Як сто гадоў таму камуністы асудзілі беларускіх святароў за крадзеж царкоўных каштоўнасцей

крымінал беларусь, крымінальны падкаст, тру-крайм падкаст, крымінал у савецкай беларусі, крымінал у бсср, справа мінскіх царкоўнікаў, рэлігія ў бсср

У гэтым выпуску мы паглыбімся ў адну з самых гучных царкоўных спраў пачатку 1920-х гадоў у савецкай Беларусі. Тады дзяржаўная газета «Звязда» пісала, што судовы працэс над кіраўніком беларускай праваслаўнай царквы не звязаны ўвогуле з рэлігіяй. Як гэта было магчыма? За што асудзілі ключавых беларускіх святароў? І чаму пасля прысуду кіраўнік праваслаўнай царквы, якога прызналі вінаватым, крыкнуў: «Да здравствует советская власть!»?

Як чэкісты прыручалі беларускую праваслаўную царкву

З самага пачатку савецкая ўлада разглядала рэлігію як ворага новага грамадства. Для бальшавікоў рэлігія была перажыткам мінулага: царква, па іх меркаванні, трымала людзей у стане страху, неадукаванасці і паслухмянасці. Амаль адразу, ад 1917 года, камуністы пачалі прасоўваць атэізм і культ камуністычнай ідэалогіі як замену рэлігіі. Было дзве ідэі — знішчэнне ці падпарадкаванне царквы. Больш за тое, праваслаўная царква асацыявалася з царскай уладай, таму асабліва моцна пацярпела ў 1920-1930 гады. Каталіцкая царква асацыявалася з Польшчай, якая для СССР доўгі час была варожай краінай. Часам савецкая ўлада магла гуляцца ў верацерпнасць — напрыклад, у больш познія часы, калі пачалася Другая сусветная вайна. Праваслаўная царква змагла выжыць, аднак яна знаходзілася пад кантролем КДБ. 

Што ж адбывалася ў Беларусі з рэлігіяй у пачатку 1920-х? Савецкая ўлада прыняла антырэлігійнае заканадаўства: рэлігійныя арганізацыі пазбаўляліся зямлі бязвыплатна, дзяржава не плаціла заробкі святарам — ім прапаноўвалі знайсці новую прафесію. Напрыклад, у царквы забіралі метрыкі — там, дзе святары вялі запісы пра нараджэнні, смерці, разводы і гэтак далей — усё гэта перадавалася ў спецыяльныя аддзелы пры мясцовых органах улады.

Пазней савецкая ўлада правяла шэраг кампаній па знішчэнню царквы. Адной з першых і самай гучнай стала кампанія па ўскрыцці святых мошчаў у праваслаўных храмах і манастырах у 1919 годзе. Праз тры гады, у 1922 годзе, у Полацку ўскрылі мошчы Еўфрасінні Полацкай — іх адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, потым у Віцебску выставілі ў музеі. Усе гэтыя мерапрыемствы бальшавікоў негатыўна ўспрымала грамадскасць, але гэта не перашкодзіла савецкай уладзе працягваць.

Чарговы ўдар па царкве адбыўся падчас голаду, які пачаўся ў Паволжы і Паўднёвай Украіне. Гэта ўсё было наступствамі і Грамадзянскай вайны, і палітыкі ваеннага камунізму, і неўраджаю з засухай у 1921 годзе.

У 1921 годзе патрыярх Ціхан стварыў Усерасійскі камітэт дапамогі галадаючым, праваслаўная царква масава пачала дапамагаць і збіраць сродкі. З беларускага боку ўключыўся епіскап Мельхісэдэк. У беларускіх прыходах стваралі групы, якія збіралі грошы, каштоўнасці і харчаванне для галадаючых. І так здарылася, што ў цэнтры ўвагі аказалася царква, а не савецкая ўлада. Безумоўна, гэта выклікала не толькі незадаволенасць, але і крытыку: ціханаўскі камітэт праз паўтара месяца пасля стварэння назвалі «рассаднікам контррэвалюцыі». Тым не менш, дзякуючы Ціхану на праблему ў СССР звярнулі ўвагу іншыя краіны і пачалі дапамагаць.

крымінал беларусь, крымінальны падкаст, тру-крайм падкаст, крымінал у савецкай беларусі, крымінал у бсср, справа мінскіх царкоўнікаў, рэлігія ў бсср
Мельхісэдэк.

А што ж зрабіла савецкая ўлада? У канцы 1921 года, калі становішча з галадаючымі прыходзіла больш-менш у нармальны стан, у газетах пачалі з’яўляцца нататкі пра тое, што праваслаўная царква была абсалютна раўнадушная да народнага бедства і ўвогуле недастаткова дапамагла. Таму бальшавікі сказалі, што прадстаўнікі царквы павінны здаць царкоўныя каштоўнасці. Па сутнасці, гэта была толькі падстава, каб узбагаціць дзяржаўны бюджэт за кошт царквы. Такія рабаванні царквы праводзілі спецыяльна створаныя камісіі.

