У папярэднім матэрыяле PALATNO пакінула свайго чытача ў змрочных і вільготных балотах Налібоцкай пушчы, адкуль у маі 1916 года падпаручніка Уладзіслава Страмінскага эвакуявалі ў тыл з лаканічнай пазнакай «па хваробе». Сямейная легенда, запісаная яго дачкой Нікай Страмінскай, сцвярджала, што менавіта тады, пасля жудаснага выбуху гранаты на перадавой, малады афіцэр назаўжды страціў руку, нагу і вока. Аднак архіўныя знаходкі польскіх даследчыц Івоны Лубы і Эвы Паўліны Вавэр абвяргаюць гэты міф, вяртаючы нам зусім іншага Страмінскага. Аказалася, што летам 1917 года ён усё яшчэ быў фізічна паўнавартасным афіцэрам і рыхтаваўся да вяртання на фронт.
Спецыяльна для PALATNO мы завяршаем наш гістарычны цыкл і разгортваем самыя таямнічыя старонкі яго жыцця — ад медыцынскіх загадак інваліднасці да нараджэння кахання, якое назаўжды змяніла сусветнае мастацтва.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
Страмінскі і Кобра — мастакі памежжа Беларусі, Польшчы і Літвы
Уладзіслаў Страмінскі вачыма дачкі: як Ніка Страмінская бачыла жыццё, мастацтва і драму бацькоў
«А апрача таго, я выйшла замуж». Якой была Кацярына Кобра вачыма дачкі
Мінск, у якім рос Уладзіслаў Страмінскі. Расказваем пра горад і жыццё мастака ў ім
Паміж Мінскам, Масквой і Пецярбургам: як жыў малады Уладзіслаў Страмінскі
Асавец, першыя заданні і ўзнагароды: ці стварыла мастака Уладзіслава Страмінскага вайна?
Мінамёт, цяжкае раненне і страчанае пакаленне: як Страмінскі прайшоў праз Першую сусветную вайну?
Чаму афіцэра эвакуявалі «па хваробе»?
24 мая (11 мая па старым стылі) 1916 года стала апошнім днём знаходжання падпаручніка Уладзіслава Страмінскага на фронце Першай сусветнай вайны. Яго сапёрная рота вельмі напружана працавала на пазіцыях каля беларускіх вёсак Замасцяны, Завоі і Ганчары ў Налібоцкай пушчы, дзе салдаты літаральна ўгрызаліся ў гразь, капаючы акопы і ладзячы бетонная ўмацаванні. Менавіта тады Страмінскі быў эвакуяваны ў тыл. У вайсковых часопісах і загадах яго роты з’явіўся вельмі сухі, але сенсацыйны для нас запіс: падпаручнік накіраваны ў шпіталь 57-й пяхотнай дывізіі «па хваробе». Ніводнага слова пра цяжкае раненне, выбух варожага снарада ці гранаты, а тым больш пра неадкладную ампутацыю канечнасцяў у гэтых дакументах няма.
Паводле Нікі Страмінскай, яе бацька нібыта пацярпеў у маі 1915 года каля Пяршаеў Навагрудскага ваяводства, калі салдат, які выходзіў з суседняга акопа, выпадкова выпусціў прыведзеную ў дзеянне гранату проста ў роў, дзе знаходзіўся афіцэр. У маі 1915 года Страмінскі наогул служыў у Асавецкай крэпасці, выпрабоўваў уласны мінамётны апарат і камандаваў сапёрамі падчас славутай «Атакі мерцвякоў». Больш за тое, Налібоцкая пушча і Пяршаі фігуруюць у яго службе значна пазней, калі лінія фронту стабілізавалася ў багністых лабірынтах. Ніка Страмінская, якая не мела доступу да закрытых расійскіх ваенных архіваў, міжволі аб’яднала розныя ваенныя эпізоды і даты ў адну драматычную секунду выбуху.
Даследчыцы Івона Луба і Эва Паўліна Вавэр даказваюць, што эвакуацыя Страмінскага ў Маскву праходзіла па стандартных працэдурах. Яго перавезлі на адным з санітарных цягнікоў, які штодня дастаўляў у тылавыя гарады сотні параненых і хворых салдат.
