
Вялікдзень — адно з самых любімых святаў у традыцыі беларускага народа. Яно спалучае ў сабе як старажытныя язычніцкія карані, звязаныя з абуджэннем прыроды, так і хрысціянскі сэнс — святкаванне Уваскрэсення Хрыста.
PALATNO расказвае пра Вялікдзень.
Змест
Паходжанне і час святкавання
Святкаванне Вялікадня мае даўнюю гісторыю. У дахрысціянскія часы ён быў прысвечаны сонцу і вясне, пачатку земляробчага сезона. Ёсць меркаванні, што менавіта з Вялікадня мог пачынацца каляндарны год. З прыходам хрысціянства свята атрымала новае значэнне — уваскрэсенне Хрыста.
Дата святкавання залежыць ад месячнага календара і адзначаецца ў першую нядзелю пасля поўні, якая наступае пасля веснавога раўнадзенства — паміж 4 красавіка і 8 мая. Гэта ўплывае і на іншыя народныя і царкоўныя святы: Масленіцу, Вялікі пост, Вербніцу, Радаўніцу ды іншыя.
Падрыхтоўка і абрады
Вялікдзень — кульмінацыя доўгага посту. Падрыхтоўка пачыналася загадзя: чысцілі хату, прыбіралі двор, гатавалі святочныя стравы.
У суботу — перад самым святам — вернікі ішлі на набажэнства, а ў вёсках запальвалі вогнішчы і чакалі апоўначы, калі званы абвесцяць: «Хрыстос уваскрос!»
Згодна з павер’ямі, ад гэтага звону прачынаюцца пчолы, пачынаюць спяваць птушкі, і першай сярод іх — салавей.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Вярба — важнае дрэва для беларусаў. У ёй жывуць нячысцікі, яна з’явілася пасля ўцёкаў ад шлюба
Святочны стол, яйкі, валачобнікі
Асноўным атрыбутам велікоднага стала з’яўляецца яйка — сімвал жыцця і адраджэння. Яго фарбавалі ў чырвоны колер (з дапамогай шалупіння цыбулі або кары дрэў), а таксама рабілі пісанкі і маляванкі.
Перад асвячэннем яйка крыху аблуплялі — каб «святасць» пранікла ўнутр. Яго кідалі ў ваду і ёю ўмываліся, каб быць здаровым. Захоўвалі таксама шкарлупінне, абрус, косткі — як абярэгі ад стыхій і бед.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Яйка — атрыбут Вялікадня. Наколі ён важны для беларусаў?
На Вялікдзень асабліва папулярнымі былі гульні з яйкамі: біткі (чыё яйка мацнейшае), качанне, адгадкі. Але ў гэты дзень нельга было сварыцца і біцца — іначай чакаў градабой.
Асобнае месца займалі валачобнікі — гурты хлопцаў і мужчын, якія хадзілі ад хаты да хаты, спяваючы валачобныя песні з пажаданнямі шчасця, здароўя і багатага ўраджаю. За песні гаспадары ўзнагароджвалі іх стравамі і прысмакамі.
Памяць продкаў і варажба
Беларуская велікодная традыцыя звязана і з культам продкаў. У многіх рэгіёнах у першы дзень свята ішлі на могілкі. На Радаўніцу неслі рэшткі асвечаных страў, каб «пачаставаць» памерлых.
Дзяўчаты варажылі, ці выйдуць замуж, пераскокваючы праз сані. Гаспадары чакалі першага госця, каб даведацца, хто народзіцца ў гаспадарцы — бычок ці цялушка.
Вялікдзень у беларусаў — гэта не проста каляндарнае свята. Гэта жыццесцвярджальная сіла, што злучае чалавека з прыродай і продкамі. Гэта свята вучыць нас шанаваць жыццё, звычаі, адзін аднаго.