
Уладзімір Жылка — адна з найбольш трагічных і адначасова гераічных фігур у гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальнага адраджэння. Яго жыццё — шлях змагання, духоўных пошукаў і творчых адкрыццяў. Жыццё Уладзіміра Жылкі, як і многіх беларускіх літаратараў міжваеннага часу, абарвалася заўчасна. Але ён пакінуў моцны след у нашай гісторыі.
PALATNO расказвае пра Уладзіміра Жылку.
Змест
Шлях да свядомасці
Уладзімір Жылка нарадзіўся 27 мая 1900 года ў вёсцы Макашы на Навагрудчыне (цяпер — Нясвіжскі раён). Першую сусветную вайну сустрэў падлеткам. У 1916 годзе яго сям’я ўцякла ў Тульскую губерню. У эвакуацыі Уладзімір правёў каля года, а потым вярнуўся ў прыфрантавы Мінск разам з бацькам.
У Мінску Жылка вучыўся ў сельскагаспадарчай школе, а ў пасляваенны час далучыўся да беларускага вызваленчага руху. У пачатку 1920-х гадоў стаў часта бываць у клубе «Беларуская хатка», дзе пазнаёміўся з класікамі нацыянальнай літаратуры — Янкам Купалам, Змітраком Бядуляй, Максімам Чаротам.
У пасляваенны час Жылка далучыўся да партыі беларускіх эсераў, актыўна ўдзельнічаў у падполлі. Падтрымліваў сувязь з беларускімі газетамі, пісаў адозвы і патрыятычныя вершы для паўстанцаў.
Адукацыя, эміграцыя і вяртанне ў Беларусь
У 1921 годзе была заключаная Рыжская мірная дамова — Заходняя Беларусь стала часткай Польшчы. На той момант Уладзімір Жылка заставаўся ў Заходняй Беларусі і працягваў барацьбу за беларускую незалежнасць. Ён доўгі час супрацоўнічаў з Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй.
У той жа час пазнаёміўся з грамадскім дзеячам і пісьменнікам Леапольдам Родзевічам, які паўплываў на далейшае жыццё Жылкі. Некалькі гадоў Жылка жыў у Польшчы, але з-за пагрозы вайсковага прызыву вымушана выехаў у Літву, а пасля — у Латвію. У 1923 годзе Жылка па рэкамендацыі Родзевіча паехаў у Чэхаславакію, дзе атрымаў стыпендыю мясцовага ўрада і паступіў у Карлаў універсітэт у Празе.
Пражскі перыяд быў для Жылкі вельмі прадуктыўным. Там, да прыкладу, ён стаў ініцыятарам арганізацыі беларускага прагрэсіўнага студэнцтва і дапамагаў у выдавецкай дзейнасці многім выданням.
З Прагі Жылка часта прыязджаў у Савецкую Беларусь. І хутка вырашыў, што трэба прыняць савецкае грамадзянства — вярнуцца ў Беларусь яму настойліва раіў Родзевіч, каб «смакаваць марксізм».
Кар’ера пісьменніка ў БССР пайшла ў гару. Ён атрымаў пасаду ў Інбелкульце, працаваў у газетах «Беларуская вёска» і «Звязда». Ужо ў 1928 годзе Жылка звольніўся са «Звязды» з прычыны контрбеларусізацыйнай хвалі, але без працы не застаўся: выкладаў у Белдзяржкіно і музычным каледжы.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Паэт-духоўнік. Кім быў Казімір Сваяк?
Мы «ажывілі» беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц. Паглядзіце на іх!
Вясна вачыма беларускіх пісьменнікаў. Якая яна?
Хацеў быць пахаваным у Вільні, яго магіла застаецца ў Расіі
Улетку 1930 года Уладзіміра Жылку арыштавалі чэкісты па вядомай і сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пісьменнік не прызнаваў сябе вінаватым, але гэта, па сутнасці, не мела ніякага сэнсу: калегія АДПУ у 1931 годзе прыгаварыла яго да пяці гадоў ссылкі.
У тым жа годзе яго ссылаюць ва Уржум у Ніжагародскую вобласць. Там ён працягнуў працу — быў выкладчыкам літаратуры ў мясцовым каледжы.
Жылка на момант ссылкі ўжо хварэў на сухоты. Ён хацеў, каб яго пахавалі ў Вільні — горад, які шмат паўплываў на яго. Уладзімір Жылка памёр 1 сакавіка 1933 года ва Уржуме, пахаваны там жа.
Творчасць Жылкі — паміж надзеяй і трагедыяй
Уладзімір Жылка пачаў творчы шлях у 1918 годзе з верша «Покліч». У ранняй лірыцы Жылка супрацьпастаўляў лёсу свядомую барацьбу народа.
У філасофскім эсэ «Беларусь-Крыўя» вылучыў ідэю, што нацыянальная ідэнтычнасць — гэта духоўны і творчы змест, а не толькі тэрытарыяльная прыналежнасць. Жылка адхіляў як псеўдапатрыятызм, так і марксісцкае зневажанне нацыянальнай справы. Пісьменнік марыў пра сінтэз духоўнай і дзяржаўнасці Беларусі.
Уладзімір Жылка — мост паміж рамантызмам і авангардам, нацыянальнай класікай і еўрапейскай эстэтыкай. Ён шчыра любіў і перакладаў Шэлі, Бадлера, Ясенскага. Аднак у сваіх вершах і публіцыстыцы заставаўся глыбока беларускім. Цыкл «Вершаў спадзявання» — адказ песімізму, сцвярджэнне любові, веры і прыгажосці як сілаў духоўнага адраджэння.
Нават у ссылцы ён не перастаў быць беларускім паэтам. Яго «Тэстамент» — споведзь і запавет будучым пакаленням. У ім — цярпенне і годнасць, высакароднасць і праўда, што жыве далей, нягледзячы на рэпрэсіі і смерць.