Таямніца «шпіталя Прохарава» і сцены Строганаўкі
У кнізе ўспамінаў Нікі Страмінскай сцвярджаецца, што лячэнне і аднаўленне яе бацькі пасля хваробы праходзілі ў маскоўскім шпіталі імя Прохарава, дзе ён прабыў больш за тры гады і сустрэў там маладую гімназістку Кацярыну Кобра. Аднак Луба і Вавэр правялі аналіз маскоўскіх даведнікаў ваеннага часу і высветлілі дзіўную рэч: ніякай дзяржаўнай ці ваеннай медыцынскай установы пад назвай «шпіталь імя Прохарава» ў Маскве ніколі не існавала.
Мікалай Прохараў быў знакамітым і вельмі багатым расійскім прамыслоўцам. На пачатку Першай сусветнай вайны, калі Масква сутыкнулася з катастрафічным недахопам свой прыватны дом пад лазарэт.
Частка параненых афіцэраў размяшчалася ў вялікім шпіталі на тысячу ложкаў, які быў адчынены Гарадскім крэдытным таварыствам у самым сучасным будынку тагачаснай Масквы — новай сядзібе Імператарскай Строганаўскай школы прамысловага мастацтва (так званай Строганаўцы). Менавіта Строганаўка пасля рэвалюцыі ператварылася ў СВОМАС (Вольныя дзяржаўныя мастацкія майстэрні), дзе пачалі выкладаць лідары авангарду, у тым ліку Казімір Малевіч.
Чаму ў ліпені 1917 года Страмінскі яшчэ быў вайскоўцам?
Самым ашаламляльным адкрыццём, якое цалкам пераварочвае ўяўленні пра інваліднасць Страмінскага, з’яўляюцца знойдзеныя у Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве дакументы Штаба Маскоўскай вайсковай акругі за 1917 год. У гэтай перапісцы падрабязна разглядаецца пытанне аб далейшай прыдатнасці да вайсковай службы і лёсе партупей-юнкера, а затым падпаручніка і паручніка Уладзіслава Страмінскага. Гэтыя паперы сведчаць пра тое, што мастак сустрэў лета 1917 года… са сваімі рукамі і нагамі!
Згода з афіцыйным рапартам камандзіра I Маскоўскага пункта размеркавання і эвакуацыі ад 2 ліпеня (19 чэрвеня) 1917 года, Страмінскі быў прыняты ў спісачны склад пункта яшчэ 17 чэрвеня 1916 года. Праз год, 14 мая (1 мая па старым стылі) 1917 года, ён з’явіўся перад афіцыйнай вайскова-медыцынскай камісіяй. Медыцынскае заключэнне №761, зацверджанае ваенна-санітарным інспектарам Маскоўскай акругі, вызначыла Страмінскага ў 2-ю групу 1-й катэгорыі здароўя. Гэта азначала, што афіцэр быў прызначаны прыдатным да вайсковай службы з адтэрміноўкай пераводу на фронт да 17 жніўня 1917 года.
30 мая (17 мая) 1917 года Страмінскі атрымаў афіцыйны адпачынак па хваробе на адзін месяц і накіраваўся ў роднае асяроддзе, у Мінск да бацькоў. З адпачынка ён своечасова не вярнуўся, таму ваеннае камандаванне пачало яго пошукі. У ліпені 1917 года Страмінскі быў адкамандзіраваны ў распараджэнне камандзіра яго 39-й Самастойнай сапёрнай кампаніі. У кастрычніку 1917 года Штаб Галоўнага ўпраўлення дазволіў перавесці яго ў інжынерную роту 1-й Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі.
У 1917 годзе расійскай армія перажывала катастрафічны распад дысцыпліны пасля прыняцця знакамітага «Загаду №1» часовага ўрада. Салдаты адмаўляліся капаць акопы, зневажылі і збівалі афіцэраў, здзіралі з іх пагоны. У такіх умовах востра бракавала кадравых інжынераў, бо іх засталося каля 4% ад даваеннага складу. Камандаванне настойліва патрабавала неадкладна адправіць паручніка Страмінскага на фронт. Калі б летам 1917 года Страмінскі не меў рукі і нагі, ніводная вайсковая камісія не магла б прызнаць яго прыдатным і адправіць у дзеюячую сапёрную роту.
