Натхненне

Фальшывыя грошы, рабункі, забойствы. За што ў Германскай імперыі шукалі і судзілі ўраджэнцаў Беларусі


Фальшывыя грошы, рабункі, забойствы. За што ў Германскай імперыі шукалі і судзілі ўраджэнцаў Беларусі

Як фальшываманетчык з Мінска некалькі разоў трапляў на лаву падсудных у судзе Гамбурга? Як банкаўскі службовец з гадавым бюджэтам Мінска на адукацыю змог знікнуць на тэрыторыі Германскай імперыі? І за што гродзенскі пекар, эміграваўшы ў Кёнігсберг, атрымаў шэсць гадоў турмы?

PALATNO расказвае, за што судзілі ўраджэнцаў Беларусі ў Германскай імперыі.

Фальшываманетчык з Мінска, які пабудаваў бізнес па эмігрантах у Гамбургу

У сакавіку 1884 года ў адной з газет Германскай імперыі з’явіўся кароткі запіс пра чалавека з вельмі доўгім імем — Ісаак Хаім Янкелевіч Камяніцкі (скарочана ён называў сябе Ісаак Турскі). Паведамлялася, што ён нарадзіўся ў Мінску, пэўны час жыў у Гамбургу, у якім атрымаў пяць гадоў катаржнай турмы за фальшываманецтва. Пасля вызвалення Ісаака Турскага вырашылі дэпартаваць з Германскай імперыі на радзіму.

Ісаак Турскі нарадзіўся ў 1839 годзе ў Мінску, пасля жыў у Наваградку. Невядома як і калі ён з’ехаў з беларускіх зямель. Аднак да сярэдзіны 1870-х гадоў Турскі жыў у Гамбургу і меў адзін з самых цікавых бізнесаў, што можна было завесці ў партовым горадзе.

Турскі займеў установу для эмігрантаў — гэта было штосьці накшталт сучаснага хостэла, дзе часова жылі эмігранты, які збіраліся ці далей абжывацца ў Германскай імперыі, ці ехаць далей у Злучаныя Штаты Амерыкі.

У XIX стагоддзі Гамбург быў адным з галоўных партовых гарадоў, з якіх еўрапейцы маглі дабрацца ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку. У сярэднім за год праз порт праходзілі дзясяткі тысяч эмігрантаў. Да стварэння спецыяльных эміграцыйных комплексаў людзі чакалі сваім караблёў у прыватных гасцініцах і пансіёнах. У падобнага бізнеса была не вельмі добрая рэпутацыя, бо частка гаспадароў і пасярэднікаў карысталася ўразлівасцю людзей, якія не ведалі мовы і мясцовых коштаў.

Ужо ў 1875 годзе бізнес Турскага прывёў яго ўпершыню ў залу суда. У яго адбыўся канфлікт яшчэ з адным гаспадаром эмігранцкай начлежкі. Яны пасварыліся з-за эмігранта, якога Турскі нібыта пераманіў у канкурэнта. Падчас канфлікту з канкурэнтам дачка Турскага, Джэнні Турскі, нібыта скрала медальён у мужчыны, з якім сварыўся бацька. Так, Ісаак і Джэнні апынуліся ў судзе і былі пакараныя грашовым штрафам. Пазней справу перагледзелі ў вышэйшай інстанцыі, а бацьку з дачкой апраўдалі.

Праз тры гады Турскі трапіў у больш складанае становішча. Яго абвінавацілі ў паўторным фальшываманецтве. У 1878 годзе Турскаму прысудзілі пяць гадоў катаржнай турмы. У Германскай імперыі гэта было цяжкае пакаранне, а тое, што здзейсніў Турскі адносілася да катэгорыі сур’ёзных злачынстваў.

Пасля адсідкі ў турме Ісаак Турскі адразу стаў непажаданай асобай у Германскай імперыі. У 1883 годзе паліцыя Гамбурга прыняла рашэнне аб яго высылцы з тэрыторыі дзяржавы. Што было далей з Турскім — невядома. Ён мог вярнуцца ў Мінск, пераехаць у іншую еўрапейскую краіну ці паспрабаваў зрабіць тое, што штодня рабілі кліенты яго колішняга бізнесу, — з’ехаць за акіян.

Скраў 12 тысяч рублёў і ўцёк з адной імперыі ў іншую

У чэрвені 1894 года гамбургская паліцыя атрымала незвычайную просьбу з Мінска. Ёй прапаноўвалі шукаць чалавека, Аўраама Малінава, які быў банкаўскім службоўцам і знік з вялікай сумай грошай. Мінскія ўлады меркавалі, што наступным пунктам падарожжа Малінава быў Гамбург, а канчатковай мэтай — ЗША.

