Тры скандалы Белага дома, пра якія вы маглі не ведаць

белы дом, скандалы белага дома, скандалы ў зша, амерыканская палітыка

Скандалы вакол прэзідэнта Дональда Трампа — гэта не новая з’ява. Падобных гучных спраў можна налічыць дзясяткамі, а ў апошнія дзесяцігоддзі іх інтэнсіўнасць усё павялічваецца. З-за чаго яны разгараліся? Ці шмат амерыканскіх чыноўнікаў у іх траплялі? І які вынік для ўнутранай і нават знешняй палітыкі Злучаных Штатаў яны мелі?

PALATNO расказвае пра скандалы Белага дома.

«Скандал спадніц»

маргарэт ітан, скандалы ў белым доме, скандалы амерыканскай адміністрацыі, палітыка зша
Маргарэт Ітан.

Адзін з самых першых скандалаў у Белым доме. Ён разгарэўся ў 1829 годзе і працягваўся некалькі гадоў.

У цэнтры скандалу аказалася Маргарэт Ітан, жонка ваеннага міністра Джона Ітана ў адміністрацыі Эндру Джэксана. Маргарэт пазнаёмілася з Джонам Ітанам у гасцініцы ў Вашынгтоне, якую трымаў яе бацька. Аднак у той час дзяўчына была замужам за афіцэрам, які пазней памёр пры загадкавых абставінах. Пасля смерці першага мужа Маргарэт пабралася шлюбам з Джонам Ітанам, што ў тыя часы лічылася амаральным.

Упершыню ў амерыканскай гісторыі сацыяльная мараль стала прычынай палітычнага крызісу.

Жонкі іншых міністраў палічылі, што Маргарэт Ітан патрабуецца ізаляваць і не клікаць на афіцыйныя мерапрыемствы. Галоўнай змагаркай з Маргарэт стала жонка віцэ-прэзідэнта Фларыда Калхун. Прэзідэнт Эндру Джэксан падтрымліваў сям’ю Ітанаў, што не спадабалася віцэ-прэзідэнта Джону Калхуну. Джэксан запатрабаваў, каб жонкі міністраў спынілі байкот Маргарэт і прынялі яе. З заявы Джэксана і пачаўся скандал, калі не крызіс.

Да 1831 года амаль уся адміністрацыя Джэксана сышла ў адстаўку з-за канфлікту. Найбуйнейшы раскол адбыўся паміж прэзідэнтам Джэксана і віцэ-прэзідэнтам Калхунам. Іх раскол прывёў да таго, што Калхун не толькі страціў падтрымку прэзідэнта, але «пахаваў» сваю палітычную кар’еру.

Пасля Джэксан зблізіўся з Марцінам Ван Бюрэнам, які падтрымаў прэзідэнта ў канфлікце і стаў дзяржаўным сакратаром, а пазней і наступным прэзідэнтам.

Скандал «Ціпот Доўм»

альберт фол, скандалы ў белым доме, амерыканскія скандалы, амерыканская палітыка, палітыка зша
Альберт Фол.

У 1920-я гады амерыканскі ўрад валодаў буйнымі запасамі нафты, якія планавалі выкарыстоўваць у выпадку вайны. Рэзервы нафты закансервавалі і павінны былі захоўваць, але здарылася нечаканае.

Міністр унутраных спраў Альберт Фол у адміністрацыі прэзідэнта Гардынга таемна перадаў кантроль над двума буйнымі нафтавамі радовішчамі («Ціпот Доўм» і «Элк Хілз») без конкурснага адбору прыватным кампаніям Mammoth Oil Company і Pan American Petroleum Company. Узамен на гэта Фол атрымаў значныя сумы: сто тысяч долараў, каштоўныя падарункі і бясплатнае карыстанне маёмасцю.

Скандал разгарэўся ў 1922 годзе, калі журналісты і палітыкі пачалі падазраваць, што арэнда радовішчаў была незаконнай. У справу ўмяшаўся Сенат, які пачаў уласнае расследаванне. У 1924 годзе сенатар Томас Уолш знайшоў сувязь паміж Альбертам Фолам і нафтавымі кампаніямі. У тым жа годзе пачаўся судовы працэс.

Наступствы былі катастрафічнымі для Альберта Фола. У 1929 годзе яго асудзілі за хабар, хаця суд так і не змог даказаць, што ён атрымаў тыя сто тысяч долараў менавіта за кантракты з нафтавымі кампаніямі. Фолу далі год турмы. Ён стаў першым міністрам ЗША, які трапіў за краты.

Адміністрацыя прэзідэнта Гардынга шмат крытыкавалася, а яго прэзідэнцтва ўвогуле лічыцца прыкладам неэфектыўнага кіраўніцтва і карупцыі. Сам Уорэн Гардынг памёр у 1923-м — яшчэ да таго, як скандал дасягнуў піку.

«Ірангейт»

ірангейт, амерыканцы і іран, амерыканская палітыка, палітыка зша
Палкоўнік Олівер Норт падчас слуханняў у Кангрэсе ЗША.

Адзін з буйнейшых скандалаў у амерыканскай гісторыі мінулага стагоддзя адбыўся падчас прэзідэнцтва Рональда Рэйгана. Ён тычыўся незаконнай аперацыі з продажам зброі Ірану і фінансаваннем паўстанцаў у Нікарагуа.

Пасля Ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў 1979 годзе амерыканцы ўвялі эмбарга на пастаўкі зброі ў Іран. Аднак у 1985 годзе адміністрацыя Рэйгана таемна прадала Ірану зброю (гэта былі ракеты, запчасткі і г.д.) у абмен на вызваленне амерыканскіх закладнікаў, якіх утрымлівалі праіранскія групоўкі ў Ліване. Грошы, якія амерыканцы атрымалі ад здзелкі з іранцамі, далей пайшлі на фінансаванне контрас — паўстанцаў, якія змагаліся супраць сацыялістычнага ўрада ў Нікарагуа. Аднак тады фінансаванне контрас было забаронена на заканадаўчым узроўні Кангрэсам ЗША.

Асноўнай фігурай у скандале быў член Савета нацыянальнай бяспекі, палкоўнік Олівер Норт. Ён быў ключавым гульцом, які арганізоўваў лагістыку і фінансаванне. У таемнай аперацыі ўдзельнічалі іншыя дзяржаўныя органы ЗША, у тым ліку і ЦРУ. Рональд Рэйган настойваў, што не ведаў пра дэталі аперацыі, хоць некаторыя дакументы сведчаць пра іншае.

Гісторыя раскрылася ў 1986 годзе, калі СМІ паведамілі пра таемныя пастаўкі зброі ў Іран. Пасля журналісты высветлілі, што грошы ад продажу зброі ідуць на фінансаванне контрас. З-за гэтай інфармацыі Кангрэс ЗША стварыў спецыяльную камісію, якая расследавала гэту справу.

Чатырнаццаць чалавек былі прызнаныя вінаватымі ці былі абвінавачванымі ў справе незаконных паставак узбраення ў Іран і фінансавання паўстанцаў у Нікарагуа. Большасць асуджаных трапілі пад амністыю ў час прэзідэнцтва Джорджа Буша-старэйшага ў 1992 годзе. А Рональд Рэйган нават змог захаваць уладу, але давер да яго адміністрацыі значна пацярпеў.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

Усе баяцца рэцэсіі. А што гэта такое?

Хто абірае прэзідэнта ЗША? Расказваем, як уладкаваныя амерыканскія выбары

ЗША і гандлёвыя войны: чаму амерыканцы любяць пошліны і тарыфы


Вярнуцца ўгару