
Сын Міндоўга, Войшалк, прайшоў незвычайны шлях ад воіна і ўладара да манаха і духоўнага чалавек — і зноў да князя, які захопліваў новыя землі і кіраваў новай дзяржавай. Войшалк стаў адной з ключавых фігур у кансалідацыі балцка-літоўскіх зямель і ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага, гуляў у далікатную гульню паміж Галіцка-Валынскім княствам, царквой і сіламі ўнутры бацькоўскай зямлі.
PALATNO расказвае пра Войшалка.
Змест
З дзяцінства ў барацьбе і палітычных гульнях
Войшалк нарадзіўся каля 1223 года. У 1246 годзе разам з бацькам Міндоўгам уцёк у Наваградак, дзе прыняў хрышчэнне па праваслаўным абрадзе. Дарэчы, Міндоўг прыняў каталіцтва, каб атрымаць карону ад Папы Рымскага. Рашэнне Войшалка ў далейшым мела важны палітычны падтэкст.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Міндоўг і ВКЛ: што рабіць, калі вакол крыжакі і татары — а табе трэба стварыць дзяржаву
На княжанні ў Наваградку Міндоўг пачынае доўгае саперніцтва з галіцка-валынскімі князямі, якое перарастае ў паўнавартасную вайну 1248-1254 гадоў. У 1254 годзе Міндоўг прайграе вайну, у той жа час Войшалк становіцца наваградскім князем.
Для захавання міру Наваградак быў перададзены пасля вайны сыну Данілы Галіцкага, Раману Данілавічу. Войшалка, хутчэй за ўсё, як закладніка адправілі ў Галіцкую зямлю, каб забяспечыць гарантыі бяспекі Рамана ў Наваградку. У той жа час сястра Войшалка і дачка Міндоўга пабралася шлюбам з яшчэ адным сынам Данілы Галіцкага, Шварнам.
Манаства, вяртанне ў вялікую гульню, варожасць Міндоўга
Некалькі гадоў Войшалк правёў у Палонінскім манастыры. Ёсць сведчанні, што ў гэтым час ён мог падарожнічаць і пабываць на тэрыторыі сучаснай Балгарыі.
У 1258 годзе Войшалку прыйшлося вярнуцца ў вялікую гульню. Па-першае, Даніла Галіцкі дазволіў яму вярнуцца на бацькаўшчыну. Вядома, што пасля вяртання ён заснаваў Лаўрышскі манастыр непадалёк ад Наваградка.
Аднак галоўнай задачай для Войшалка стала вяртанне Наваградка пад яго ўладу. Ён заключыў саюз з полацкім князем Таўцівілам і зноў стаў наваградскім князем. Магчыма, што Рамана Галіцкага пасля захопу Наваградка забілі. Пасля гэтага Даніла Галіцкі здзейсніў паход, але той скончыўся не вельмі паспяхова, бо ў гэты час на яго зямлю напалі татары, прыйшлося ісці назад.
У той жа час паміж Войшалкам і Міндоўгам магла ўзнікнуць варожасць. Гісторык Мікола Ермаловіч меркаваў, што Міндоўга магла не падабацца набожнасць сына і абранае праваслаўе, але, на думку гісторыка, справа палягала ў іншым: паміж Літвой і Наваградкам абвастрыліся адносіны з-за магчымага захопу і хрышчэнню.
Забойствы князей, саюз з Валынню і канец жыцця
У 1263 годзе Міндоўга забілі. Змоўшчыкі планавалі заняць месца і захапіць тэрыторыю, якую змог падпарадкаваць Міндоўг. Гэтымі змоўшчыкамі былі пляменнік Міндоўга, Траняты, і былы саюзнік Войшалка, полацкі князь Таўцівіл. У хуткім часе Траняты забіў Таўцівіла, каб той не змог прэтэндаваць на трон. А яшчэ праз некалькі месяцаў быў забіты і сам. Згодна з Хронікай Кракаўскага капітула, менавіта Войшалк з’яўляўся арганізатарам забойства Траняты.
На момант палітычнага крызісу, які ўскалыхнуў землі, Войшалк змог уцячы ў Пінск, а там атрымаў падтрымку ад Валыні. Затым пайшоў на Наваградак, дзе змог знішчыць астатніх змоўшчыкаў і праціўнікаў. Затым з дапамогай валынскага войска падпарадкаваў Нальшчаны, Дзяволтву, а таксама атрымаў прызнанне ад Полацка і Віцебска. Тэрыторыі, якія змог падпарадкаваць у той раз Войшалк, сталі яго важнейшым дасягненнем для ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.
Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што Войшалк быў марыянеткай у руках валынскіх князёў, не меў самастойнасці і не спадзяваўся яе атрымаць.
У 1267 годзе Войшалк нечакана перадаў уладу Шварну Данілавічу — той, што ажаніўся з дачкой Міндоўга. Такі ход не спадабаўся іншаму сыну Данілы Галіцкага, Льву Данілавічу. І тут версіі разыходзяцца. Па адной версіі, Льву не спадабалася адмова Войшалка перадаць уладу, таму яго забілі. Паводле іншай версіі, Шварн памёр да Войшалка, а затым Леў Данілавіч сустрэўся з Войшалкам, каб абгаварыць перадачу ўлады: Войшалк нібыта адмовіўся, тады і быў забіты.
* * *
Войшалк заклаў асновы для будучай дзяржавы, аб’яднаў ключавыя землі. Пасля смерці князя адбыўся пераварот — падрабязнасці дагэтуль застаюцца цьмянымі. Аднак у выніку да ўлады прыйшоў Трайдзен, які пачаў праводзіць антывалынскую палітыку.