быў звязаны з працяглай хваробай бацькі Сола — у яго знайшлі сухоты, а дактары параілі змяніць клімат.
Сол Прайс скончыў школу ў 15 гадоў, імкнуўся пабудаваць сабе ўдалую кар’еру. Таму пасля школы паступіў ва ўніверсітет Паўднёвай Каліфорніі, каб вывучаць права. У 1938 годзе ён атрымаў ступень юрыста і стаў членам калегіі адвакатаў Каліфорніі. Юрыдычная практыка стала для Сола своеасаблівай бізнес-школай. Пазней Прайс прызнаваўся, што даведаўся ад сваіх кліентаў пра бізнес больш, чым падчас вучобы ва ўніверсітэце.
У 1953 годзе кліент і сябар Прайса прапанаваў яму паглядзець на краму Fedco у Лос-Анджэлесе. Гэта была крама для дзяржаўных службоўцаў, дзе тавары прадаваліся па значна ніжэйшых цэнах за звычайныя, а пакупнікі ехалі ў краму за некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Прайс і яго партнёры захацелі адкрыць у Сан-Дыега філіял Fedco, але кампанія адмовілася супрацоўнічаць. Тады яны вырашылі стварыць уласную краму паводле падобнага прынцыпу — і так адкрыўся першы FedMart.
Для свайго часу гэта была незвычайная крама: яна была ў простым складскім будынку побач з прадпрыемствамі, для пакупкі ў ёй трэба было быць дзяржслужбоўцам і заплаціць два долары за пажыццёвае сяброўства. Унутры не было дарагіх вітрын, дэкарацый, тавары стаялі ў скрынях ці простых паліцах. Замест пятнаццаці варыянтаў аднаго тавара пакупніку прапаноўвалі два ці тры на іх выбар, а большасць тавараў людзі бралі самі без дапамогі прадаўца.
Галоўным аргументам стала цана. Прайс прапанаваў падыход, які быў вельмі інавацыйным для таго часу: браць закупачны кошт тавару і дадаваць мінімальную нацэнку. Так з’явілася канцэпцыя рытэйлера з нізкай маржой. Першы FedMart стаў імгненна паспяховым: заснавальнікі разлічвалі атрымаць каля мільёна долараў за першы год, але вынік аказаўся ўтрая большым.
Як Сол змяніў правілы і рытэйл
Уплыў Сола Прайса на рознічны гандаль і яго крамы не абмяжоўваўся нізкімі цэнамі на тавары, бо ён перагледзеў амаль усе элементы працы рознічнай крамы.
Па-першае, Прайс зрабіў стаўку на вялікі абарот замест вялікай нацэнкі. Прыбытак мусіў узнікаць не таму, што кампанія зарабляе на кожнай адзінцы тавару, а таму, што яна прадае вялікую колькасць прадукцыі. Другім важным прынцыпам стаў абмежаваны асартымент. Традыцыйны ўнівермаг спрабаваў прапанаваць як мага больш варыянтаў. Прайс лічыў, што дастаткова выбраць некалькі сапраўды добрых тавараў і дамагацца ад пастаўшчыкоў лепшай цаны: гэта спрашчала лагістыку і зніжала выдаткі.

Яшчэ адным новаўвядзеннем стала спалучэнне харчовых і нехарчовых тавараў пад адным дахам. У FedMart можна было набыць мэблю, бытавую тэхніку, адзенне, гаспадарчыя тавары, прадукты. FedMart таксама стаў адным з піянераў амерыканскага рознічнага гандлю па продажы лекаў па зніжаных цэнах.
Прайс пачаў развіваць уласныя гандлёвыя маркі. Калі вядомыя вытворцы не хацелі супрацоўнічаць з FedMart, то кампанія выпускала тавары пад уласным брэндам.
Калі ў вас калі-небудзь узнікала пытанне, чаму амерыканцы купляюць тавары ў такіх буйных упакоўках, то гэта заслуга, у тым ліку, Сола Прайса. Замест невялікіх пачак пральнага парашку FedMart пачаў прапаноўцваць вялікія ёмістасці. Такі фармат дазваляў зніжаць цану за адзінку тавару і стаў адной з галоўных прыкмет будучых крамаў-складоў.
Сол Прайс і знакамітыя Costco з WalMart
У 1975 годзе FedMart прадалі нямецкім інвестарам, а Прайса неўзабаве адхілілі ад кіравання створанай ім кампаніяй. На той час яму было амаль 60 гадоў, але ён не сышоў з бізнесу.
У 1976 годзе разам з сынам Робертам і партнёрамі Сол Прайс адкрыў першы Price Club. Крама размяшчалася ў былым авіяцыйным ангары ў Сан-Дыега — вось тут яго ідэі аформіліся ў класічную мадэль складского клуба.