Кароткую гісторыю Аўраама Малінава расказвала гамбургская газета Hamburger freie Presse. У нататцы адзначалася, што Аўраам Малінаў уцёк з Мінска з 12 тысячамі рублёў. Сума, з якой уцёк банкаўскі службоўца, была вялікай. Параўнайце: усе даходы гарадскога бюджэту Мінска ў 1895 годзе складалі 358 тысяч рублёў, а на народную адукацыю горад выдаткаваў за год толькі каля 9 250 рублёў.

Аднак працяг гісторыя не атрымала. Гамбургская прэса таго часу даволі ахвотна паведамляла пра затрыманні злачынцаў, асабліва замежнікаў. Пра Малінава Hamburger freie Presse больш не паведамляла. Ён мог дабрацца да іншага порта, і не толькі ў Германіі, ці ўвогуле змяніць сваё імя і прозвішча.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ: Бардэль у Буэнас-Айрэсе, падпал сінагогі, махлярства з золатам. Як і за што ў Брытанскай імперыі судзілі ўраджэнцаў Беларусі

Забойства паліцэйскага і выратаванне ад турмы

У лістападзе 1921 года адна з верхнесілезскіх газет надрукавала невялікую нататку пад назвай «Выратаваны ад катаржнай турмы». Героем нататкі стаў мужчына па прозвішчы Аляшэвіч з Мінска. За тры гады да гэтага нямецкі суд прысудзіў яму 15 гадоў катаржнай турмы за забойства паліцэйскага. Увесь час падчас следства і суда абвінавачваны сцвярджаў, што не забіў. Праз некалькі гадоў яго адвакат здолеў дамагчыся вызвалення. У нататцы падкрэслівалася, што хутчэй за ўсё першапачатковы прысуд мог быць памылковым.

У лютым 1918 года нямецкія войскі пачалі наступ пасля зрыву перамоў з бальшавікамі. Ужо 25 лютага 1918-га яны занялі Мінск. У горадзе і наваколлі ўсталявалі ваенную адміністрацыю. У гэты перыяд адбылася справа Аляшэвіча. Дарэчы, невядома дакладна, дзе адбылося злачынства — у Мінску ці іншым горадзе.

У 1918 годзе Аляшэвіч паўстаў перад судом пры вайсковай тылавой камендатуры. Само злачынства адбылося ноччу, калі нейкі чалавек звонку стрэліў праз вакно: куля забіла паліцэйскага. Вырашальным доказам віны Аляшэвіча, паводле газеты, сталі паказанні маці забітага. Яна сцвярджала, што, няглезячы на цемру, пазнала ў нападніку Аляшэвіча. Менавіта на яе сведчаннях грунтаваўся прысуд, хоць сам Аляшэвіч увесь час настойваў на сваёй невінаватасці.

Прысуд быў надзвычай цяжкім — 15 гадоў катаржнай турмы. Праз тры гады адвакат Аляшэвіча змог дамагчыся вызвалення свайго падапечнага, які знаходзіўся ў нямецкай турме.

Турма для гродзенскага пекара

Летам 1884 года мужчыну па імені Ізраэль Яноўскі павінен быў быць дэпартаваны з Германскай імперыі. Ізраэль быў падмайстрам пекара. Нарадзіўся ў Гродне ў 1859 годзе, а затым пераехаў за лепшым жыццём у Кёнігсберг.

Калі Ізраэлю было 19 гадоў — і на той момант ён ужо знаходзіўся ў Прусіі, — ён быў схоплены паліцыяй за спробу рабавання. Суд даў яму шэсць гадоў катаржнай турмы.

Прысуд Яноўскаму выглядае асабліва суровым, калі ўлічыць, што гаворка ішла толькі пра спробу рабавання. Паводле Крымінальнага кодэкса Германскай імперыі, звычайнае рабаванне каралася турмой ад аднаго года, а за асобныя цяжкія формы рабавання мінімальны тэрмін складаў пяць гадоў. Яноўскі ж атрымаў шэсць.

Рабаванне адбылося ў 1878 годзе. Праз шэсць гадоў, якія Яноўскі правёў за кратамі, яго вырашылі дэпартаваць з тэрыторыі Германскай імперыі.

Дзе менавіта гродзенец адбываў шасцігадовы тэрмін, невядома. Рашэнне аб яго высылцы з Германскай імперыі прыняў Regierungspräsident у Gumbinnen. На тэрыторыі гэтага адміністрацыйнага рэгіёна дзейнічала вялікая турма ў Істэрбургу (сучасны Чарняхоўск).