Сапраўдная гісторыыя скалечання
Калі ў ліпені 1917 года Страмінскі быў фізічна здаровы, калі і пры якіх абставінах ён страціў свае канечнасці? У гэтым дапамагае грунтоўная праца доктара медыцынскіх навук і ваеннага гісторыка Марыі Ёанны Турас. Даследчыца звярнула ўвагу на архіўныя фатаграфіі Страмінскага з пляжаў у Халупах (Польшча), зробленыя ў 1928 і 1939 гадах. На целе мастака няма ніводнага шнарыка або следу ад асколкаў гранаты, пра якія пісала дачка. З пункту гледжання ваеннай хірургіі, выбух гранаты ў акопе не мог выбарачна адарваць левую руку і правую нагу, не закрануўшы хрыбетнік, грудную клетку і жывот.
Ампутацыя часткі левага перадплечча Страмінскага была выканана не ў спешцы ў палявым лазарэце, а ў нармальным, добра абсталяваным тылавым шпіталі. Яна зроблена па метадзе «фізіялагічнай ампутацыі» (стварэнне хірургічнай куксы, аптымальнай для далейшага хуткага пратэзавання). Марыя Ёанна Турас выказвае сенсацыйную гіпотэзу: ампутацыя левай рукі і правай нагі мелі дзве абсалютна розныя медыцынскія прычыны адбыліся ўжо ў маскоўскіх шпіталях паміж канцом 1917 і пачаткам 1918 гада.
Прычына страты левай далоні крыецца ў хімічным атручванні хлорам падчас «Атакі мерцвякоў» пад Асаўцом у жніўні 1915 года. Страмінскі быў тады цяжка паранены куляй у правае плячо, правая рука была паралізаваная болем і моцным крывацёкам. Хутчэй за ўсё, тады ён зняў пальчатку з левай рукі і трымаў ёю халодную металічную рукаяць рэвальвера ці пісталета. Хлор, які хмарамі вісеў у паветры, раствараўся ў ранішняй расе, утвараючы высокаканцэнтраваную саляную кіслату. Пры кантакце з металам і голай скурай гэты выклікала моцны хімічны апёк. Малады афіцэр у віры адступленняў і будаўніцтва ўмацаванняў не надаў значэння гэтай ране. Аднак медыцыне вядома, што нават нязначныя хімічныя апёкі хлорам могуць выклікаць сур’ёзныя трафічныя змены і некроз ткані праз месяцы і нават гады пасля таксічнага кантакту. Гэты працэс павольна разбураў руку Страмінскага.

Страта правай нагі стала вынікам суровага акопнага побыту ў зімовых Налібоцкіх балотах. Сапёры месяцамі працавалі ў ледзяной вільгаці, з-за чаго ў салдат масава развівалася так званая «траншэйшая (акопная) стапа». Гістарычныя дакументы тых часоў Першай сусветнай вайны захавалі жудасныя дэталі акопнага побыту на лініі фронту Смаргонь — Крэва. Ваенныя дактары таго часу згадвалі, што з-за багністай беларускай глебы вада ў акопах стаяла па калена. Салдаты не разуваліся тыднямі, іх ногі ператвараліся ў суцэльныя пухліны, а ў палявых шпіталях скураныя боты часта даводзілася разразаць нажамі прама на хворых, каб выратаваць людзей ад гангрэны і ампутацыі.
Хімічнае атручванне хлорам знявечыла і іншыя органы мастака. Пашкоджанне правага вока, зафіксаванае ў польскай інваліднай кніжцы як «атрафія глядзельнага нерва і цэнтральныя змены сятчаткі», таксама стала вынікам кантакту з атрутнымі газамі на пазіцыях.
Яшчэ больш трагічным аказаўся ўплыў хлору на лёгкія. У снежні 1952 года Страмінскі памёр, афіцыйна — ад сухотаў. Доктар Турас сцвярджае, што хімічнае разбурэнне тканак лёгкіх хлорам у тагачасных умовах было амаль немагчыма адрозніць ад сухотаў без сучаснай дыягностыкі. Хутчэй за ўсё, мастак памёр ад цяжкай прагрэсавальнай дыхальнай недастатковасці, якая мучыла яго ўсё жыццё.
