Натхненне

Ці ёсць ваўкі на гербах беларускіх гарадоў? Расказваем, што яны значаць


Ці ёсць ваўкі на гербах беларускіх гарадоў? Расказваем, што яны значаць

PALATNO расказвае пра воўчыя гербы беларускіх мясцін.

Лагішынскі воўк з капытамі каня

У гербе Лагішына размешчаны незвычайны воўк, бо ў яго замест звычайных воўчых лапаў капыты каня. Цікава, што дагэтуль гісторыкі не могуць патлумачыць, чаму менавіта з конскімі капытамі з’явіўся лагішынскі воўк. У каралеўскім прывілеі Уладзіслава IV дакладна сказана, што на гербе мястэчка — воўк. Адкуль і чаму ў ваўка з’явіліся конскія капыты, гістарычная навука вытлумачыць не можа.

Разам з гэтым нельга сказаць, што лагішынскі воўк — міфічная істота. Міфічныя істоты неаднаразова былі на беларускіх гербах, напрыклад: у Старых Дарогах і Гальшанах быў кентаўр, у Красным Сяле на гербе змешчаны грыфон, а ў Слуцку — пегас.

Часцяком на гербах паказвалі напаўміфічных істот ці жывёл з элементамі іншых жывёл. Існаваў герб шляхецкага роду Антаневічаў з падобным гібрыдам: у ім спалучаліся галава і пярэднія ногі вяпрука з задняй часткай мядзвежага тулава.

КОРАТКА ПРА ЛАГІШЫН
Лагішын на Піншчыне вядомы ад 1552 года. У XVII стагоддзі паселішча ўжо было вядомае як мястэчка. Лагішын быў уладаннем Радзівілаў, Агінскіх і Любецкіх. У 1643 годзе кароль і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV надаў мястэчку магдэбургскае права. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка далучылі да Расійскай імперыі. У 1874 годзе ў Лагішыне адбылося найбуйнейшае выступленне мяшчан, бо іх пазбавілі зямельных надзелаў. У 1919 годзе Лагішын увайшоў у склад БССР, у 1921-м быў далучаны да Польшчы. У 1939 годзе зноў далучаны да БССР. Мястэчка было акупавана падчас Другой сусветнай вайны нацыстамі.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: У Віцебска было магдэбургскае права менш за 30 гадоў. Чаму горад яго пазбавілі?

Старажытны ваўкавыскі воўк

Упершыню гербавая пячатка Ваўкавыска з выявай галавы ваўка з’явілася каля 1540-х гадоў, калі горад быў часткай Вялікага княства Літоўскага. Беларускія навукоўцы змаглі адшукаць ваўкавыскую пячатку з выявай ваўка на дакументах, якія датуюцца 1633 годам. На дакументах таго часу воўчая галава была размешчана направа і ўверх. Такім чынам, Ваўкавыск з’яўляецца самым старажытным беларускім горадам, у якога на гербе выява ваўка.

У часы Расійскай імперыі ваўкавыскі герб быў зменены. Па-першае, у верхняй частцы знаходзіўся гродзенскі герб, а ў ніжняй быў воўк цалкам, а не яго галава.

У савецкі час герб Ваўкавыска быў таксама іншым, але ўсё роўна змяшчаў фігуру ваўка. Гісторыкі не лічаць яго гербам, а толькі гербападобным знакам, бо ён змяшчаў непрымальныя для беларускай геральдыкі элементы: назву населенага пункта, дату заснавання горада і т.п.

У сучаснай Беларусі герб горада стварылі на аснове герба 1845 года.

КОРАТКА ПРА ВАЎКАВЫСК
Ваўкавыск з’яўляецца адным з самых старажытных гарадоў Беларусі. У пачатку XIV стагоддзя горад стаў часткай ВКЛ. Быў уладаннем Ягайлы, а затым Вітаўта. У 1503 годзе Ваўкавыск атрымаў магдэбургскае права ад караля Аляксандра. Пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай горад апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. Ад 1921 да 1939 года Ваўкавыск быў у складзе Польшчы. Быў пад акупацыяй нацыстаў у часы Другой сусветнай вайны.