Пакупнікі плацілі штогадовы сяброўскі ўзнос і атрымлівалі доступ да тавараў у вялікіх упакоўках па вельмі нізкіх цэнах. Спачатку кампанія арыентавалася пераважна на малы бізнес, але хутка стала папуляранй сярод звычайных сем’яў.
Філасофія і бізнес-ідэі Прайса моцна паўплывалі на Джэймса Сінегала, які пачаў працаваць у першым FedMart яшчэ студэнтам. Пазней Сінегал стаў адным з заснавальнікаў Costco. Сінегал расказваў, што навучыўся ў Прайса фактычна ўсяму, што ведаў пра рознічны гандаль.
У 1993 годзе Price Club аб’яднаўся з Costco. Мадэль, прыдуманая Прайсам, ператварылася ў аснову адной з найбуйнейшых рознічных кампаній свету.
Уплыў Сола Прайса прызнавалі нават яго канкурэнты. Заснавальнік Walmart Сэм Уолтан прызнаваў, што запазычыў у Прайса большасць ідэй, нават назва сеткі крам Уолтана была названа пад уплывам FedMart.
* * *
Сол Прайс памёр у 2009 годзе.
Як Беларусь і Сол Прайс аказаліся звязанымі
Бацькі Сола Прайса, Самуіл Прайс і Бэла Баркан, паходзілі з Беларусі. Самуіл нарадзіўся ў 1888 годзе ў Мінску ў яўрэйскай сям’і Гары Прайса (амерыканізаванае імя бацькі, якое Самуіл выкарыстоўваў у дакументах) і Доры Рубен. Хутчэй за ўсё, бацькі Самуіла засталіся ў Беларусі і не пераязджалі ў ЗША. Бэла нарадзілася ў яўрэйскай сям’і Ісаака Баркана і Лібі Шапіра таксама ў Мінску. Цікава, што ў амерыканскім перапісу насельніцтва за 1930 год перапісчык пазначыў, што Самуіл і Бэла пераехалі ў ЗША толькі ў 1928 годзе, але гэта была памылка, бо яны ўжо былі ў шлюбе амаль 20 гадоў, а ажаніліся ўжо ў Амерыцы. Рэальным годам пераезду іх у Штаты быў 1904-ы, і, хутчэй за ўсё, яны былі знаёмыя яшчэ да перасячэння акіяну.

Самуіл і Бэла пабраліся шлюбам у 1910 годзе ў Бронксе, Нью-Ёрку. Месцамі іх нараджэння пазначана толькі краіна — Расія. Аднак у той час, калі яшчэ існавала Расійская імперыя, эмігранты з гэтых зямель, нават калі яны былі беларускія, пазначалі ў дакументах месцам нараджэння менавіта Расію (у рэдкіх выпадках запісваліся дакладныя гарады ці мястэчкі).

Высветліць дакладнае месца нараджэння Самуіла атрымалася дзякуючы картцы вайсковага ўліку.

У 1916 годзе бацькі Сола атрымалі амерыканскія пашпарты. У 1928 годзе бацька Сола памёр ад сухотаў.

Дарэчы, Сол ажаніўся з Хэленай Москавіц, бацькі якой таксама паходзілі з беларускіх зямель. Аднак у адрозненні ад многіх яўрэйскіх эмігрантаў з Усходняй Еўропы яны аселі не на ўсходнім узбярэдды Злучаных Штатаў, а паехалі адразу ў сонечны Лос-Анджэлес. Праз некалькі дзесяцігоддзяў на заходняе ўзбярэжжа перабярэцца і сам Сол, дзе будзе будаваць кар’еру спачатку ў юрыспрудэнцыі, а затым у рытэйле. Сол і Хэлен пабраліся шлюбам у адным з самых вядомых гарадоў Амерыкі — у Лас-Вегасе ў 1938 годзе.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Сто гадоў таму яўрэй з Крычава пабудаваў у Аўстраліі найбуйнейшую сетку ўнівермагаў
Дзед ізраільскага прэм’ера Нетаньяху родам з беларускага Крэва. Кім ён быў і чым займаўся?