Нараджэнне авангарднага саюза: Кацярына Кобра і «смерць» афіцэра
Канец 1917 года прынёс з сабой не толькі кастрычніцкі пераварот і пачатак крывавай грамадзянскай вайны, але канчатковы калапс ранейшага жыцця паручніка Страмінскага. Старая імператарская армія перастала існаваць, а яе афіцэры ператвараліся ў ворагаў новай улады. У той жа час Страмінскі перажыў ампутацыю рукі і нагі.
У цяжкі фізічны і псіхалагічны момант жыццё зрабіла Страмінскаму найвялікшы падарунак — сустрэчу з Кацярынай Кобра. Кацярына, дачка рускага двараніна нямецкага паходжання, нарадзілася ў Маскве і вучылася скульптуры ў Строганаўскай школе. Яна была неверагодна таленавітай, смелай і незалежнай мастачкай круга Казіміра Малевіча, якая ўспрымала скульптуру не як масу, а як арганізацыю адкрытай прасторы. Дзяўчына палка закахалася ў скалечанага, бязрукага і бязногага былога паручніка, які перасоўваўся на мыліцах.
Іх грамадзянскі шлюб адбыўся ў Смаленску на мяжы 1921-1922 гадоў. Кобра паведаміла сваёй маці пра гэту падзею лаканічна: «А апрачаа таго, я выйшла замуж». У 1920-я гады яны пераехалі ў Польшчу, дзе напружана працавалі ў Шчэкацінах, а затым у Лодзі, развіваючы тэорыю ўнізму ў жывапісе і скульптуры.
У лістападзе 1936 года ў іх нарадзілася дачка Ніка. Яна з’явілася на свет на тры месяцы раней тэрміну, і маладая сям’я праходзіла праз кашмпар барацьбы за яе жыццё.
У верасні 1939 года вайна зноў уварвалася ў іх дом. Страмінскія ўцяклі з Лодзі на беларускія землі, у Вілейку. Там яны заставаліся дзевяць месяцаў. Для сям’і гэта быў перыяд штодзённага подзвігу, галоўны цяжар якога лёг на плечы Кацярыны Кобры. У Вілейцы яны туліліся ў халодным драўляным пакойчыку над Віліяй. У цяжкіх умовах нарадзіўся бессмяротны графічны шэдэўр Страмінскага — цыкл «Заходняя Беларусь».
Пасля вяртання ў акупаваную Лодзь пачаўся паступовы і балючы распад саюза Страмінскага і Кобра. Кабра, ратуючы дачку ад голаду, падпісала так званы «рускі спіс», чаго Страмінскі, які адчуваў сябе патрыётам, ніколі ёй не дараваў. Іх узаемная нянавісць пасля вайны ператварылася ў судовыя працэсы і поўны разрыў.
Кобра памерла ў 1951 годзе ва ўзросце 53 гадоў у поўным забыцці і фізічным знясіленні ад анкалагічнай хваробы. Праз год, у снежні 1952-га, адышоў і сам Страмінскі, адарваны камуністычнамі ўладамі ад сваёй Акадэміі мастацтваў у Лодзі. Іх дачка Ніка прысвяціла жыццё таму, каб захаваць іх чалавечы і творчы вобраз для нашчадкаў.
* * *
Сёння, на адлегласці больш як стагоддзя ад апісаных падзей, мы бачым, што гісторыя Уладзіслава Страмінскага і Кацярыны Кобра — гэта глыбокі космас усходнееўрапейскага памежжа. Яны нарадзіліся і сфарміраваліся на скрыжаванні культур Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі, а разам стварылі мастацтва, якое немагчыма замкнуць у нацыянальных межах адной дзяржавы. Іх спадчына належыць усяму свету.
Дзякуючы навуковаму адкрыццю Івоны Лубы і Эвы Паўліны Вавэр, мы нарэшце вызвалілі біяграфію мастакоў ад шматгадовых міфаў і вярнулі ёй гістарычную праўду. Яна аказалася значна больш складанай, чалавечнай і велічнай, чым любыя прыгожыя легенды. Сапёрны інжынер, які будаваў умацаванні і выжываў у балотах Налібоцкай пушчы, пераплавіў гэты страшны досвед у чысты і гарманічны парадак унізму. Ён паказаў нам, што нават калі чалавечы свет цалкам руйнуецца ў хаосе вайны і рэвалюцыі, сіла духу здольная ствараць на яго месцы новы Сусвет.




