Амаль усе ведаюць пра беларускія прымаўкі і прыказкі, а што наконт беларускіх загадак? Пагарталі кнігу філолага і педагога з Мядзельшчыны Яўгена Рапановіча.
І цяпер PALATNO загадвае загадкі.
Яўген Рапановіч — беларускі філолаг, мовазнаўца, педагог. Нарадзіўся 27 верасня 1929 года ў Холме — тады гэта быў Вілейскі павет Віленскага ваяводства Польшчы, цяпер — Мядзельскі раён Мінскай вобласці Беларусі. Да Другой сусветнай вучыўся ў польскай школе, пасля пачатку вайны — у беларускай. Скончыў Пастаўскае педвучылішча, курсы ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, пасля — філалагічны факультэт БДУ. Яўген Рапановіч працаваў у школах Будслава, Дзягіля, Слабады і Мільчы. У 1960-1970-я — загадчык рэдакцыі мовы і літаратуры выдавецтва «Беларусь», выкладчык рускай мовы ў Гаванскім інстытуце імя Горкага, рэдактар Галоўнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, галоўрэд у «Народнай асвеце» і Дзяржкамвыдаце.
Навядзіце курсор мышы на загадку (або націсніце на яе, калі вы з мабільнай прылады), каб убачыць адказ на яе.
Чалавек, яго рэчы, часткі цела
- Зямля белая, насенне чорнае, пяцёра аруць, двое глядзяць, адзін кіруе.Чалавек піша
- Ішоў, ішоў — дзве дарогі знайшоў і ў абедзве пайшоў.Штаны
- Кожнаму трэба, а ніхто сам сабе не робіць.Труна
- Паміж двух свяціл я пасярэдзіне адзін.Нос
- Худы конь, а ўсё возера выпіў.Лыжка
- Прыйшоў госць без вясцей, паеў курачку без касцей — курачка цэлая і госць сыты.Дзіця і грудзі мацеры
- Два браты родныя праз мяжу жывуць, адзін аднаго думкі ведаюць, ды ніколі не бачацца.Вочы
- Качан не качан, ельнік не ельнік: ні з’есці, ні ссекчы, ні прайсціся.Галава
Рэчы і прылады працы
- Бяжыць свінка, стальная спінка, хвост канапляны.Іголка
- Вадкае, а не вада, белае, а не снег.Малако
- Вісіць сіта, а не рукамі звіта. Павуцінне
- Глядзіць хвігай, а ўсе цалуюць. Крэндзель
- Малатамі куюць і нам даюць. Грошы
- На адным месцы крыжоў дзвесце. Клубок
- У агні мокне, у вадзе сохне. Свечка
- Цэлы дзень кланяецца, а прыйдзе дамоў — расцягнецца. Сякера
Чытайце таксама: Дзесяць беларускіх загадак, якія вы адгадаеце не адразу
Расліны і жывёлы
- Баран стаіць, воўна дрыжыць. Асіна
- Бег кот, павесіў хвост на плот. Гарбуз
- Галаву ядуць, цела выкідаюць, а скуру носяць. Лён
- Два разы нараджаецца, адзін раз памірае. Птушка
- Круглая, ды не гарбуз, з хвастом, ды не мыш. Рэпа
- Лёг вусаты, а ўстаў гарбаты. Кот
- Паверх лесу агонь гарыць. Рабіна восенню
- Румяны Піліп да палкі прыліп. Яблык
- Семсот муляроў змуравалі дом без вуглоў. Мурашкі
- Чырвона, ды не дзеўка, зялёна, ды не дуброва. Морква
З’явы прыроды
- Без кораня, а расце. Камень
- Без ног, без крылаў, а да неба ўзнімаецца. Дым
- Белы, а не цукар, без ног, а ідзе. Снег
- Ні стучыць, ні гручыць — у аконца глядзіць. Сонца, месяц
- Сярод поля капыток ляжыць. Маладзік
- Уцячы — не ўцячэш, падняць — не падымеш. Цень
- Чырвонае карамысла праз рэчку павісла. Вясёлка
Тэхніка, культура, іншыя тэмы
- Без крылаў — ляціць, без голасу — свішча. Куля
- Дай піць — будзе гаварыць. Пяро і чарніла
- Кіну аб кацёл — не разаб’ецца, пушчу на ваду — расплывецца. Папера
- Не ткачыха, а адзявае; не шавец, а абувае; не гаспадыня, а корміць; не чараўніца, а цуды робіць. Хімія
- Паўзе чарапаха, стальная рубаха. Танк
- Ходзіць полем з краю ў край, рэжа чорны каравай. Трактар
- Дваццаць два чалавекі забіць мяне хочуць; як заб’юць, адзінаццаць радуюцца і адзінаццаць сумуюць, а я жывы застаюся. Футбольны сяч
- Вісіць ігруша — есці нельга, бо ў сярэдзіне агонь. Электрычная лямпачка