У сакавіку 1922 года беларускую камісію ўзначаліў Аляксандр Чарвякоў. Ужо напрыканцы красавіка таго ж года па храмах пачалі збіраць каштоўнасці. Беларускі епіскап Мельхісэдэк звярнуўся да вернікаў, і сама кампанія па БССР прайшла амаль без выступленняў і пратэстаў. Кропкава яны адбыліся ў розных месцах на Мазыршчыне. Зусім інакш адбіралі каштоўнасці ў каталіцкіх храмах, там развярнулася сапраўдная кампанія па знішчэнні саміх святароў.

Чэкісты вырашылі зрабіць царкоўны раскол, каб сілы праваслаўнай царквы сыходзілі не на барацьбу з дзяржавай, а на барацьбу паміж імі. Пра ўдзеле НКУС было створанае Вышэйшае Царкоўнае Упраўленне — яго падтрымала частка духавенства, якая называлася абнаўленцамі, і выступала супраць патрыярха Ціхана.

І тут на сцэну вяртаецца Мельхісэдэк. Мельхісэдэк (у міру — Міхаіл Паеўскі) паходзіў з сям’і святара з Гродзеншчыны. Ён з дзяцінства быў акружаны рэлігіяй і царквой, таму зусім зразумела, што пазней атрымаў адукацыю ў духоўнай семінарыі і акадэміі. З часам кар’ера пачала ісці ў гару, ужо ў 1919 годзе ён стаў кіраўніком Мінскай і Тураўскай епархіі. Мельхісэдэк быў вельмі адукаваным чалавекам, які ведаў шмат моваў, але савецкай уладай успрымаўся спачатку не як праблема, а як чалавек, з якім можна супрацоўнічаць. Мільхісэдэк і сам ішоў на супрацоўніцтва.

Мельхісэдэк, крымінал беларусь, крымінальны падкаст, тру-крайм падкаст, крымінал у савецкай беларусі, крымінал у бсср, справа мінскіх царкоўнікаў, рэлігія ў бсср
Мельхісэдэк.

Чэкісты вырашылі, што Мельхісэдэка трэба скарыстаць у барацьбе супраць Ціхана. Адпаведную інфармацыю паведамлялі асабіста Сталіну. Мельхісэдэк сапраўды прызнаў ВЦУ і пачаў ствараць Беларускую аўтаномную царкву, але як альтэрнатыву абнаўленцам.

У 1923 годзе Мельхісэдэка выклікалі ў Маскву, каб трымаць яго далей ад беларускіх спраў, а беларускім мітрапалітам абралі гомельскага епіскапа Сергія. Вернікі выступілі супраць Сергія, нават не пускалі яго праводзіць службы ў кафедральным саборы, а аднойчы нават закрылі ў рызніцы. У выніку, у 1924 годзе Мельхісэдэк вяртаецца ў Беларусь. 

Супраць Мельхісэдэка, які меў уплыў як сярод вернікаў, так і сярод святароў, выступала група абнаўленцаў. Абнаўленцы імкнуліся рэфармаваць царкву і, уласна, абраць новага іншага мітрапаліта. Тады ж абралі яшчэ аднаго мітрапаліта Серафіма — так у Беларусі стала два мітрапаліты.

Мельхісэдэк — галаўная боль чэкістаў

У 1924-м было відавочна, што Мельхісэдэк перашкаджае камуністам. У верасні таго ж года НКУС вырашыў распусціць арганізацыю, якая кіравала Мінскай епархіяй на чале з Мельхісэдэкам. Фармальна яе распусцілі з-за таго, што ў яе адсутнічала рэгістрацыя. У той жа час большасць членаў арыштавалі быццам бы за ўкрыццё царкоўных каштоўнасцей падчас іх збору галадаючым Паволжа.

2 лютага 1925 года расследаванне справы скончылася. Узгадняць будучы прысуд для святароў адправілі ў Маскву. Было вырашана правесці адкрыты судовы працэс. У газетах таго часу пра суд пісалі, што ён адбываецца не для таго, каб пакараць рэлігію, а каб пакараць злачынцаў.

Суд пачаўся 10 жніўня 1925 года. Суддзя — Паўлаў, пракурор — Нямытых. На лаўцы падсудных знаходзіўся Мельхісэдэк разам з клірам мінскага кафедральнага сабора. Гэта настаяцель мінскага кафедральнага сабора Аляксей Касцючэнка, пратаірэй Мікалай Цімінскі, ключар таго ж сабора Антоній Кіркевіч, пратаірэй Лаўр Васюковіч, святар Еўдакім Сабіла, дыякан Павел Шаркоўскі, а таксама рызнічныя Лідзія Прыеўская і Марыя Радзько.

