«Справа мінскіх рэзнікаў». Як у БССР судзілі яўрэяў з-за мяса і замоўнага забойства

крымінал беларусь, крымінальны падкаст, тру-крайм падкаст, крымінал у савецкай беларусі, крымінал у бсср

У гэтым выпуску мы раскажам пра справу рэзнікаў — яўрэяў судзілі за спробу забіць канкурэнта па бізнесе. Але з самага пачатку за заказчыкамі сачылі міліцэйскія агенты і, як высветлілася пазней, спрабавалі адгаварыць ад забойства.

Рэзнікі і кашэрнае мяса

1925 год, Мінск. У тыя гады горад застаецца шматнацыянальным і шматкультурным месцам: яўрэйскія крамы і рамеснікі ўсё яшчэ застаюцца часткай гарадскога жыцця. І ў пачатку года выбухае скандал з-за кашэрнага мяса. Вядома, усё было крыху глыбей, аднак кашэрнае мяса і пытанне, хто яго павінен рэзаць, сталі не проста прычынай канфлікту, але ператварыліся ў вялікі судовы працэс.

Пачнем з рэзнікаў — хто яны такія? У яўрэйскай традыцыі спажыванне мяса дазваляецца толькі калі жывёла ці птушка былі забітыя правільным, кашэрным спосабам. Забоем займаліся спецыяльныя людзі. Іх называлі кашэрнымі рэзнікамі — шайхетамі. Шайхеты павінны былі быць набожнымі яўрэямі, ведаць яўрэйскія рэлігійныя законы і выкарыстоўваць спецыяльны нож (халеф). Хлопцы станавіліся рэзнікамі пасля атрымання традыцыйнай і вышэйшай рэлігійнай адукацыі, а затым вучыліся ў дасведчанага шайхета. Звычайна пасля гэтага малады шайхет здаваў экзамен у рабіна і атрымліваў дазвол на працу. Рэзнікі былі ключавымі асобамі ў забеспячэнні яўрэйскай абшчыны кашэрным мясам, іх моцна паважалі ў яўрэйскай супольнасці.

яўрэі ў бсср, яўрэі ў савецкай беларусі, яўрэйскія рэзнікі
Яўрэйскі рэзнік у пачатку мінулага стагоддзя. Выява створаная штучным інтэлектам.

Мінск у 1920-х гадах быў месцам, дзе старыя традыцыі і новая камуністычная ўлада сутыкаліся між сабой на кожным кроку. Мінскія рэзнікі стварылі нешта кшталту прафсаюза — уласную кампанію для абслугоўвання патрэбаў у мясе сярод мясцовых яўрэяў. Кампанія рэзнікаў кантралявала рынак і рэгулявала кошты. Іх штабам стала Нова-Красная сінагога ў Мінску. Фактычна мінскія рэзнікі вырашалі, хто можа працаваць рэзнікам, а хто — не.

Мінчукам перашкаджае віцебчук

У пачатку 1925-га ў Мінск прыехаў малады рэзнік з Віцебска па прозвішчы Дройкін. Ён не меў дазволу ад мінскіх рэзнікаў на працу, але пачаў займацца забоем жывёл — і за значны ніжэйшы кошт: калі кампанія яўрэйскіх мінчукоў брала 40 капеек за курыцу, то Дройкін зарабляў пяць капеек. Натуральна, такое развіццё падзей не выклікала задаволенасці ў мінскіх рэзнікаў, якія не змаглі змірыцца са з’яўленнем канкурэнта, які «падрэзаў» іх бізнес.

Так адзін з удзельнікаў кампаніі рэзнікаў — Зайчык — звярнуўся да крымінальніка Вайнгаўза па мянушцы Мейшкэ Гоман. Зайчык прапанаваў за адпаведную суму забойства Дройкіна. Спачатку Вайнгаўз не паверыў, але калі прапанову паўтарылі, то пайшоў у міліцыю і стаў супрацоўнічаць па гэтай справе. Вайнгаўзу ў пару далі міліцэйскага агента, якому выдумалі мянушку Янкель Блатны. Агент прысутнічаў з Вайнгаўзам на некалькіх сустрэчах з Зайчыкам, пры ім былі перададзеныя грошы за забойства.

яўрэі ў бсср, яўрэі ў савецкай беларусі, яўрэйскія рэзнікі
Яўрэйскія рэзнікі. Выява створаная штучным інтэлектам.

Дройкін нічога не ведаў пра тое, што плануецца яго забойства. Вайнгаўз па просьбе міліцыі прыехаў да Дройкіна і ўгаварыў яго паехаць з ім у аддзяленне, каб яго там схавалі. Суседзі бачылі, што Дройкін з’язджае з Вайнгаўзам, але ў міліцыі ім нічога не сказалі, тады яны звярнуліся ў прэсу. У гэты час па Мінску ўжо хадзілі чуткі пра забітага Дройкіна. Газета «Звязда» напісала пра тое, што малады рэзчык знік з крымінальнікам — і, магчыма, быў забіты.

Заказчыкі былі ўпэўненыя, што іх канкурэнт быў ліквідаваны. Зайчык зноў выйшаў на сувязь з «кілерам», каб аддаць рэшту з абяцанай выплаты за забойства і ўгаварыць Вайнгаўза з’ехаць з Мінска, каб схаваць канцы, але ўсе размовы і перадачы грошай фіксаваліся міліцэйскімі агентамі.

Арышт і суд

Узімку 1925 года Зайчыка, кіраўніка мінскіх рэзнікаў Якава-Тэў’ю Рапапорта і рэзніка Свержаноўскага арыштавалі. Справа была рэзананснай: яе мелі праводзіць на іўрыце — што цяпер можа падавацца незвычайным, але для Беларусі сярэдзіны 1920-х гадоў гэта было рэчаіснасцю.

На судзе Зайчык сказаў, што быў толькі інструментам і выконваў загады Рапапорта. А Рапапорт сцвярджаў, што грошы плаціліся не за забойства Дройкіна, а каб перадаць яму, каб той сышоў з рынку. Высветлілася, што Рапапорт сапраўды заплаціў Дройкіну, каб той больш не працаваў рэзнікам: Дройкін грошы ўзяў, але не адмовіўся ад прафесіі.

На судзе Дройкін здзіўляўся, што па Мінску ходзяць чуткі, нібы ён сам усё інсцэніраваў, каб праславіцца і папрасіў пачаць крымінальную справу супраць тых, хто распаўсюджвае такую інфармацыю.

Суд прызнаў усіх вінаватымі. Зайчык і Рапапорт атрымалі па тры гады пазбаўлення волі, Свержаноўскі — два. 

У наступным эпізодзе мы раскажам, як савецкая ўлада ў 1920-х гадах заразілася шпіёнаманіяй і масава судзіла людзей за працу на Польшчу.

Вярнуцца ўгару