Абвінавачванні былі цяжкія і тычыліся не толькі нібыта схаваных каштоўнасцей — сярод іх былі: контррэвалюцыйная дзейнасці і сувязь з белагвардзейскімі арганізацыямі. Па сутнасці, за такія абвінавачванні можна было не толькі трапіць за краты, але быць расстраляным.

Фармальна да святароў прычапіліся з-за ўтойвання каштоўнасцей. Падчас агульнасаюзнай кампаніі мінскія святары нібыта спрабавалі схаваць частку каштоўнасцей ад канфіскацыі. Па версіі чэкістаў, Мельхісэдэк арганізаваў супраціў кліру, а яшчэ дапамагаў белагвардзейцам у выгнанні і распаўсюджваў іх прэсу на тэрыторыі Савецкага Саюза.

Пракурор падчас працэсу расказваў, што святары гандлявалі з яўрэямі меддзю з праваслаўных абразоў, атрымлівалі грошы з Варшавы і шмат разоў фальсіфікавалі дакументы. Асобныя сведкі сцвярджалі, што мінскі клір быў у складзе манархічнай чорнасоценскай арганізацыі «Саюз рускага народа», якая ў той час была пад забаронай у Саюзе. Ніякіх пацвярджэнняў, акрамя домыслаў сведак, гэтаму не было.

рэлігія і камунізм, рэлігія ў ссср, рэлігія ў бсср
Суд у БССР. Выява створаная штучным інтэлектам.

Мельхісэдэк адмаўляў усе абвінавачванні. Падчас працэсу ён падкрэслівае сваю пазіцыю: лаяльнасць да савецкай улады і садзейнічанне ўсім яе распараджэннем. Настаяцель Касцючэнка больш упэўнена і, можна сказаць, з’едліва адказвае на пытанні пракурора і суддзі:

— Ці прызнаеце ўладу камуністычнай партыі?
— Я прызнаю любую ўладу, выбраную народнам.
— А савецкая ўлада не народам абраная?
Я не ведаю. — Кажа Касцючэнка.

Прэса, што была на працэсе, называе Мельхісэдэка і Касцючэнку антысаветчыкамі, якія арганізавана спрыяюць распаўсюджанню нянавісці сярод вернікаў да савецкай улады. Нягледзячы на тое, як прэса малявала суд над святарамі, на самім судзе ўсё складвалася інакш. Так, святары Васюковіч і Цімінскі ўвогуле адмовіліся ад паказанняў, якія даваліся на папярэднім следстве.

Мельхісэдэк быў пазбаўлены волі на тры гады. Аляксей Касцючэнка — 2 гады, Анатолій Кіркевіч і Лаўр Васюковіч — год турмы. Мікалай Цімінскі, Еўдакім Сібіла, Павел Шаркоўскі — шэсць месяцаў турмы, такое ж пакаранне было прадугледжанае для Прыеўскай і Радзько. Суд таксама пастанавіў, што ўсім асуджаным змянілі тэрмін на ўмоўны.

Мельхісэдэка адпусцілі з залы суда, і ён выступіў з прамовай перад натоўпам. Напрыканцы прамовы, як сцвярджаюць газеты таго часу, якія вялі рэпартажы, Мельхісэдэк крыкнуў: «Да здравствует советская власть!», а затым натоўп нібыта заспяваў «Інтэрнацыянал».

Мельхісэдэку не дазволілі вярнуцца ў Беларусь

Пасля мінскага працэсу Мельхісэдэк яшчэ некалькі разоў знаходзіўся пад следствам. Яго арыштоўвалі і вызвалялі, але ў Беларусь ён больш ніколі не змог вярнуцца. У 1928 годзе яго прызначылі ў Краснаярск, дзе ён правёў апошнія гады жыцця.

Мельхісэдэк памёр 17 мая 1931 года падчас падрыхтоўкі да літургіі. Яго пахавалі ў Маскве, нягледзячы на тое, што ён хацеў быць пахаваным у Беларусі.

Гэта быў падкаст «Галаваломка». Калі вам спадабаўся наш падкаст — абавязкова падзяліцеся з сябрамі, падпішыцеся на нас. Да сустрэчы ў наступным выпуску. У ім мы раскажам пра справу рэзнікаў: гучную справу 1925-га, калі савецкія ўлады пераследавалі не толькі праваслаўных і католікаў, але яшчэ і яўрэяў. Далей — будзе яшчэ цікавей.

Вярнуцца ўгару